Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнку вярнулі на Валадарку


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка, хутчэй за ўсё, знаходзіцца ў сьледчым ізалятары МУС на вуліцы Валадарскага.

Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка палітыка: "Я зьвязалася з адвакатам, ён зьезьдзіў у СІЗА, дзе яму выпісалі ордэр на сустрэчу зь Дзьмітрыем", — распавяла Вольга Бандарэнка.

Як паведамлялася раней, сёньня прыкладна ў 10:00 Зьмітра Бандарэнку даставілі ў 5-ы клінічны шпіталь Менску, дзе 26 ліпеня яго павінны апэраваць.

"Я прайшла ў прыёмнае аддзяленьне, каля ўваходу стаялі Дзімавы сябры, — распавяла Вольга Бандарэнка. — Увайшоў чалавек у цывільным і сказаў, што калі мы ня хочам непрыемнасьцяў, то павінны разысьціся. Я была ўнутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, зьехала".
Я была ўнутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, зьехала

Па словах жонкі палітыка, лекары ўжо практычна аформілі дакумэнты, але калі Бандарэнку павезьлі, іх "паклалі ў шуфляду".

Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году, Зьміцер Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі за "арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны ўдзел у іх".

Пасьля затрыманьня ў сьнежні мінулага году і знаходжаньня пад вартай у СІЗА КДБ у яго абвастрыліся хранічныя захворваньні. У траўні яго агледзеў нэўроляг, які заявіў, што зьняволенаму патрэбна апэрацыя — у яго дыягнаставаныя чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленьне трох сьпіннамазгавых нэрваў. У чэрвені стан зьняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў мэдсанчастку, а затым у Рэспубліканскую турэмную бальніцу. Бандарэнку паставілі перад выбарам: адпраўка ў калёнію або апэрацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на апэрацыю. Пры гэтым у кансультацыі нэўрахірурга асуджанаму адмовілі. Фактычна размова ідзе аб прымусовай апэрацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Зьмітра.

Неадкладна вызваліць Зьмітра Бандарэнку афіцыйны Менск заклікаў старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк. У эфіры радыёстанцыі "Polskie Radio" 24 ліпеня ён заявіў: у адносінах да Бандарэнкі беларускія ўлады паводзяць сябе "агідна і бесчалавечна". У вязьня "сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам, ён мае патрэбу ў спэцыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі", канстатаваў Бузэк. "Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманьне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя і можа нават прывесьці да інваліднасьці", — падкрэсьліў кіраўнік Эўрапарлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG