Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Лобаў спадзяецца на сустрэчу са сьвятаром


Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў застаецца без дапамогі адваката. Палітвязьню Зьмітру Бандарэнку замінаюць кантактаваць з роднымі. Яшчэ адзін экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч чакае магчымасьці ўзяць шлюб, а палітвязень Эдуард Лобаў – сустрэчы са сьвятаром.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працяглы час, пакуль ідзе этап з бабруйскай турмы, застаецца безь юрыдычнай дапамогі. Ніякай інфармацыі пра яго няма, а спробы дамагчыся сустрэчы Саньнікава з адвакатам застаюцца безвыніковымі, кажа жонка палітыка Ірына Халіп:

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка



Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч


Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў




Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
"Начальнік "Віцьбы" Агністыкаў нават не спрабаваў спаслацца на які-небудзь артыкул, параграф, літару, кропачку ці загагуліну. Сказаў проста – а вось гэта такое маё асабістае рашэньне, не дапушчу, і ўсё. Адвакат Марына Кавалеўская ў пятніцу хадзіла на прыём у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, то выканаўца абавязкаў кіраўніка Працэнка прызнаў: так, гэта незаконна. Маўляў, напішыце ўсё ў скаргу – будзем разьбірацца. Адвакатка вырашыла, што каб спыніць беззаконьне, аднаго дня, панядзелка, больш чым дастаткова".

Абмяжоўваючы кантакты з роднымі, адміністрацыя магілёўскай турмы цісьне і на палітвязьня Зьмітра Бандарэнку, паведаміла ягоная жонка Вольга Бандарэнка:

"Яго выклікаў начальнік пацікавіцца пра ягоныя праблемы. Дзіма кажа, што са здароўем цяжка, а яшчэ хоча пагаварыць з бацькам, якому 77 год. Той адказвае, што, маўляў, ніякіх праблемаў няма. Пасьля Дзіма пачаў тэлефанаваць, чакаў, пакуль будзе злучэньне, а як толькі бацька падняў слухаўку, афіцэр націснуў на рычажок, сказаўшы, што ягоны час выйшаў. Бацька з-за гэтага выпадку вельмі ўсхваляваны быў, а я ўяўляю, як Дзіма перажываў".

Пра экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколу Статкевіча вядома, што ён працуе на цяжкой працы – пілуе бярвеньне, але на боль у руцэ ўжо ня скардзіцца. Пра гэта палітык паведамляе ў лістах да сваякоў і знаёмых. Толькі да жонкі, Марыны Адамовіч, ягоныя лісты не даходзяць. Працяглы час яна спрабуе дамагчыся ад адміністрацыі шклоўскай турмы дакумэнтаў, безь якіх ёй не даюць узяць шлюб зь Міколам Статкевічам. Гаворыць Марына Адамовіч:

"Мне ўчора трэці чалавек паведаміў, што атрымаў ад Міколы ліст. Ну, а мне, канечне, нічога няма. Хаця ліст, пра які я дакладна ведаю, быў напісаны яшчэ 7 чысла. І паколькі Міколу не паведамілі, што гэты ліст зьнішчаны, то гэта значыць, што альбо гэты ліст будуць трымаць да пасіненьня, альбо проста пахаваюць. Больш за тое – Міколу сказалі, што ўсе дакумэнты ад мяне прыйшлі, адміністрацыя іх падпісала і ў аўторак пашлюць мне гэтыя дакумэнты самі. Ну, вы ж здагадваецеся, што гэтых дакумэнтаў насамрэч няма? Але я яшчэ пачакаю пару дзён – дам людзям шанец".

Яшчэ адзін палітвязень, маладафронтавец Эдуард Лобаў, патэлефанаваўшы бацькам, паведаміў, што чакае мэдычнай пасылкі зь вітамінамі, а таксама спадзяецца на сустрэчу з каталіцкім сьвятаром, кажа маці маладафронтаўца Марына Лобава:

"Сёньня спрабую датэлефанавацца да турмы – спрабую арганізаваць сустрэчу са сьвятаром, бо ў турме няма каталіцкага, а толькі праваслаўны айцец ёсьць. Ён цэлы год ня мае магчымасьці наведваць сьвятыню, а па-другое – хоць раз на год, але чалавек павінны бываць на споведзі. Бо ў кожнага чалавека ёсьць нейкія грахі – мы ж усе не сьвятыя. Таму я лічу, што гэта трэба абавязкова. Але пакуль да турмы не датэлефанавалася і ня ведаю, ці дадуць дазвол".

Эдуард Лобаў і ягоны паплечнік Зьміцер Дашкевіч летась былі асуджаныя на 2 і 4 гады турмы, нібыта за хуліганства. Маладафронтаўцы сваёй віны не прызнаюць і заяўляюць, што іхняе зьняволеньне – правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG