Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч. Чалавек, які перагуляў КДБ




Мы пазнаёміліся з Алесем Міхалевічамі пры абставінах, ня самых традыцыйных для палітыка і журналіста. За некалькі дзён да нашага знаёмства я напісаў на сайце «Свабоды» нататкі пра зьезд партыі БНФ . Той самы зьезд, які адбыўся ў сьнежні 2007 году, і на якім сутыкнуліся два палітычныя падыходы, два пакаленьні фронтаўскіх палітыкаў – умоўна скажам, пакаленьне Вячоркі і пакаленьне Міхалевіча. Менавіта дзьве гэтыя асобы і прэтэндавалі тады на пасаду старшыні Фронту, а ў выніку іх жорсткага і драматычнага клінча старшынём партыі стаў Лявон Баршчэўскі. Як мы цяпер ужо ведаем --ненадоўга, бо ўжо на наступным зьезьдзе маладое пакаленьне канчаткова перамагло, і новым лідэрам партыі стаў Аляксей Янукевіч.



Дык вось тады, у 2007-ым, пасьля першага дня зьезду я напісаў шмат даволі крытычных словаў пра абодва бакі, самымі бадай, балючымі былі такія: "Калі кажуць, што ў Вячоркі няма харызмы, то здаецца, у Міхалевіча яе яшчэ менш. Ці, можа, ягоныя прыхільнікі лічаць, што яна можа раскрыцца толькі на пасадзе старшыні? Затое дакумэнты ягоныя на зьезьдзе былі падрыхтаваныя лепш за іншых, у іх, як у добрай рэклямнай брашуры, пра героя выказваюцца вядомыя людзі".

Праз некалькі дзён пасьля зьезду мне патэлефанаваў Алесь Міхалевіч і прапанаваў сустрэцца. Я быў троху заінтрыгаваны, было цікава, у якой форме малады палітык будзе выказваць мне свае прэтэнзіі. Але прэтэнзій, нават прыхаваных, я не пачуў. Алесь проста распавядаў пра сваю біяграфію, палітычныя падыходы, даваў ацэнку сытуацыі ў краіне. Ён безумоўна, быў закрануты маімі крытычнымі словамі, але яму ўдалося нічым не выявіць сваю расчараванасьць. Ужо тады я зразумеў палітычны стыль Міхалевіча– не канфрантацыі, а дыялёгу, не націску, а пошуку іншага шляху.

Вобразна кажучы, Алесь не зьбіраецца прабіваць ілбом сьцяну, нават калі тая сьцяна і не выглядае вельмі моцна. Ён ня хоча раструшчыць, расьціснуць апанэнта, ён хоча перагуляць яго. Так было і падчас зьеду БНФ, так было і падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Нагадаем, тады Алесь Міхалевіч меў самую памяркоўную з усіх апазыцыйных кандыдатаў рыторыку, ён заўважаў нешта станоўчае ў дзейнасьці Лукашэнкі і абяцаў падпісаць указ аб гарантыях былому кіраўніку краіны.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, ЦВК
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, ЦВК


Парадокс у тым, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі Міхалевіч добраахвотна апынуўся ў сытуацыі "свой сярод чужых". Міхалевіч ня першы, хто спрабаваў заняць нішу трэцяй сілы, "не ўлады і не апазыцыі", але, як і многім ягоным папярэднікам, здаецца, яму гэта не ўдалося. Апазыцыйныя актывісты называлі яго "здраднікам", улада не рэагавала на ягоныя пазытыўныя прапановы. Але ўжо тады, падчас інтэрвію і онлайнаў з Міхалевічам, я злавіў сябе на думцы, што палітыку трэба мець пэўную мужнасьць, каб сысьці з пратаптанай дарогі, быць настолькі ўпэўненым у сябе, каб добраахвотна падставіцца пад град крытычных стрэлаў.

Напэўна, якраз гэты ўнутраны стрыжань, які, безумоўна, ёсьць у Міхалевіча, і не ўлічылі стратэгі з КДБ, калі малявалі свой сцэнар у дачыненьні да былога кандыдата ў прэзыдэнты. Адны людзі не гнуцца, другія гнуцца, але не ламаюцца. Алесь Міхалевіч, здаецца, і ў КДБ застаўся верным свайму стылю – ён ня марыў прабіць галавой гэтую сьцяну, ён думаў пра тое, як выйсьці з гэтых сьценаў. Але пры гэтым застацца сабой. Паслужлівае БТ паказвала кадры, як Міхалевіч у кабінэце сьледчага п'е каву і ўсьміхаецца. КДБ ужо тады думала, што ён у іх у кішэні, Міхалевіч ужо тады ведаў, што ён іх абгуляе.

Пасьля вызваленьня з турмы КДБ
Пасьля вызваленьня з турмы КДБ

Часам палітык пачынае сваю палітычную біяграфію ці кардынальна мяняе свой імідж нейкім адных ходам, учынкам. Для Міхалевіча, палітычная біяграфія якога да падзеяў 19 сьнежня, прызнаемся, не была абцяжараная нейкімі яркімі падзеямі, такім учынкам стала скандальная прэсавая канфэрэнцыя пасьля ягонага вызваленьня з СІЗА КДБ, дзе ён распавёў пра катаваньні і прызнаўся ў прымусовым падпісаньні паперы аб супрацоўніцтве з КДБ. Цяпер, пасьля сваіх уцёкаў за мяжу, Алесь знаходзіцца ў чорна-белай барыкаднай сытуацыі, ня вельмі звыклай для ягоных палітычных поглядаў. Ці здолее ён адаптавацца ў новай нішы? Мяркую, так. Міхалевіч, безумоўна ўмее рэагаваць на зьменлівасьць абставінаў. Урэшце, ці ня гэта ёсьць галоўнай якасьцю палітыка?

…Калі рэдакцыя мне прапанавала напісаць палітычны партрэт Міхалевіча, я пагадзіўся пасьля невялікіх ваганьняў, паколькі падумаў, што даволі істотная дыстанцыя, якая ёсьць паміж намі, не дазволіць гэтаму тэксту стаць занадта сяброўскім і пераўтварыцца ў панэгірык. Да таго ж -- натуральна, што для палітычнага партрэту Міхалевіча варта знаходзіць троху іншыя словы і акцэнты, чым напрыклад, пра Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца альбо Зьмітра Дашкевіча.

З іншага боку, падумайце самі, ці паверылі б вы панэгірыку на адрас Міхалевіча?

Віталь Цыганкоў, аглядальнік "Свабоды"






УСЕ ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG