Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 студзеня — Раство ў праваслаўных вернікаў Беларусі


Вернікі праваслаўнай царквы Беларусі 7 студзеня адзначаюць сьвята Нараджэньня Хрыстовага. Урачыстыя богаслужэньні цягам дня праходзілі ўва ўсіх праваслаўных храмах краіны.

Сьвята Нараджэньня Хрыстовага ў менскай Катэдральнай царкве распачалося напярэдадні Ўсяночным богаслужэньнем, якое завяршылася каля дзьвюх гадзінаў ночы. Раньняя літургія распачалася а 7 гадзіне раніцы, а затым малітоўныя службы зь невялікімі перапынкамі доўжыліся цягам усяго дня. Вячэрнюю багаслужбу ўзначаліў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт. Галоўны праваслаўны храм Беларусі ў сьвята Нараджэньня Хрыстовага быў традыцыйна напоўнены людзьмі рознага веку, якія ішлі ў царкву паасобку, зь сем’ямі і сябрамі:

Карэспандэнтка: «Віншую вас са сьвятам. Як сьвяткуецца?»

Спадарыня: «Нам вельмі добра сьвяткуецца. Мы ўчора былі на вячэрняй службе — цудоўная служба. Проста Божы дар».

Спадар: «Вось прыйшоў з сынам у царкву, памаліліся. Настрой цудоўны, тым больш, што і надвор’е добрае. Паедзем зараз з сынам гуляць».

Карэспандэнтка: «Што такое сьвята нараджэньня Хрыстовага ведаеш?»

Хлопчык:
«Так, гэта калі Бог прыйшоў і людзей збавіў ад пекла».

Карэспандэнтка: «А вы у царкву зь якой нагоды: памаліцца, адсьвяткаваць ці так, дзеля інтарэсу?»

Юначка: «Мы на экскурсыю. Мы са Слуцку, ні разу ў гэтым храме не былі — вось вырашылі на сьвята схадзіць. А вось гэты юнак увогуле ўпершыню ў царкву ідзе».

Карэспандэнтка: «Вы ніколі раней не былі ў храме?»

Юнак: «Не, ня быў. Кампанія добрая сабралася, людзі могуць прывесьці паказаць і патлумачыць што рабіць. Хоць я і хрышчаны, але ў царкву чамусьці не даходзіў. А сёньня вырашыў, што пара, трэба ісьці».

Колькасьць людзей, якія наведваюць Катэдральны храм у галоўныя праваслаўныя сьвяты штогод павялічваецца ў разы. Людзі імкнуцца патрапіць да сьвятара на споведзь, запаліць сьвечкі, пакланіцца абразам і галоўным чынам — стаенцы з нованароджаным Хрыстом. Сьвятар менскага Катэдральнага сабору айцец Яўген з нагоды сьвята зьвярнуўся да вернікаў з наступнымі словамі:

«Нараджэньне Хрыстовае — гэта сьвята для чалавека, які хоча адкрыць сябе Богу і хоча стаць падобным на яго. Багасловы, інтэрпрэтуючы гэтае сьвята, кажуць, што Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам. Таму сёньня з многіх прыходаў, манастыроў, братэрстваў і сястрынстваў пасьля ранішняй сьвяточнай літургіі духоўныя асобы пайшлі ў дзіцячыя дамы, у шпіталі і турмы, дзе гэтае сьвята менш адчувальнае. І няхай у гэты дзень да гэтай радасьці асабліва далучацца дзеці. Бо дзеці — нашая будучыня, гледзячы на іх, мы бачым які сьвет можа быць цудоўны. Мір вам, любоў, са сьвятам Нараджэньня Хрыстовага і міласьці Божай на ўвесь наступны год».

7 студзеня — Нараджэньня Хрыстовае
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG