Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюджваў кнігі – трапіў пад суд


Алесь Яўдаха ў судзе
Алесь Яўдаха ў судзе
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць заснавальніка беларускамоўнага інтэрнэт-сэрвісу "Кнігі поштай" Алеся Яўдахі. Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а менавіта — парушэньнях пры распаўсюдзе беларускіх кніг поштай.

Восьмы дзень судовага працэсу над Алесем Яўдахам быў прысьвечаны допыту чарговай групы сьведак. Агулам у судзе заяўлена 230 сьведак з боку абвінавачаньня. Гэта менчукі і людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, якія набывалі беларускія кнігі з дапамогай Алеся. Але выказваюцца яны на карысьць абвінавачанага:

Замаўляў кнігі і дыскі праз старонку ў інтэрнэце, а цяпер вось сьведка
"Я сам са Смаргоні — замаўляў кнігі і дыскі праз старонку ў інтэрнэце, а цяпер вось сьведка. Хачу сказаць, што гэта была ці не адзіная магчымасьць атрымаць беларускія кнігі і музыку ў рэгіёнах. Зразумела, што рэпрэсіі дабраліся і да Алеся, бо нічога ён не рабіў такога, каб распачынаць супраць яго крымінальную справу. Ён займаўся культурніцкай дзейнасьцю, але ў сучаснай Беларусі за гэта ўжо судзяць".

Алесь Яўдаха дасылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія цяжка набыць у дзяржаўных крамах. Пракуратура ўгледзела ў гэтым незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд. Выдаўцы і распаўсюднікі кніг зазначаюць, што дзейнасьць Алеся Яўдахі — гэта ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мовы і культуры. Гаворыць Настасься Мацяш, якая прыйшла падтрымаць Алеся Яўдаху ў судзе:

"Я ведаю Алеся і ягоную працу — яна не абмяжоўваецца толькі распаўсюдам кніг. Алесь удзельнічае ў выданьні беларускай літаратуры, у прыватнасьці ў перавыданьні кнігі Сяргея Дубаўца, "Карлсана" па-беларуску і многіх іншых. Мне дзіўна, што гэтая праблема паўстала ўвогуле. Мне падаецца, што гэта чарговае зьвяно аднаго і таго ж ланцуга".

Адзінае маё засмучэньне, што людзі, якім я дапамагаў, маюць нязручнасьці, ходзячы цяпер па судах
Паводле выстаўленага абвінавачаньня, Алесю Яўдаху пагражае ад двух гадоў абмежаваньня волі да трох гадоў турмы. Пра свае паслугі аматарам беларускага слова ён не шкадуе і чуецца спакойна. Вось што Алесь паведаміў для Радыё Свабода:

"Настрой у мяне нармальны. Не асабліва, канечне, весела, але і трагедыі ніякай я ня бачу. Адзінае маё засмучэньне, што людзі, якім я дапамагаў, маюць нязручнасьці, ходзячы цяпер па судах".

Наступнае судовае паседжаньне ў справе Алеся Яўдахі прызначанае на чацьвер, 11 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG