Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка шантажуе Саакашвілі"


Саакашвілі і Лукашэнка, 2006
Саакашвілі і Лукашэнка, 2006
У апошнія тыдні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі некалькі разоў публічна заявіў пра тое, што Захаду ня варта ціснуць на Беларусь, ізаляваць Беларусь, бо гэта цалкам аддае краіну пад кантроль Масквы. У чым прычыны гэтага? Пра гэта Юры Дракахруст гутарыў з палітычным аглядальнікам грузінскай службы нашага радыё Кобам Ліклікадзэ.

Дракахруст: Коба, можна прыгадаць, як у 2006 годзе у артыкуле ў International Herald Tribune за два дні да выбараў прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заклікаў Захад фактычна да зьмены ўлады ў Беларусі. Чаму цяпер ён кажа цалкам адваротнае?

Ліклікадзэ: Я б дадаў, што ўчора Саакашвілі, сустракаючыся зь сялянамі ва ўсходняй Грузіі, паабяцаў, што ў Беларусі будуць закупленыя тысячы трактароў і камбайнаў.

Я мяркую, што пасьля 2006 году Саакашвілі робіцца ўсё больш падобным на дыктатара Лукашэнку. Варта прыгадаць разгоны мітынгаў у 2007 годзе, ў 2009 годзе, у траўні сёлета, вайну ў жніўні 2008 году. Дыктатарскія звычкі Саакашвілі праявіліся і калі нядаўна былі затрыманыя грузінскія фатографы, у тым ліку і яго асабісты фатограф. Гэта спарадзіла велізарны скандал, іх вызвалілі, хаця яны і прызналі сваю віну, як кажуць, пад жорсткім ціскам у турме. Я мяркую, што калі Саакашвілі абараняе спадара Лукашэнку, ён неяк бачыць уласную будучыню. Яго празаходнія памкненьні і заявы, супрацоўніцтва з Захадам, тое, што 1750 грузінскіх салдат знаходзяцца ў Аўганістане -- гэтага недастаткова для далучэньня да заходняй цывілізацыі. І раней ці пазьней, калі ён ня вернецца на шлях дэмакратыі, яго чакае сытуацыя ізгойства, такая самая, як у Лукашэнкі.

Дракахруст: Збліжэньне афіцыйных Менску і Тбілісі пачалося яшчэ ў 2008 годзе. Як да гэтага, да таго, што Саакашвілі выступае адвакатам Лукашэнкі, ставіцца грузінская апазыцыя? Нядаўна было апублікаванае інтэрвію Ніно Бурджанадзэ, у якім яна папракала Захад за падвойныя стандарты, паводле яе, Захад бачыць дыктатуру Лукашэнкі, але ня бачыць дыктатуры Саакашвілі. Але яна нічога не казала аб ролі адваката Лукашэнкі, якую выконвае грузінскі прэзыдэнт.

Ліклікадзэ: Грузінская апазыцыя неаднастайная. Але амаль усе апазыцыянэры выказваюць непаразуменьне, навошта такая зацятая абарона Лукашэнкі з боку спадара Саакашвілі. Ён заходні палітык, сябруе з заходнімі краінамі, зьяўляецца стратэгічным партнэрам ЗША, якія робяць усё, каб незаконна арыштаваныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі выйшлі з турмы.

Ёсьць, зразумела, той чыньнік, што Лукашэнка, насуперак чаканьням многіх, не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. І Саакашвілі нібыта павінны яму аддзячыць за гэта.
Але ў апазыцыі ўсё ж дамінуе думка, што прычына ў тым, што Саакашвілі зь цягам часу стаў падобны на Лукашэнку.

Ён, праўда, вымушаны цярпець у Грузіі дэмакратыю, шматпартыйнасьць, апазыцыйны друк, які ён ненавідзіць. І ён не губляе магчымасьці, каб пазьдзекавацца над прадстаўнікамі незалежных СМІ, ёсьць выпадкі і арыштаў незалежных журналістаў па адвольных абвінавачваньнях. Але ён цярпіць гэта толькі таму, што атрымлівае грошы ад Захаду, за кошт заходніх грошай Грузія фактычна выжыла з 2008 году. Але ў іншай сытуацыі Саакашвілі будзе паводзіць сябе гэтак жа, як і Лукашэнка. Ён і цяпер вельмі жорстка кіруе краінай, гэта фактычна аднапартыйная дзяржава. Па ўсёй краіне - ад сталіцы да апошняй вёскі, няма месца, дзе прадстаўнік апазыцыі быў бы хаця б шэфам паліцыі ці намесьнікам мэра гораду. Усё ў руках партыі Саакашвілі - усе фінансы, усе рэсурсы.

Дракахруст: Вы ўжо прагадалі пра Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Можна таксама прыгадаць, што Віктар Юшчанка, таксама празаходні палітык, калі быў прэзыдэнтам, таксама актыўна выконваў ролю адваката Лукашэнкі на Захадзе, за што кіраўнік Беларусі яму публічна шчыра дзякаваў. Юшчанку, здаецца, ніхто не абвінавачваў у дыктатарскіх схільнасьцях, лёс Лукашэнкі яму і пагражаў і не пагражае. Але ж вось падтрымліваў. Дык можа і ў паводзінах спадара Саакашвілі пераважае ня столькі ўзаемная сымпатыя аўтарытарыяў, колькі геапалітычны разьлік?

Ліклікадзэ: Сапраўды, геапалітыка адыгрывае вырашальную ролю. Адразу пасьля сыходу Шэварнадзэ гэта спрабавалі ігнараваць. Шэварнадзэ заўсёды казаў, што ёсьць заходнія інтарэсы і ўсходнія інтарэсы. І калі паміж імі ёсьць канфлікт, Грузія прайграе.

ЗША - гарант стабільнасьці і дэмакратычнага разьвіцьця Грузіі, і Саакашвілі павінен прымаць рэкамэндацыі ЗША.

Але ён - вельмі непрадказальны чалавек. З аднаго боку, ён выдатны прамоўца, выдатны лябіст, у яго шмат сяброў у заходніх краінах. А з другога боку, ён ігнаруе незалежныя СМІ і грэбуе апазыцыяй.

Апазыцыя, якая ў значнай ступені складаецца зь ягоных былых паплечнікаў, абвінавачвае яго ў тым, што адным са сваіх першых крокаў на пасадзе прэзыдэнта ён пашырыў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы і дыскрымінаваў парлямэнт, той орган, які ва ўсіх краінах зьяўляецца пашпартам дэмакратыі.

Вы казалі пра Юшчанку. Але Юшчанка не арыштоўваў сваіх былых паплечнікаў і не адбіраў у свайго народа свабодныя выбары. Цяпер у Грузіі мараць пра іх і апазыцыйныя партыі, апэлюючы да Захаду, дамагаюцца, каб хаця б адзін раз падчас кіраваньня "дэмакрата" Саакашвілі правесьці сапраўдныя дэмакратычныя выбары ў 2012 годзе.

Дракахруст: Вы сказалі, што Саакашвілі - выдатны лябіст. Дык можа ён і здолее пралябіраваць на Захадзе інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі? Наколькі прыслухаюцца да словаў грузінскага лідэра ў Вашынгтоне і Бруселі?

Ліклікадзэ: Я ня думаю, што да Саакашвілі там прыслухаюцца. Для Захаду Лукашэнка - апошні дыктатар Эўропы. Я спадзяюся, што гэтая пазыцыя ня зьменіцца.

А Саакашвілі ў час, калі ў Менску жорстка разганялі мітынгі, віншаваў Лукашэнку зь перамогай на выбарах і пасылаў вітаць Лукашэнку сьпевака Вахтанга Кікабідзэ. Я мяркую, што Лукашэнка шантажуе Саакашвілі. Лукашэнка - майстра шантажу. Перад апошнімі выбарамі ён шантажаваў Захад, пасьля - Маскву, цяпер у яго няма грошай, цяпер ён шантажуе Саакашвілі. Калі ён ня будзе працягваць абараняць Лукашэнку на Захадзе, Лукашэнка можа прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.

Намёкам на гэта сталі вынікі галасаваньня ў ААН па рэзалюцыі аб праве вяртаньня грузінскіх уцекачоў у гэтыя аўтаноміі. Беларусь (як, дарэчы, і Ўкраіна) устрымалася. Гэта пасланьне Саакашвілі. Калі ён зараз вернецца да рыторыкі 2006 году і будзе крытыкаваць Лукашэнку, як гэта робяць іншыя лідэры дэмакратычных краін, Лукашэнка можа прыгадаць сваё абяцаньне прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Я мяркую, што Саакашвілі цяпер гэтага вельмі баіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG