Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Літвы крытыкуе беларускую апазыцыю

абноўлена

Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце крытыкуе беларускую апазыцыю, кажучы пра яе сувязі з Крамлём і патрабаваньні выдаткаваць болей грошай.

«Калі прыгледзецца больш уважліва, то частку зь дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль», — заявіла Грыбаўскайце у інтэрвію Літоўскаму радыё.

Частка прадстаўнікоў беларускай апазыцыі амаль ня кажуць пра
Частку зь дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль

незалежнасьць краіны, а проста «імкнуцца атрымаць больш грошай», кажа кіраўніца Літоўскай дзяржавы.

«Калі гутарыш ці чуеш, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, мы часьцей за ўсё ня чуем, што іх прыярытэтам і мэтай зьяўляецца незалежная Беларусь. Гэтага амаль ня чуем. Часьцей за ўсё чуем, што трэба больш грошай, і што Расея, у прынцыпе — сябар. Гэта, несумненна, выклікае ў нас пэўную занепакоенасьць, паколькі нацыянальным інтарэсам Літвы адпавядае незалежны сусед, незалежная краіна», — цытуе Грыбаўскайце «Інтэрфакс».


Кастусёў: «Калі Грыбаўскайце не чытала праграму БНФ, то грош ёй цана»


Намесьнік старшыні БНФ, былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў камэнтуе крытычныя выказваньні прэзыдэнта Літвы пра беларускую апазыцыю.

Кастусёў: «Грыбаўскайце мінулай восеньню прыяжджала ў Беларусь і сустракалася тут з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Я быў на той сустрэчы, і, як мне цяпер здаецца, яна ў адным месцы кажа адно, у другім — другое. Безумоўна, гэтыя словы сказаныя ёй ня ў мой адрас. Калі яна не чытала маю праграму, праграму партыі БНФ, то тады грош ёй цана як прэзыдэнту суседняй краіны. Яна, на маю думку, зусім не разьбіраецца ў палітычнай сытуацыі ў Беларусі і ў раскладзе палітычных сілаў Беларусі, і, хутчэй, ня ведае, якія каштоўнасьці адстойвае кожная партыя».

Карэспандэнт: «А чаму Літва ўжо ня першы раз выказвае асобную пазыцыю ў беларускім пытаньні?»

Кастусёў: «Грыбаўскайце разумее, што з прыходам да ўлады нацыянальна сьвядомага прэзыдэнта Беларусі, сапраўднага патрыёта Беларусі Літве давядзецца рабіць перагляд шматлікіх гістарычных вэрсій. У нас ёсьць зь Літвой супольная гісторыя, многія падручнікі давядзецца перапісваць. Таму ў Грыбаўскайце ёсьць зацікаўленасьць, каб сытуацыя заставалася на сёньняшнім узроўні. У гэтым пляне Лукашэнка — яе саюзьнік».

Марголін: «У Літве ў нас шмат сяброў. Грыбаўскайце да іх ліку не НАЛЕЖЫЦЬ»


Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін: «Па-першае, няхай бы прэзыдэнт Літвы называла канкрэтныя факты і імёны. Па-другое, я адразу ўзгадаў аднаго амэрыканскага вайсковага дзеяча, які з воклічам: „Рускія ідуць!“ - выкінуўся з вакна. Расея трызьніцца некаторым палітыкам з усіх бакоў».

Карэспандэнт: «Ці дарэчныя гэтыя выказваньні? Як яны паўплываюць на становішча беларускай апазыцыі?».

Марголін: «Ня думаю, што яны неяк паўплываюць у горшы ці лепшы бок. Добра, што ў Літве дастаткова нашых сяброў і таварышаў. Здаецца, мне, што спадарыня Грыбаўскайце не належыць да іх ліку».

Карэспандэнт: «Выглядае, што цяперашняе кіраўніцтва Літвы ўсё ж займае ў беларускім пытаньні пазыцыю, якая адрозьніваецца ад пазыцыі іншых сябраў Эўразьвязу?».

Марголін: «Я б усё ж ня стаў гаварыць пра кіраўніцтва Літвы, я б казаў толькі пра прэзыдэнта Літвы. Думаю, што тлумачэньне тут вельмі простае і прагматычнае. Літва ў вялікай ступені залежыць ад эканамічных стасункаў зь Беларусьсю, і гэты прагматызм пераважвае ўсё астатняе».


Шушкевіч: «Грыбаўскайце праўду гаворыць»


Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч: «Ведаеце, дык яна праўду гаворыць! Я таксама сустракаюся зь людзьмі, для якіх галоўнае — здабыць нейкую фінансавую падтрымку, а не падтрымку Беларусі. І гэтыя пэўныя асобы ў Вільні жыруюць. Я толькі магу сказаць, што наша каманда, якая падтрымлівала Саньнікава, ніякага дачыненьня да гэтых людзей ня мае.

Я сустракаў у Вільні такіх людзей, якія ніякага дачыненьня да апазыцыі ня мелі. Яны нейкія прадпрымальнікі, якіх цяпер падтрымліваюць як апазыцыянэраў. Я не разумею, як гэта адбываецца, і думаю, што Грыбаўскайце гэта таксама абрыдла.

Наконт таго, што пэўных нашых кандыдатаў падтрымлівала Расея, дык і я гэта ведаю. Прынамсі, адно імя магу назваць адназначна — гэта Віктар Цярэшчанка. Іншая справа, што гэта не было б само па сабе так кепска, каб ён займаў годную пазыцыю. Расея яго не абавязвала займаць здрадніцкую пазыцыю».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG