Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Між сабой абураюцца, але пакуль што церпяць…»


На многіх прамысловых прадпрыемствах людзі не задаволеныя нізкімі заробкамі, пастаянным ростам цэнаў і патрабуюць ад адміністрацыі падвышэньня аплаты працы.






ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вагонарамонтны завод. Патрабуць павысіць заробкі ўдвая


У Гомелі машыністы цеплавозаў, саставіцелі цягнікоў транспартнага цэху вагонарамонтнага заводу зьвярнуліся да дырэкцыі прадпрыемства з заявай, у якой патрабуюць павысіць заработную плату на 100 адсоткаў. Пры гэтым транспартнікі спасылаюцца на пункт працоўнага кантракту, паводле якога рабочым гарантуецца «справядлівая доля ўзнагароджаньня за працу» з тым, каб забясьпечыць працаўнікам і іхнім сем’ям «свабоднае й годнае існаваньне».

Адзін з падпісантаў заявы, машыніст цеплавоза Дзьмітры Карашкоў: Большасьць ахвотна падпісваюцца, таму што ўжо сапраўды дадзела. Заробкі нізкія. Шмат хто ўзяў крэдыты тады, калі прэзыдэнт нам абяцаў стабільнасьць, росквіт і заробкі 500 даляраў. І цяпер яны ў складаным становішчы: крэдыты неяк трэба аддаваць, карміць сям’ю, нешта на сябе апрануць. Апрача таго, камунальныя плацяжы падаражэлі».


Дзьмітры кажа, што асабіста ён атрымаў апошні раз 1 мільён 200 тысяч рублёў. Гэта прыкладна ў два разы меней, чымсьці атрымліваюць машыністы чыгункі. Падобныя заробкі на вагонарамонтным заводзе і ў іншых працаўнікоў:

«Большасьць гатовыя пратэставаць, адстойваць свае правы на годнае жыцьцё. Некаторых, аднак, стрымлівае страх страціць апошняе. Іншыя проста ня хочуць неяк пакрыўдзіць начальства альбо ня ў добрым сьвятле выглядаць у гэтай сытуацыі. Магчыма, калі яны даведаюцца, што мы падалі ліст, гэта іх падштурхне да якіх-кольвечы дзеяньняў».


Завод вымяральных прыбораў. Усе маўчаць


На заводзе вымяральных прыбораў заробкаў за кастрычнік яшчэ не плацілі. Наладчык прадпрыемства Сяргей кажа, што сама болей можна зарабіць 700–800 тысяч. Адміністрацыя абяцае падвысіць заробкі бліжэйшым часам на 10 адсоткаў.

Людзі абмяркоўваюць сваё фінансавае становішча, але толькі ў брыгадах — да публічных патрабаваньняў пакуль не даходзіць.

Сяргей: «Мы разьлікі яшчэ не атрымлівалі, але дырэктар сказаў, што нібыта на 10 адсоткаў падвысіць заробак за кастрычнік. У верасьні было, мабыць, на 3–4 адсоткі падвышэньне. Кропелька. Так і жывем. Справа ў тым, што ўсе маўчаць, ня хочуць на ражон лезьці. Паміж сабой мы ўсё абмяркоўваем, а каб уголас сказаць, такога няма. Кожная брыгада свае праблемы абмяркоўвае па кучках».


Завод станочных вузлоў. Ніякіх пратэстаў


На заводзе станочных вузлоў, некалі даволі моцным прадпрыемстве, таксама далёка ня ўсе задаволеныя ўзроўнем аплаты працы. Яе хаця й падвысілі апошнім часам, але не настолькі, каб быць задаволенымі.
За месца многія трымаюцца. І лянота. Лепей выйсьці, 100 грамаў гарэлкі выпіць — і ўсё.

Апавядае тутэйшы токар, які не схацеў называць сябе: «Бруднымі» мільён 800 тысяч атрымліваю. Ня надта. У мяне яшчэ алімэнты. Усё адно атрымліваю ранейшыя 800 тысяч на рукі. Калі толькі ў тры зьмены працаваць, то, можа, і больш будзе грошай. Па-іншаму нельга зарабіць».

Пра нейкія пратэсты бальшыня ня думае: «За месца многія трымаюцца. І лянота. Лепей выйсьці, 100 грамаў гарэлкі выпіць — і ўсё».

Сьлесар заводу станочных вузлоў спадар Віктар наагул кажа, што людзі баяцца жыць: «Атрымліваецца, каб з голаду ня здох. Баяцца ўсе — жыць баяцца».


ВІЦЕБШЧЫНА


Страйк на пяльменнай фабрыцы


16 верасьня на віцебскім харчовым прадпрыемстве «Кухня майстра» здарыўся стыхійны страйк. На прадпрыемстве робяць пяльмені. Адна зьмена застрайкавала, не атрымаўшы заробак у належны тэрмін. Кіраўніцтва адмовілася прызнацца журналістам, што на прадпрыемстве былі хваляваньні працаўнікоў, але на заўтра ж знайшло сродкі, і грошы выплацілі.


Ворша. У дворнікаў адабралі мётлы, каб менш плаціць


Якраз гэтымі днямі праблемы з заробкамі зазналі аршанскія сьмецяры. Дзеля эканоміі ім забаранілі карыстацца мётламі і рыдлёўкамі — бо расцэнкі за прыбіраньне сьмецьця бяз гэтых прыладаў, як высьветлілася, ніжэйшыя.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў зьвярнуў увагу, што ў дварах больш не прыбіраюць апалае лісьце. Сьмецяры падзяліліся зь ім сваім абурэньнем:

«2 лістапада кіраўніцтва камунальнага прадпрыемства „Арыён“ забараніла дворнікам працаваць зь мётламі. Ім патлумачылі, што ў бюджэце няма сродкаў на паўнавартасную аплату іх працы. Вядома, яны занепакоеныя тым, што атрымаюць менш. Дый бачна, што ў некаторых месцах горад проста не прыбіраецца».

Як стала вядома спадару Шутаву, супрацоўнікі «Арыёну» зьбіраюцца на прыём у гарвыканкам — патрабаваць, каб ім не зьніжалі і без таго малыя заробкі.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Незадаволенасьць не выходзіць далей за размовы ў курылках


Удзельнік незалежнага прафсаюзнага руху на Гарадзеншчыне Анатоль Хацько называе становішча на прадпрыемствах сытуацыяй чаканьня. Заробкамі шмат хто незадаволены, але далей за размовы ў курылцы справа пакуль не ідзе, кажа Хацько:

«Усе, натуральна, чакаюць, што нехта за іх будзе вырашаць пытаньне. Ужо ёсьць першыя прыклады, калі пачынаюць пратэставаць. Наколькі мне вядома, пратэставалі на адным лідзкім прадпрыемстве наконт падвышэньня заробкаў. На адным прадпрыемстве ў Горадні ставяць пытаньне, каб выплацілі хаця б нейкія кампэнсацыі да заробкаў».
Чакаюць, што нехта са сьцягам устане.

Анатоль Хацько падкрэсьлівае, што працаўнікі нават не зьвяртаюцца да існуючых працэдураў, каб паставіць рубам пытаньне наконт заробкаў:

«Ніхто не ідзе нават законным шляхам — уступаць у спрэчку калектыўную, зьвяртацца ў інспэкцыю працы, што не выплочваюцца своечасова грошы. Але трэба глядзець, пра што мы сёньня якраз гутарылі: які кантынгент застаўся? Калі браць рэальны сэктар эканомікі, прамысловыя прадпрыемствы. Людзі перадпэнсійнага, пэнсійнага ўзросту, жанчыны. Актыўна пакуль ніхто нічога ня робіць. Хоць гэта абмяркоўваюць, але чакаюць, што нехта са сьцягам устане. Мы тут гаварылі: на браняносцы „Пацёмкін“ узьняліся, калі чарвячкоў знайшлі ў баршчы».


Кардонная фабрыка. Пратэсты супраць алькатэстаў


Анатоль Хацько: «У Слоніме на кардоннай фабрыцы ўзбунтаваліся, што кожны дзень даюць алькатэст здаваць простым найманым працаўнікам. Проста людзі ўзбунтаваліся, бо прыніжае гонар і годнасьць. Так што нельга сказаць, што беларусы такія зусім памяркоўныя».

Дзе-нідзе людзі пачалі выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу, які павінен абараняць рабочых. Анатоль Хацько лічыць гэта першым крокам — такая адмова ад прафсаюзу можа стаць больш масавай, мяркуе ён. Але пакуль што рабочыя чакаюць. Самых сьмелых і актыўных даўно на заводах пазбавіліся, іншых запалохалі. Хаця ўсьведамленьне, што трэба самім змагацца за свае правы, усё больш адчуваецца ў працоўных калектывах, лічыць Хацько:

«Я лічу, што ўсё ідзе нармальна, пачынаюць зьяўляцца лідэры, яны зьявяцца. На мазоль наступяць: колькі гэтага чорціка ні трымай у мяшку, ён усё роўна выскачыць. Я лічу, што лякальна пайшоў працэс ужо. Так было і ў 1990-х гадах: Ворша, Салігорск, тая ж Горадня, раённыя цэнтры».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG