Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народны сход плянуецца ў 29 гарадах Беларусі


У Менску, абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны распачаўся збор подпісаў за правядзеньне Народнага сходу. Пра гэта паведамілі сябры аргкамітэту на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Паводле арганізатараў, папярэдне заплянавана, што Народны сход адбудзецца 8 кастрычніка ў Менску і яшчэ 28 гарадах Беларусі.

За два тыдні ў Менску сабралі тысячу подпісаў, па некалькі сотняў — у іншых гарадах краіны. Актывісты лічаць гэта добрым вынікам з улікам сэзону адпачынкаў. Прынамсі 40% грамадзян ахвотна падпісваюцца за правядзеньне сходу, і ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах Беларусі. На які вынік скіраваны Народны сход, кажа адзін з сустаршыняў аргкамітэту Генадзь Фядыніч:

Генадзь Фядыніч
«Ня факт, што 8 кастрычніка будзе нейкі вырашальны „пераварот“. Мы да гэтага не імкнемся. Гэта будзе першы крок, каб наладзіць дыялёг. Сёньня людзям вельмі цікава, што ўлады думаюць пра сытуацыю ў краіне, як зь яе будуць выходзіць і ці задаволіць гэта людзей? Калі ўладзе хопіць мудрасьці, то яна гэта зробіць. А калі не, то прорва паміж уладаю і народам стане яшчэ глыбейшая».

Ініцыятары правядзеньня Народнага сходу заяўляюць, што да працы аргкамітэту далучыліся прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных дэмакратычных партый і рухаў Беларусі. У прыватнасьці, лідэр руху «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў гэтак пракамэнтаваў патрэбу аб’яднаньня:

Уладзімер Някляеў
«Усе нашыя размовы пра адзінства апазыцыі будуць абсалютна пустымі да тае пары, пакуль мы ня будзем падтрымліваць адзін аднаго. Нехта вылучыў ініцыятыву — прыдзіце і падтрымайце. Гэта ж ініцыятыва не за іх, а за народ, за нас. Паўстаюць пытаньні і ў таго ж Лукашэнкі — у яго таксама вельмі смутная пэрспэктыва. І яму таксама самы час быў бы задумацца: мо паратунак якраз у тым, каб пачаць па-чалавечы размаўляць зь людзьмі? Каб не дапусьціць захаваньня ўлады праз кроў, трэба пачынаць гаварыць».

Сябры аргкамітэту заяўляюць, што правядзеньне Народнага сходу адпавядае дзейнаму заканадаўству. Тым ня менш падрыхтоўчай працай ужо цікавяцца супрацоўнікі міліцыі. У сваю чаргу, арганізатары фармуюць адмысловыя дружыны па ахове парадку, каб не дапусьціць магчымых правакацыяў. У выпадку сілавых дзеяньняў супраць удзельнікаў сходу ўлада гэткім чынам будзе «атэставаная» на сваю антыканстытуцыйную і антынародную дзейнасьць, падкрэсьліў яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч:

Віктар Івашкевіч
«Зразумела, што і пяць год таму апазыцыя праводзіла гэты тэст. Тады сто чалавек атрымалі на яго адказ, пасьля атрымалі тысяча чалавек, пасьля пяцьдзясят тысяч. Кожны раз розныя людзі праз уласны досьвед прыходзяць да гэтага разуменьня. Але адна справа — круціць студэнтаў, а іншая — калі прыйдзе брыгада зь ліцейнага цэху і іх таксама паспрабуюць скруціць. Гэткім чынам, новыя людзі таксама атрымаюць свой досьвед. Улады таксама мусяць гэта разумець».

Збор подпісаў за правядзеньне Народнага сходу прадоўжыцца да 8 верасьня, сам сход заплянаваны на 8 кастрычніка. У Менску ён мае прайсьці на плошчы Бангалор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG