Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міт Ромні — фаварыт праймэрыз у Нью-Гэмпшыры


Сёньня ў штаце Нью-Гэмпшыр адбудуцца першыя праймэрыз у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2012 году ў ЗША. Рэспубліканскі электарат гэтага невялікага штату будзе выбіраць канкурэнта дзейнаму прэзыдэнту Бараку Абаму.

Традыцыйна праймэрыз у Нью-Гэмпшыры з увагі на вялікае зацікаўленьне імі ў амэрыканскіх СМІ лічацца вельмі важнай палітычнай падзеяй, хоць удзельная вага галасоў гэтага штату нязначная. Нью-Гэмпшыр высылае ўсяго 12 дэлегатаў на нацыянальны рэспубліканскі зьезд, які будзе вырашаць пытаньне аб намінацыі рэспубліканскага кандыдата. Для прыкладу, на нацыянальным рэспубліканскім зьезьдзе ў 2004 годзе ўдзельнічалі больш за 2,5 тысячы дэлегатаў з усёй краіны.

Вынікі апытаньняў грамадзкай думкі, апублікаваныя напярэдадні галасаваньня ў Нью-Гэмпшыры, сьведчаць пра бясспрэчнае лідэрства былога губэрнатара штату Масачусэтс Міта Ромні. За яго гатовыя прагаласаваць ад 35 да 40 адсоткаў выбарцаў. Такім чынам, ад свайго найбліжэйшага канкурэнта, кангрэсмэна Рона Пола, Міт Ромні адарваўся на 17 адсоткаў. За былога сэнатара Рыка Санторума пакуль гатовыя прагаласаваць толькі 11 адсоткаў рэспубліканскага электарату Нью-Гэмпшыру. Такі ўзровень папулярнасьці супернікаў Ромні напярэдадні першых праймэрыз не дазваляе нікому зь іх прэтэндаваць на ролю рэальнага апанэнта галоўнага кандыдата.

Адным з пунктаў выбарчай праграмы Ромні зьяўляецца стварэньне новых месцаў працы. Над гэтым пунктам напярэдадні праймэрыз іранізаваў яго апанэнт, губэрнатар Тэхасу Рык Пэры:

Міт Роўмні і Рык Пэры
Міт Роўмні і Рык Пэры
«Я не сумняваюся, што Міт Ромні занепакоены звальненьнямі. Так, яго трывожыў недахоп блянкаў для звальненьняў, калі ён быў кіраўніком фінансавай кампаніі „Бэйн Кэпітал”, і яго кампанія зарабляла грошы, скарачаючы працоўныя месцы ў купляных ім фірмах».

Губэрнатар Тэхасу спасылаецца на мінулае Ромні, які быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў інвэстыцыйнай кампаніі "Бэйн Кэпітал". Гэтая фірма скупляла кампаніі зь фінансавымі праблемамі, рэарганізавала іх, як правіла, скарачаючы штаты, і пазьней прадавала зь немалым прыбыткам. Сам Ромні лічыць, што набыты ім досьвед мэнэджэра, які меў справу з рэальнай эканомікай, выгодна адрозьнівае яго ад Барака Абамы, каманда якога пакуль ня можа стабілізаваць эканамічную сытуацыю ў ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG