Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія студэнты патрабуюць бясплатнага праезду


Каля Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту актывісты Моладзі БНФ і агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця "Дзедзіч" зладзілі акцыю па зборы подпісаў за адмену аплаты праезду ў грамадзкім транспарце для студэнтаў.

Ініцыятары акцыі мяркуюць на працягу бліжэйшых двух тыдняў сабраць 2 тысячы подпісаў пад калектыўным зваротам у Берасьцейскі гарвыканкам.

Сябра Моладзі БНФ, студэнт Сяржук Кавалько лічыць, што для кампаніі за бясплатны праезд для навучэнцаў ужо проста насьпеў час.

"Мы ж бачым, як берасьцейскае студэнцтва абураецца, што менчукам дазволілі езьдзіць бясплатна, а ў рэгіёнах — не. Гэта можна расцэньваць як дыскрымінацыю па месцы пражываньня. Што, мы горшыя за менчукоў? Берасьцейскім студэнтам жа таксама даводзіцца езьдзіць на вучобу грамадзкім транспартам. Ці, можа, у Менску лічаць, што Берасьце — маленькі гарадок? Ну то няхай прыедуць і пройдуцца пешшу з мікрараёну Рэчыца або з Кавалёўкі да цэнтру гораду…", — кажа Сяржук Кавалько.

12 верасьня Менгарвыканкам зацьвердзіў рашэньне аб адмене платы за праезд у грамадзкім транспарце для менскіх студэнтаў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці старшыня мясцовага аблвыканкаму Канстанцін Сумар 22 верасьня заявіў, што ў рэгіёне адмена платы за праезд не плянуецца.

"Я лічу, што Менскі гарвыканкам зрабіў няправільна, усталяваўшы гэтыя ільготы. Гэтае рашэньне трэба было ўзгадняць з урадам. Калі ў цябе бюджэт дазваляе — добра. Але падаткі йдуць, сярод іншага, ад шматлікіх філіялаў прадпрыемстваў, банкаў і г. д., якія знаходзяцца ў Берасьці і іншых гарадах. Тады, будзь ласкавы, падзяліся. Я паставіў гэтае пытаньне перад Мясьніковічам. Адмяняць гэтае рашэньне некарэктна й бязглузда. Але трэба знайсьці нейкае выйсьце. Навошта ўбіваць кліньне між рэгіёнамі, уносіць раздрай?" — заявіў Сумар.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG