Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусу скарацілі спатканьне з жонкай, бо не прасіў памілаваньня


Зьняволенаму экс-кандыдату ў прэзыдэнты Дзьмітрыю Вусу доўгатэрміновае спатканьне з жонкай Яўгеніяй скарацілі да аднаго дня.

Яўгенія Вус паведаміла БелаПАН, што зьбіралася паехаць у калёнію ў Магілёве, дзе трымаюць яе мужа, 5 верасьня. "Раней плянавалася, што спатканьне будзе з 5 па 7 верасьня. Аднак учора Дзьмітрый патэлефанаваў з турмы і паведаміў, што спатканьне скарочана да аднаго дня. Ён сказаў, што яму прапаноўвалі напісаць ліст аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён гэта зрабіць адмовіўся. У выніку начальнік калёніі пазбавіў яго доўгатэрміновага спатканьня і замяніў яго аднадзённым 8 верасьня ", - сказала жонка Вуса.

Таксама яна паведаміла, што на пазамінулым тыдні выслала мужу бандэроль з неабходнымі мэдпрэпаратамі. "Дзьмітрый пацьвердзіў, што такая бандэроль ў калёніі атрымана, аднак лекаў з яе яму не выдаюць, нягледзячы на тое, што ўсе лекі былі выпісаныя турэмным лекарам", - адзначыла Яўгенія.


Яна расцэньвае гэта як ціск на былога кандыдата ў прэзыдэнты, каб ён напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Тым не менш, адзначыла Яўгенія, Дзьмітрый Вус адчувае сябе лягчэй, паколькі "ужо адаптаваўся да ўмоваў ў калёніі".

Дзьмітрый Вус быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых непарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 году. 26 траўня суд Ленінскага раёну сталіцы прысудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд райсуда бязь зьменаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG