Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая пракуратура адмовілася расьсьледаваць катаваньні Саньнікава ў КДБ


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Беларуская вайсковая пракуратура адмовіла праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі камітэт" у тым, каб завесьці крымінальную справу з нагоды заяваў Андрэя Саньнікава. На судзе былы кандыдат на прэзыдэнта заявіў, што ў турме КДБ яго катавалі.

Сьледчы па асабліва важных справах Андрэй Халімаў адказаў, што справу заводзіць ня будуць, бо няма складу злачынства.

Што да матэрыялаў праверкі заяваў Саньнікава, то яны сакрэтныя, бо ўтрымліваюць "зьвесткі, што складаюць таямніцу, якая ахоўваецца дзеючым заканадаўствам", напісаў Халімаў у сваім адказе.

Праваабаронцы прасілі вайсковую пракуратуру праверыць заявы Саньнікава і завесьці крымінальную справу аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў і ўжываньні гвалту.

Камэнтуючы БелаПАН сытуацыю, старшыня БХК Алег Гулак заявіў: "Такі адказ нас ня можа задаволіць. Зь яго не відаць, наколькі сур'ёзна ажыцьцяўлялася праверка, што высьветлена падчас яе і да якіх высноў прыйшло сьледзтва".

На судзе 12 траўня былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў заявіў: "Зь першых дзён у СІЗА КДБ зьявіліся людзі ў масках, якія былі добра падрыхтаваныя для абыходжаньня з намі, палітвязьнямі. Яны дэманстравалі агрэсію і грубасьць адносна вязьняў. Пасьля працэдуры асабістага дагляду цябе гоняць уніз, пры гэтым калоцяць дубінкамі па ўсім, што знаходзіцца побач, па сьценах і лесьвіцы, каб усё дрыжэла. Вядуць у склеп, у вялікае памяшканьне, распранаюць дагала, ставяць ля сьценкі на расьцяжку. У халодным памяшканьні могуць пратрымаць даволі доўгі час. Потым прымушаюць прысядаць. Я штораз зьвяртаў увагу, што ў мяне траўмаваная нага. Гэта ня дзейнічала. Потым дазваляюць апрануцца. Уся працэдура праходзіць у прысутнасьці ня менш як трох чалавек у масках, якія грукаюць па сьценах і крычаць нечалавечым голасам".

Саньнікаў таксама распавёў, што ў ізалятары яго ўвесь час вадзілі ў кайданках, нават на невялікія адлегласьці. Адказваючы на пытаньне судзьдзі, Саньнікаў сказаў, што пісаў пра гэта начальніку СІЗА КДБ, але атрымаў за гэта — маўляў, начальніку СІЗА пісаць небясьпечна. Ён сказаў, што ўсё гэта можна было вытрымаць, але калі яму прад’яўлялі абвінавачаньне, ён даведаўся, што побач у камэры знаходзіцца яго жонка Ірына Халіп і што яго сына хочуць выкрасьці праз органы апекі. Ён распавёў, што ў яго адбылася прымусовая гутарка са старшынёй КДБ Зайцавым, які пагражаў жыцьцю і здароўю жонкі і сына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG