Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два новыя сьмяротныя пакараньні ў Беларусі


Расстраляныя два жыхары Горадні — Алег Грышкавец і Андрэй Бурдыка, якім каля году таму была прысуджаная найвышэйшая мера пакараньня. Пра гэта паведамляе газэта "Вечерний Гродно".

Прысуд у справе аб забойстве трох чалавек вынесены Гарадзенскім абласным судом 14 траўня 2010 году. Злачынства было ўчынена ўначы 14 кастрычніка 2009 году ў кватэры дому на вуліцы Кабяка ў Горадні. Пажарныя, якія прыбылі ліквідаваць узгараньне, знайшлі трупы 65-гадовага гаспадара, яго 34-гадовай нявесткі і яе 52-гадовай знаёмай. Зьнік сын маладой жанчыны, пяціклясьнік.

Сьледзтва выявіла, што 28-гадовы і 29-гадовы раней судзімыя жыхары Горадні зьявіліся ў гэтай кватэры позна вечарам 13 кастрычніка падмаркай супольнага расьпіцьця сьпіртных напояў, маючы намер завалодаць маёмасьцю гаспадароў. Прыблізна ў 2.00 14 кастрычніка з малазначнай нагоды яны распачалі сварку з гаспадарамі, падчас якой забілі трох чалавек: мужчыну і дзьвюх жанчын. Школьніку, які знаходзіўся ў кватэры, злачынцы прыгразілі забойствам, калі ён каму-небудзь раскажа пра ўбачанае. Пасьля гэтага яны падпалілі кватэру і пайшлі, узяўшы з сабой камп'ютар, іншыя рэчы.

Спрабуючы паехаць далей ад Горадні, злачынцы спынілі таксі і прапанавалі вадзіцелю завезьці іх у Менск або Маскву, маючы намер разьлічыцца зь ім выкрадзеным камп'ютарам. Калі ён адмовіўся, прыгразілі забіць і нават паспрабавалі ўдарыць нажом, аднак лёгкапараненаму таксісту ўдалося ўцячы.

Затым злачынцы паспрабавалі выкрасьці "Аўдзі-80" зь неахоўванай стаянкі, але зрабіць ім гэта не ўдалося. З салёну яны выкралі пасьведчаньне кіроўцы, тэхпашпарт на аўтамабіль і іншыя дакумэнты.

Пасьля гэтага маладыя людзі зь дзіцем накіраваліся ў кватэру аднаго зь іх, каб абмеркаваць далейшыя пляны. Там іх затрымала міліцыя.

Абласны суд прызнаў абодвух вінаватымі ва ўчыненьні цяжкіх злачынстваў.

Пасьля вынясеньня прысуду асуджаныя напісалі просьбу аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, але атрымалі адмову.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару – адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG