Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснаваная прэмія імя Гедройца за найлепшую кнігу прозы па-беларуску


У складзе яе заснавальнікаў амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-Цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Як паведамляе сайт СБП, літаратурная прэмія імя Гедройца будзе ўручаная за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.

Прэмія заснаваная ў памяць Ежы Гедройца (1906 — 2000) — публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара слыннага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura», які выходзіў у Парыжы.

Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай.

Паводле ўмоў, літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі.

Намінаваньне пройдзе ў тры этапы. На пачатку 2012 году будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазыцыяў). Напачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазыцыяў). Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы ці пераможцаў адбудзецца 3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Сярод узнагародаў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Права прапаноўваць кнігі для ўключэньня ў лонг-ліст прэміі маюць сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменьніцкіх арганізацый і (у пэрспэктыве) ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтру падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.

Журы прэміі:

  • Валянцін Акудовіч — філёзаф, эсэіст.
  • Маргарыта Аляшкевіч — літаратурны крытык.
  • Уладзімер Арлоў — паэт, празаік, эсэіст.
  • Пётар Казакевіч — дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску.
  • Адам Паморскі — перакладчык, прэзыдэнт Польскага ПЭН-клюбу.
  • Барыс Пятровіч — празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў».
  • Людміла Рублеўская — паэтка, пазаік, літаратурны крытык.
  • Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру.
  • Лешак Шарэпка— надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (ганаровы старшыня журы).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG