Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя цікавіцца, як арганізоўваўся Народны сход у Магілёве


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў
25 кастрычніка дзьве гадзіны дапытвалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава. Ён сябра аргкамітэту па правядзеньні ў Магілёве Народнага сходу.

Паводле партыйца, старшы лейтэнант Загорскі выпытваў у яго, як арганізоўваўся Народны сход, як зьбіраліся подпісы за яго правядзеньне.

Шанцаў: «Ён сказаў, што пытаньні па Сходзе задае ў межах праверкі фактаў, выкладзеных мной у скарзе, дасланай у аблвыканкам і абласную пракуратуру. Я сапраўды ў аблвыканкаме і пракуратуры абскарджваю вынесенае мне пісьмовае папярэджаньне ад Магілёўскага гарвыканкаму і пракуратуры Ленінскага раёну. Напярэдадні правядзеньня сходу мяне папярэдзілі пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Я спрабаваў давесьці, што правядзеньне сходаў рэглямэнтуе іншы закон, але мяне ўсё адно папярэдзілі. Вось цяпер міліцыянт хоча, каб заўтра я яму прынёс пратаколы аб дзейнасьці арганізацыйнага камітэту сходу».

24 кастрычніка тыя ж пытаньні, што і ў міліцыі Ўладзімеру Шанцаву, задавалі ва Ўпраўленьні юстыцыі аблвыканкаму. Таксама ў межах скаргі партыйца.

Народны сход у Магілёве адбыўся 8 кастрычніка ў вызначаным гарвыканкамам месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, арганізаваных палітычнымі партыямі, грамадзкімі арганізацыямі й групамі грамадзян. У ім узялі ўдзел больш за 150 чалавек. Арганізатары запрашалі й чыноўнікаў гарвыканкаму. Прыйшлі двое, аднак толькі паназіраць. Сход праходзіў у атачэньні міліцыі. Інцыдэнтаў зь ёй не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG