Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Не трэба вам у гэтыя прэзыдэнты лезьці!»


Сёньня Аляксандар Лукашэнка больш за чатыры гадзіны выступаў перад прадстаўнікамі расейскіх СМІ, якія прыбылі ў Беларусь з чарговым інфармацыйным турам за грошы беларускага бюджэту. Лукашэнка гаварыў ім пра беларускі крызіс, прыватызацыю, палітвязьняў, а таксама пра стан свайго здароўя і сваё стаўленьне да жанчын.

Асноўны матыў выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі пра эканамічную сытуацыю ў Беларусі: «У нас крызісу няма», «у сувязі з праблемамі на валютным рынку і рэзкай дэвальвацыяй валюты я галаву попелам не пасыпаю», сказаў ён, у прыватнасьці:

«Вы сказалі пра крызіс, я нідзе пра гэта не гаварыў. У нас узьніклі пэўныя праблемы з валютай. Разумееце, крызіс — гэта калі абвальваецца ўсё і эканоміка перш за ўсё. Калі людзям няма працы, бо не працуе вытворчасьць, і няма заробку».

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка паабяцаў да канца году вырашыць валютную праблему. Гаворачы аб магчымасьці прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскім бізнэсам, ён зазначыў, што ня згодны на продаж НПЗ, а «Беларуськалій» прадаў бы за 30 мільярдаў даляраў, але пры гэтым ня хоча «складваць яйкі ў адзін кошык», прадаючы толькі расейцам:

«Сёньня, да прыкладу, „Белкалій“ хочуць купіць кітайцы, індусы, 2 заходнія кампаніі, я не хачу іх называць, Катар зацікаўлены і расейцы. Мы выстаўляем на конкурс, хто лепшыя ўмовы дасьць, хто даражэй заплаціць урэшце рэшт, той і купіць тую частку акцый, якую мы захочам прадаць».

Лукашэнка прызнаў, што так званае саюзнае будаўніцтва Расеі і Беларусі запаволілася, разам з тым ён пазытыўна ацаніў пляны Пуціна па стварэньні Эўразійскага саюза. Лукашэнка абяцаў надалей быць найбліжэйшым сябрам Расеі:

«Міністар абароны ў нас масквіч, начальнік службы бясьпекі з-пад Варонежа ці Разані. Гэта пра многае гаворыць, знайдзіце яшчэ хоць адну краіну. І я не баюся, што гэта расейцы, я ім абсалютна давяраю. Я магу пра многіх казаць, — палова расейцаў. А вось ва ўрадзе Расеі беларусаў няма».

Лукашэнка заявіў таксама пра надзвычай добрыя адносіны з Кітаем, а вось адносіны з ЗША і Эўразьвязам у яго не наладжваюцца:

«Там нам пастаянна ўмовы: палітвязьні, выбары вось па гэтых стандартах… Ужо дагаварыліся да таго, што на мінулым тыдні, я тут ужо ня буду называць, запрасілі аднаго з нашых людзей, які нібыта мае доступ да прэзыдэнта (ён сапраўды можа мне нешта сказаць) і кажуць: «Вы ж разумееце, ваш прэзыдэнт, мы яму забясьпечым усё (гэта з амэрыканскага боку прапанову нам уносяць), і яго старасьць і іншае, вось паглядзіце на прэзыдэнта Ўкраіны…»

Пра палітвязьняў жа Лукашэнка сказаў:
Хочуць сядзець — хай сядзяць. Захочуць выйсьці — я думаю, што мы разгледзім іх заявы, там яны нам не патрэбныя.

«Павыпускалі ж, там, напэўна, два ці тры чалавекі засталіся ўсяго. Але яны ня хочуць. Яны хочуць быць у турме: мы будзем героямі. Хочуць сядзець — хай сядзяць. Захочуць выйсьці — я думаю, што мы разгледзім іх заявы, там яны нам не патрэбныя. Ніякая гэта не апазыцыя — бандыты».

Нечакана адзін з расейскіх журналістаў спытаў Лукашэнку, чаму ўчора арыштавалі сацыёляга Манаева, і як ён ставіцца да падзеньня свайго рэйтынгу, згодна з апытаньнем НІСЭПД, да 25 працэнтаў. Пра арышт Манаева Лукашэнка адказаў зь недаўменьнем:

«Я ўвогуле першы раз чую пра Манаева. Калі ласка, даручыце, хай мне ўдакладняць і дакладуць. Можа й выпусьцілі, ня ведаю».

А пра свой рэйтынг Лукашэнка сказаў наступнае:

«Хочаце, каб мой рэйтынг быў 90 працэнтаў — заўтра будзе… Манаеў — гэта выкармыш Захаду. Жыве ён у Вільні.»

Адказваючы на пытаньне, ці не асьцерагаецца ён паўтарыць лёс Кадафі, Лукашэнка закрануў тэму свайго здароўя:

«Таму не перажывайце, я нармальна сябе адчуваю, жыць зьбіраюся нямала. Тым больш, у мяне 7 гадоў малому, мне яшчэ трэба яго на ногі ставіць. Як мінімум гадоў да 90 зь лішкам не памру, таму яшчэ трэба будзе жыць і думаць, дзе грошы зарабіць».

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што не гатовы саступіць прэзыдэнцкае крэсла жанчыне:

«Жанчыне крэсла я б не саступіў толькі па адной прычыне — таму што гэта не жаночая справа. Гэта чыста мужчынская прафэсія, ну не трэба вам у гэтыя прэзыдэнты лезьці, гэта бяда, гэта гора, ня дай Бог!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG