Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пераможа на праймэрыз у Нью-Гэмпшыры?


Сёньня ў Злучаных Штатах – чарговы этап выбарчай кампаніі, папярэднія выбары ў штаце Нью-Гэмпшыр.


Папярэднія выбары ці праймэрыз – своеасаблівая рэпэтыцыя агульнанацыянальных выбараў прэзыдэнта. Сёньня выбаршчыкі невялікага штату на паўночным усходзе ЗША прыйдуць да выбарчых скрыняў і вызначаць, каго б яны хацелі бачыць на пасадзе прэзыдэнта краіны.
На мінулым тыдні ў штаце Аява прайшлі кокусы – партыйныя сходы штату. 5 лютага праймэрыз адбудуцца адразу ў 20 штатах.
Роля кокусаў і праймэрыз у палітычным жыцьці ЗША – сьведчаньне таго, што дэмакратыя, гэта ня толькі законы, але і традыцыі. Ні кокусы, ні праймэрыз не прадугледжаныя законамі, іх вынікі ня маюць юрыдычнай сілы. Але яны ў пэўнай меры вызначаюць, хто стане кандыдатамі ад дзьвюх галоўных партый краіны.
Кокусы ў Аяве, што адбыліся на мінулым тыдні, прынесьлі сэнсацыйныя вынікі, Гілары Клінтан, лідэрка гонкі, якую летась мэдыі ўжо палічылі кандыдатам ад дэмакратаў, апынулася на трэцім месцы, прапусьціўшы наперад былога губэрнатара Паўночнай Караліны Джона Эдвардса, а на першым месцы апынуўся 47-гадовы чорнаскуры сэнатар ад Ілінойсу Барак Абама.
Малы штат краіну не прадстаўляе, але пасьля кокусу ў Аяве Абама апярэджвае Клінтан у апытаньнях па краіне ўжо на 10 працэнтных пунктаў. Учора ў Нью-Гэмпшыры, калі выбаршчык спытаў яе, як яна вытрымлівае напружанасьць кампаніі, Гілары Клінтан ледзь не заплакала:
“Некаторыя людзі думаюць, што выбары – гэта гульня, у якой адны ідуць уверх, а іншыя ўніз. Але насамрэч тут справа ідзе пра лёс нашай краіны, пра будучыню нашых дзяцей, і пра нас усіх таксама”.
Але яна трымае ўдар, заявіўшы, што будзе працягваць барацьбу незалежна ад вынікаў праймэрыз у Нью Гэмпшыры. Дарэчы, у 1992 годзе яе муж Біл прайграў і кокус у Аяве, і праймэрыз у Нью-Гэмпшыры, але ўсё ж стаў спачатку кандыдатам ад дэмакратаў, а потым і прэзыдэнтам. У амэрыканскай гісторыі здаралася па-рознаму. У 1976 годзе зь перамогі на кокусе ў Аяве пачаўся шлях да Белага Дому да таго малавядомага Джымі Картэра. У 1980 годзе бацька цяперашняга прэзыдэнта Джордж Буш перамог у Аяве Рональда Рэйгана, але кандыдатам ад партыі, а потым прэзыдэнтам стаў Рэйган.
Праймэрыз у Нью-Гэмпшыры – больш паказальны этап, чым кокус у Аяве, перамога ў Нью-Гэмпшыры дапамагла ў свой час Эйзэнхаўэру, Рэйгану і Картэру. Прэзыдэнт Ліндан Джонсан, прайграўшы праймэрыз у Нью-Гэмпшыры, адмовіўся ад вылучэньня кандыдатуры на другі тэрмін.
У прынцыпе абедзьве формы папярэдніх выбараў па-першае, трамплін для малавядомых кандыдатаў – той, хто перамагае на іх, атрымлівае шанец, у тым ліку і шанец сабраць грошы на сваю кампанію. А па-другое, гэта так бы мовіць, нож для слабых кандыдатаў – у кампанію таго, хто прайграе праймэрыз, наўрад ці будуць укладаць грошы палітычныя донары. Да таго ж выбар дэлегатаў на зьезды партый, на якіх уласна ў будуць вызначацца кандыдаты на прэзыдэнта, робіцца ў адпаведнасьці вынікаў праймэрыз і кокусаў: чым больш іх выйграе кандыдат, тым больш дэлегатаў – яго прыхільнікаў паедзе на зьезд.
Праймэрыз у Нью-Гэмпшыры можа вырашыць лёс спаборніцтва Абамы і Клінтан. Абама спадзяецца паўтарыць аяўскі посьпех. Шмат каму падабаецца, што ён у сваёй кампаніі робіць акцэнт не на партыйныя адрозьненьні з рэспубліканцамі, а на пераадоленьне палітычнага расколу.
Абама: “Людзі падняліся не з прычыны апазыцыі Джорджу Бушу. Гэта вельмі проста – быць супраць чагосьці. Але людзі пайшлі галасаваць у Аяве, бо яны хочуць быць за нешта. Яны хочуць пацьвердзіць, што мы можам быць разам, як адзіная нацыя, што няма непазьбежнага падзелу на штаты рэспубліканцаў і штаты дэмакратаў. Мы ня толькі сукупнасьць індывідумаў, мы можам быць разам, мець вялікія мары і рабіць вялікія справы”.
У рэспубліканцаў спаборніцтва пакуль менш драматычнае. У Аяве на кокусе перамогу атрымаў былы прапаведнік і губэрнатар Арканзасу Майк Хакабі, на другім месцы апынуўся былы губэрнатар Масачусэтсу Міт Ромні. За Хакабі агітуе зорка кінаэкрану, “тэхаскі рэйнджэр” Чак Норыс. Але паводле апытаньняў і Хакабі і Ромні саступаюць сэнатару Джону Маакэйну – вэтэрану віетнамскай вайны, вядомага падтрымкай вайны ў Іраку і жорсткім стаўленьнем да пуцінскай Расеі. Маккэйн не ўдзельнічаў у кокусе ў Аяве, у Нью-Гэмпшыры ён уступае ў барацьбу.
Асаблівасьць кокусаў і праймэрыз у тым, што нават самы працэс вылучэньня кандыдатаў ад партый ставіцца ў залежнасьць ад волі шараговых выбаршчыкаў. Прэтэндэнты носяцца па штатах, дзе адбываюцца кампаніі, праводзяць дзесяткі сустрэчаў і мітынгаў, сустракаюцца з тысячамі людзей, прапануючы ім свае рэцэпты вырашэньня праблем, што стаяць перад краінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG