Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Рымашэўскі стаў на ўлік для адбыцьця пакараньня


Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі стаў на ўлік для адбыцьця пакараньня.

20 траўня суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў Рымашэўскага да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна. Экс-кандыдат у прэзыдэнты прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД, Рымашэўскі ўстаў на ўлік жніўня 11 у Фрунзенскім РУУС Менску. Ён абавязаўся не зьмяняць месца жыхарства, не пакідаць больш чым на месяц межы Менску, не быць фігурантам крымінальных або адміністрацыйных спраў, зьвязаных з парушэньнем грамадзкага парадку.

Падчас пастаноўкі на ўлік палітык заўважыў у сваёй справе карткі з падрабязнай інфармацыяй, запоўненыя на яго, яго жонку, яго сваякоў і сваякоў жонкі. У просьбе азнаёміцца са зьместам гэтых картак яму адмовілі.

Рымашэўскі лічыць гэты факт "незаконным і абуральным". "Дзеяньні міліцыі парушаюць не толькі мае правы, але і правы маіх сваякоў. Я лічу неправамерным далучэньне да справы зьвестак пра іх. Гэта значыць, што ў любы момант мяне могуць арыштаваць па фіктыўнай справе, напрыклад, за нецэнзурную лаянку і размахваньне рукамі. Да таго жа пад перасьлед і ціск могуць патрапіць таксама мае сваякі", - цытуе палітыка прэс-служба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG