Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «Дзяды» — 7 і 12 сутак арышту


Юрась Навіцкі (зьлева паперадзе) і Ўладзімер Юхо (зьлева ззаду) заходзяць у суд.
Юрась Навіцкі (зьлева паперадзе) і Ўладзімер Юхо (зьлева ззаду) заходзяць у суд.
У судзе Ленінскага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы адносна сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо і аднаго з актывістаў руху «За свабоду» Юрася Навіцкага. Абодвух затрымалі падчас акцыі з нагоды дня памяці продкаў «Дзяды» і зьвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Уладзімера Юхо і Юрася Навіцкага даставілі ў суд з турмы на Акрэсьціна, дзе яны знаходзіліся ад нядзелі, калі і былі затрыманыя. Усе гэтыя дні ім не тлумачылі прычынаў затрыманьня, і толькі ў судзе яны даведаліся, што іх вінавацяць у брыдкаслоўі. Таксама ад нядзелі абодва заставаліся бяз рэчаў першай неабходнасьці, якія адміністрацыя турмы адмовіліся браць у сваякоў. Як прайшлі гэтыя дні, кажа актывіст руху «За свабоду» Юрась Навіцкі:

Юрась Навіцкі ў судзе пра сваё затрыманьне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:06 0:00
Наўпроставы лінк


«Вельмі кепска. Я набраўся там вошай, каросты і прастудзіўся, бо там вельмі дрэнна грэюць. Першы дзень нават не кармілі, а другі дзень я паглядзеў — дык тую ежу нельга ўжываць паводле якасьці. Усе сьпяць на адных нарах, покатам, без аніякай санапрацоўкі. Я кажу — пасьля такога патрэбна ў душ. А цяпер атрымалася, што падчас супольнай малітвы, на месцы пахаваньня, я яшчэ і брыдкасловіў. Абсурд. Недапушчальна — мяне б людзі за такое гналі ў тры шыі з гэтых могілак».
Я набраўся там вошай, каросты і прастудзіўся, бо там вельмі дрэнна грэюць

Актывіста руху «За свабоду» Юрася Навіцкага затрымалі непадалёк ад мэмарыяльнага крыжа «Ахвярам бальшавіцкага тэрору», усталяванага на месцы расстрэлаў у менскім мікрараёне Лошыца. Гэта адбылося адразу ж пасьля заканчэньня мітынгу з нагоды «Дзядоў», якія ладзіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Людзі ў чорным не прадстаўляліся і не называлі прычыны затрыманьня, але яно адбылося пасьля таго, як спадар Навіцкі спрабаваў сфатаграфаваць аднаго зь іх.

Актывіста КХП БНФ Уладзімера Юхо затрымалі празь некаторы час каля палаца культуры «Лошыцкі».

Юхо: «Невядомы чалавек у чорнай вопратцы стаяў за маёй сьпінай, здымаў выступоўцаў і ўвесь час бубнеў, нібыта падчас жывой канфэрэнцыі. Я зрабіў яму заўвагу, кшталту таго, што ці не для Лукашэнкі ён здымае і перадае наўпрост. У адказ я атрымаў удар камэрай па галаве, ад якога зоркі з вачэй пасыпаліся. Калі я быў ужо ў пастарунку, то бачыў, як там маёры міліцэйскія перад ім бегалі. Вось гэты чалавек і завёў на мяне справу».

Падчас судовага працэсу Ўладзімер Юхо хадайнічаў аб вядзеньні працэсу на беларускай мове, але судзьдзя Навіцкая хадайніцтва адхіліла. Просьбу аб прадстаўленьні адваката і выкліку сьведак судзьдзя задаволіла. Але, не зважаючы на іхнія аргумэнты і сьведчаньні, Уладзімер Юхо атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Актывістка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ала Гуца, якая прыйшла падтрымаць свайго паплечніка, гэтак пракамэнтавала вынікі суду:

«Уладзімер — гэта сама дабрыня, гэта вельмі выхаваны, інтэлігентны чалавек. Яны там яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы — ён і слоў такіх ня ведае. Усё гэта сфабрыкавана, і, я думаю, таму, што ўладам не спадабалася, як прайшлі Дзяды ў Курапатах. Там было ўсё добра арганізавана, было шмат моладзі. У гэткіх месцах, як Курапаты, Лошыца — адбываецца кансалідацыя нацыі. Гэтага баіцца рэжым і тыя, хто за ім стаіць».

Актывіста руху «За Свабоду» Юрася Навіцкага судзьдзя Міхаіл Хома пакараў дванаццацьцю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG