Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г. Клінтан і Д. Маккейн – лідэры праймэрыз у Нью-Гэмпшыры


«Вяртаньне»: па выніках праймэрыз у Нью-Гэмпшыры лідарамі Гілары Клінтан і Джон Маккэйн. Выбарчая кампанія ў ЗША робіцца больш непрадказальнай.

Дэмакратыя – рэч непрадказальная. Пасьля партыйных сходаў у штаце Аява на мінулым тыдні, якія прынесьлі перамогу дэмакрату сэнатару ад Ілінойсу Бараку Абаму, а Гілары Клінтан апынулася на трэцім месцы, многія экспэрты ўжо амаль пахавалі шанцы жонкі былога прэзыдэнта ЗША.

Учора і сама спадарыня Клінтан падчас сустрэчы з выбарцамі ледзь не расплакалася, гаворачы пра хаду выбарчай кампаніі. Але яе воля да перамогі засталася непахіснай. І праймерыз , якія ўчора прайшлі ў штаце Нью-Гэмпшыр, абверглі папярэднюю тэндэнцыю і прынесьлі Клінтан пераканаўчую перавагу: за яе кандыдатуру прагаласавала 39% выбарцаў, а за аяўскага пераможцу Абаму – 36%. Сёньня сьлез у вачах Гілары Клінтан ужо не было.

ЗША - прэтэндэнтка на прэзыдэнкую пасаду ад Дэмакратаў сэнатарка зь Нью-Ёрку Гілары Клінтан у Нью-Гэмпшыры, 08.01.2008
Клінтан: «Я прыйшла сёньня ўвечары зь вельмі шчырым сэрцам і я хачу спэцыяльна падзякаваць Нью-Гэмпшыру. На працягу мінулага тыдня я слухала вас і ў выніку я знайшла свой ўласны голас”.

Гілары Клінтан гаворыць, што яе галоўны клопат – “нябачныя амэрыканцы”, звычайныя людзі са звычайнымі праблемамі, дзе і як лячыцца і як заплаціць рахункі. Яна абвінавачвае дзейнага прэзыдэнта Джорджа Буша ў тым, што яго непакояць толькі інтарэсы буйнога капіталу. Яшчэ месяц таму Клінтан апярэджвала Абаму ў апытаньнях грамадзкай думкі, пасьля кокусу ў Аяве чорнаскуры сэнатар вырваўся наперад на 10 працэнтных пунктаў, ня выключана, што праймэрыз у Нью-Гэмпшыры ізноў зьменіць суадносіны паміж імі.

Паводле экспэртаў, ключавое слова праймэрыз у Нью-Гэмпшыры – вяртаньне, вяртаньне вэтэранаў амэрыканскай палітыкі. Пра вяртаньне казала Клінтан. Але сэнсацыя адбылася і ў лягеры рэспубліканцаў. На кокусе ў Аяве лідзіраваў былы губэрнатар Арканзасу Майк Хакабі, другім быў былы губэрнатар Масачусэтсу Міт Ромні. Але ў Нью-Гэмпшыры іх абодвух апярэдзіў 71-гадовы сэнатар Джон Маккейн, у яго 37% галасоў, у Ромні – 32%, у Хакабі – толькі 11%.

“Сёньня мы паказалі, як выглядае вяртаньне,” – заявіў Маккейн і дадаў:

Маккейн: “Калі розныя экспэрты сьцвярджалі , што я ўжо прайграў, я казаў ім: я пайду ў Нью-Гэмпшыр , дзе выбаршчыкі не дазволяць вам прымаць ярашэньне за іх. І калі эспэрты казалі: як Вы хочаце зрабіць гэта? Ваш рэйтынг падае, у Вас няма грошай, я адказваў – Я пайду ў Нью-Гэмпшыр і я буду казаць людзям праўду”.


ЗША - кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад Рэспубліканцаў сэнатар з штату Арызона Джон Маккейн, Нью-Гэмпшыр, 08.01.2008
У мінулым звычайна пераможца праймэрыз у Нью-Гэмпшыры і рабіўся кандыдатам ад партыі, а потым і прэзыдэнтам. Хаця ў 1992 годзе Біл Клінтан прайграў праймэрыз у гэтым штаце, але быў абраны прэзыдэнтам. І яшчэ адно выключэньне - цяперашні прэзыдэнт Джордж Буш, які ў 2000 годзе прайграў праймэрыз у Нью-Гэмпшыры , прычым прайграў Джону Маккейну.

Аднак кампанія працягваецца. Праз тыдзень папярэднія выбары пройдуць у Мічыгане, 10 студзеня – у Нэвадзе і Паўдзённай Караліне, 29 студзеня – ў Флярыдзе, а 5 лютага, у “супэраўторак”, праймэрыз пройдуць у 20 штатах, уключая найбуйнейшыя Каліфорнію і Нью-Ёрк. Кампанія можа прынесьці новыя сюрпрызы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG