Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне зь сядзібай


Партыя БНФ атрымала афіцыйнае апавяшчэньне суду аб прымусовым высяленьні зь сядзібы ў цэнтры Менску (праспэкт Машэрава, 8) 26 ліпеня.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Мы атрымалі 6 лістоў ад судовых выканаўцаў гарадзкога гаспадарчага суду на кожную са структураў, якія зарэгістраваныя на Машэрава, 8. У іх гаворыцца, што 26 ліпеня адбудзецца прымусовае высяленьне. Ад нас патрабуюць забясьпечыць у гэты момант прысутнасьць кіраўніцтва. Патрабуюць ад ЖРЭА забясьпечыць прысутнасьць працоўнай сілы, транспарту для вывазу нашых рэчаў і магчымасьці для прымусовага адмыканьня замкоў. Ад РУУСа патрабуюць забясьпечыць правапарадак падчас працэдуры прымусовага высяленьня».

Аляксей Янукевіч адзначыў, што такія дзеяньні ўладаў ня сталі нечаканымі.

«Было бачна, што апошнія некалькі месяцаў улады не рабілі ніякіх рэзкіх крокаў. Вельмі мэтадычна і плянамерна рабіліся дзеяньні, каб пазбавіць Партыю БНФ гэтага памяшканьня. То бок такое кола звужалася, і вось можна казаць пра факт прымусовага высяленьня. Безумоўна, гэта пацьвярджае, што сутнасьць улады не зьмяняецца. І ні ў якай ступені не зьмяняецца стаўленьне да палітычных апанэнтаў, да палітычнай апазыцыі. То бок захоўваецца тэндэнцыя, якая распачалася ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, на татальны ціск і здушэньне».
Нейкага фізычнага супрацьстаяньня арганізоўваць няма сілаў, і такой задачы ня ставіцца.

Ці будуць сябры Партыі БНФ бараніць сядзібу? Спадар Янукевіч адзначыў, што на сёньняшняй нарадзе было прынятае рашэньне правесьці напярэдадні 25 ліпеня а 18 гадзіне акцыю разьвітаньня зь сядзібай.

«Мы запрашаем усіх людзей, якім дарагое гэтае памяшканьне. Аднак нейкага фізычнага супрацьстаяньня арганізоўваць няма сілаў, і такой задачы ня ставіцца. То бок у сілавым супрацьстаяньні сёньня ўлада перамагае. Напэўна, яны і разьлічвалі на такі сцэнар, каб прыйсьці і чарговым разам прадэманстраваць, што за кошт сілы яны вырашаюць усе пытаньні. Мы вырашылі гэта правесьці па сваім сцэнары. Мы вымушаныя зрабіць тактычны крок і перанесьці штаб з памяшканьня. Але гэта ня будзе азначаць, што ўлады зьнішчылі БНФ і зьнішчылі асяродкі для выяўленьня вольнай, непадкантрольнай думкі. Гэта будзе працягваць існаваць, як мы перакананыя, часова ў іншым месцы».

А што гэта будзе за месца? Пра гэта абвесьцяць на разьвітальнай акцыі.

Аляксей Янукевіч. З фотарэпартажу «Партыя БНФ рыхтуецца да высяленьня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG