Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руслан Салей і Сяргей Астапчук загінулі ў катастрофе пад Яраслаўлем

абноўлена

Месца катастрофы Як-42 пад Яраслаўлем
Месца катастрофы Як-42 пад Яраслаўлем
Самалёт Як-42 з хакейнай камандай «Лякаматыў» на борце разьбіўся пры ўзьлёце з аэрапорту «Тунашна» Яраслаўскай вобласьці.

21:05 Прэсавая служба менскага “Дынама” паведаміла, што ў чацьвер на “Менск-арэне” адбудзецца жалобная цырымонія. Уваход на яе – па білетах на гульню, што мела адбыцца 8 верасьня. Усе сродкі ад прададзеных білетаў “Дынама” пералічыць у хакейны клюб “Лякаматыў”.

20:50 Менчукі стыхійна прыходзяць з кветкамі да Менск-арэны, дзе 8 верасьня меўся адбыцца матч яраслаўскага «Лякаматыва» зь менскім «Дынама». Людзі запальваюць сьвечкі, плачуць.

19:25 Ратаўнікі знайшлі на месцы падзеньня самалёта Як-42 пад Яраслаўлем целы 35 чалавек – паведаміў РІА “Новости” прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня МНС Расеі па Яраслаўскай вобласьці.

Пошукавыя работы на месцы катастрофы Як-42 не спыніліся і пасьля надыходу цемры: было ўстаноўлена адмысловае асьвятляльнае абсталяваньне.

18:01 Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі пацьвердзіла, што Руслан Салей загінуў у катастрофе. Паводле генэральнага дырэктара клюбу “Дынама” (Менск) Аляксея Торбіна, Салей тэлефанаваў за дзьве гадзіны да катастрофы ў Менск і прасіў, каб клюб выдзеліў для яго сваякоў білеты на гульню, якая мела адбыцца на “Менск-арэне” ў чацьвер.


Руслан Салей нарадзіўся 2 лістапада 1974 году ў Менску. Гадаванец хакейнай школы «Юнацтва». Абаронца. Заслужаны майстар спорту Беларусі. За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1993 году. Шматгадовы капітан нацыянальнай зборнай. Удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях у Нагана, Солт-Лэйк-Сіці і Ванкувэры, а таксама ў шасьці чэмпіянатах сьвету ў элітным дывізіёне. У 2003 і 2004 гадох Салея прызнавалі найлепшым хакеістам Беларусі.

У 1996 годзе быў задрафтаваны клюбам НХЛ «Анагайм Майці Дакс». Апрача «Анагайму», за які адгуляў дзесяць сэзонаў, выступаў у «Флорыдзе», «Каларада» і «Дэтройце». Сёлета перайшоў у клюб Кантынэнтальнай хакейнай лігі «Лякаматыў» зь Яраслаўлю.

Быў жанаты з амэрыканкаю Бэтэн. У іх трое дзяцей – 6-гадовая Алексіс, 4-гадовы Аляксандра і Айва, якая нарадзілася сёлета ў сакавіку.


* * *

Сяргей Астапчук нарадзіўся 19 сакавіка 1990 году ў Наваполацку. У раньнім узросьце пераехаў зь Беларусі ў Яраслаўль. Там прыняў расейскае грамадзянства. Як адзначае “Наша ніва”, апошнім часам вельмі спадзяваўся, што фэдэрацыя хакею зможа дамовіцца зь «Лякаматывам», каб Астапчуку дазволілі гуляць за беларускую зборную.

У мінулым сэзоне Астапчук здолеў замацавацца ў асноўным складзе яраслаўскага клюбу.


Хакейная каманда “Лякаматыў” (Яраслаўль) была заснаваная ў 1959 годзе. Чэмпіён Расеі 1997, 2002 і 2003 году, срэбраны прызэр 2008 і 2009 гадоў, бронзавы прызэр 1998, 1999, 2005 і 2011 гадоў.

Апрача грамадзянаў Расеі, у складзе “Лякаматыву” былі сёлета грамадзяне Беларусі (Руслан Салей і Сяргей Астапчук), Латвіі (Карліс Скрастыньш), Украіны (Віталі Анікеенка, Даніла Собчанка, Аляксандар Уюхін), Славаччыны (Павал Дэмітра), Чэхіі (Ёзаф Вашычак, Ян Марак, Карал Рахунак), Швэцыі (Стэфан Ліў). Галоўным трэнэрам каманды быў канадзец Брэд Маккрыман.

17:45 Руслан Салей і Сяргей Астапчук былі на борце разьбітага самалёта – пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Расеі. Пры гэтым у ведамстве падкрэсьлілі, што імёны беларускіх хакеістаў фігуруюць менавіта ў сьпісе пасажыраў. “Сьпісу ж загінулых мы пакуль што не атрымлівалі”, – дадалі ў МНС Расеі.

17:15 У катастрофе пад Яраслаўлем выжылі хакеіст зборнай Расеі Аляксандар Галімаў і бортынжынэр Аляксандар Сізаў. Абодва ў цяжкім стане дастаўленыя ў бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі.


16:50 Паводле удакладненых зьвестак, у авіакатастрофе пад Яраслаўлем загінулі 43 чалавекі, два выжылі, паведамляе «РИА Новости». На борце было 45 людзей – 37 пасажыраў і 8 чалавек экіпажу. Самалёт упаў прыкладна за кілямэтар ад узьлётнай паласы. Ён ня змог набраць вышыні, сутыкнуўся з антэнаю маяка, разьмешчанага за паласою, абрынуўся на зямлю і загарэўся.

16:00 Як-42 павінен быў даставіць яраслаўскі «Лякаматыў» у Менск на матч Кантынэнтальнай хакейнай лігі зь менскім «Дынама».

На борце знаходзілася ўся каманда «Лякаматыву». З гэтага сэзону кантракт зь ёй падпісаў вядомы беларускі хакеіст Руслан Салей. Цяпер высьвятляецца, ці быў ён на борце самалёта.

Сярод пасажыраў мог знаходзіцца яшчэ адзін беларускі хакеіст Сяргей Астапчук.

Акрамя грамадзянаў Расеі, у складзе "Лякаматыву" значацца грамадзяне Беларусі, Латвіі, Польшчы, Украіны, Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны і Швэцыі, сярод трэнераў – грамадзяне Канады і Фінляндыі.

Міжурадавы авіяцыйны камітэт сфармаваў камісію для расьсьледаваньня прычын катастрофы. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу.

Раман Гусараў, галоўны рэдактар парталу Аviа.ru паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода:

– Гэта машыны яшчэ савецкай распрацоўкі. У нас, уласна, у Расеі ўсе самалёты яшчэ савецкай эпохі. Але з усіх машын КБ Якаўлева гэтая – найбольш новая. Гэтая машына больш новая, чым Ту-134 і Ту-154. Гэтая машына канца 70-х – пачатку 80-х гадоў. Але яна прыйшла ўжо на заняпадзе савецкага авіяпрому і цяпер маральна састарэлая. Іх ня так шмат было выпушчана ў савецкі час. Гэта адна з апошніх мадэляў КБ Якаўлева савецкай эпохі. Пасьля не было распрацавана ніводнай мадэлі. Былі толькі мадыфікацыі, напрыклад, Як 42-д. Я падазраю, што гэта быў менавіта такі самалёт.

У мінулым ў авiякатастрофах гінулі цэлыя каманды па розных відах спорту. Большасьць з такіх трагедыяў здарылася ў пачатку другой паловы XX стагодзьдзя, калі грамадзянская авіяцыя разьвівалася бурна, аднак палёты самалётамі працягвалі заставацца даволі небясьпечнымі.

У 1949 годзе ў авіякатастрофе над Ля-Маншам загінулі 6 хакеістаў зборнай Чэхаславаччыны.

5 студзеня 1950 году трагедыя здарылася ў Савецкім Саюзе. Пры катастрофе авіялайнэра на лётнішчы Сьвярдлоўску загінула каманда ВПС СССР – адна з наймацнейшых у краіне.

6 лютага 1958 году самалёт, на борце якога знаходзіліся футбалісты клюбу "Манчэстэр Юнайтэд", упаў пры ўзьлёце зь лётнішча Мюнхэну. Сярод загінулых былі 8 гульцоў каманды, што вярталіся дадому пасьля выхаду ў паўфінал Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.

У розныя гады ў авiякатастрофах загінулі футбалісты чылійскага клюбу “Грын Крос” (1961 год), балівійскага – "Стронгест" (1969), альжырскага – "Эйр-Ліквід", пэруанскага "Альянска" (1987 год). У 1993 годзе практычна ў поўным складзе загінула зборная Замбіі.

11 жніўня 1979 году 17 гульцоў і трэнэраў ташкенцкага "Пахтакор" – каманды вышэйшай лігі футбольнага чэмпіянату СССР – загінулі, калі самалёт, якім яны ляцелі ў Менск на матч, сутыкнуўся ў небе над украінскім Днепрадзержынскам зь іншым лайнэрам. Пасьля гэтай трагедыі "Пахтакор" быў узмоцнены добраахвотнікамі зь іншых клюбаў, а ў рэглямэнт чэмпіянату быў занесены пункт, згодна зь якім незалежна ад выніку каманда на працягу трох гадоў захоўвала месца ў вышэйшай лізе.



View Larger Map


Расейскія авіякатастрофы апошняга дзесяцігодзьдзя


20 чэрвеня 2011 году. Самалёт Tу-134 прыватнай расейскай авіякампаніі RusAir разьбіўся на падлёце да аэрапорту Петразаводзку ў Карэліі. З 52 чалавек на борце загінулі 44.

10 красавіка 2010 году. Самалёт Ту-154 з польскай урадавай дэлегацыяй на чале з прэзыдэнтам Лехам Качыньскім разьбіўся непадалёк ад Смаленску. Больш за 90 чалавек на борце загінулі.

14 верасьня 2008 году. Самалёт Boeing-737 разьбіўся падчас прызямленьня каля гораду Перм. Загінулі 88 пасажыраў і чальцоў экіпажу.

22 жніўня 2006 году. Самалёт Tу-154 расейскай авіякампаніі "Пулковские авиалинии" разьбіўся па дарозе з Анапы ў Санкт-Пецярбург непадалёк ад украінскага гораду Данецк. Усе 170 чалавек на борце загінулі.

9 ліпеня 2006 году. Расейскі самалёт S7 Airbus A-310 зьехаў з пасадачнай паласы падчас пасадкі ў Іркуцку. 124 чалавекі загінулі, каля 50 перажылі катастрофу.

1 ліпеня 2002 году. Расейскі самалёт Ту-154, які вёз дзяцей на адпачынак у Гішпанію, сутыкнуўся над Нямеччынай з транспартным самалётам Boeing 757. Загінуў 71 чалавек, большасьць зь іх дзеці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG