Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запрашае люксэмбуржцаў у Беларусь шукаць карысныя выкапні


Беларусь зацікаўлена ў прыходзе замежных інвэстараў для распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, у тым ліку калійных. Аб гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў 18 ліпеня на сустрэчы з кіраўніцтвам групы кампаній Boulle Mining Group.

А.Лукашэнка адзначыў, што з улікам росту попыту на карысныя выкапні, у тым ліку калійныя, у Беларусі дастаткова прапаноў інвэстараў па распрацоўцы ўжо вядомых і новых радовішчаў. Паводле яго слоў, беларускі бок зараз выбірае з гэтых прапаноў найбольш выгадныя.

"Вы – людзі заможныя, багатыя, гатовыя працаваць у Беларусі, – сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніцтва групы кампаній Boulle Mining Group. – Нам прадказвалі ці ледзь ня крах эканомікі, але калі інвэстары ідуць у нашу краіну, значыць, да краху яшчэ далёка".

Кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу на тое, што для Беларусі вельмі важнае пытаньне разьведкі прыродных рэсурсаў. "Мне здаецца, мы далёка ня ўсе ведаем пра тое, чым валодаем", – сказаў ён. Паводле слоў прэзыдэнта, геолягаразьведка і прамысловае асваеньне прыродных багацьцяў" набываюць асаблівую актуальнасьць". Да таго ж у Беларусі ёсьць вопыт і адпаведныя структуры для вядзеньня геолягаразьведкі і прамысловай распрацоўкі радовішчаў.

Зьвяртаючыся да кіраўніка групы кампаній Жан-Раймону Булю, Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі знаёмыя зь дзейнасьцю групы, яе вопытам у геолягаразьведцы і сучасных мэтадах здабычы мінэральнай сыравіны. "Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў гэтым напрамку, – падкрэсьліў беларускі кіраўнік. – Мы зацікаўлены ў найноўшых тэхналёгіях і маштабных аб'ёмах капіталаўкладаньняў".

Па словах Лукашэнкі, выкарыстаньне прыродных рэсурсаў мае ня толькі чыста эканамічны інтарэс, але і велізарнае сацыяльна-палітычнае значэньне. У першую чаргу гэта тычыцца галоўнага рэзэрву – калійных соляў, па запасах якіх Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце. Лукашэнка нагадаў, што з трох адкрытых буйных радовішчаў здабыча вядзецца пакуль толькі на адным – Старобінскім, два іншыя – Кастрычніцкае і Петрыкаўскае – пакуль яшчэ недастаткова распрацаваныя. Прэзыдэнт пацьвердзіў зацікаўленасьць у іх распрацоўцы.

"Вы – адна з кампаній, якая зацікаўлена ў геолягаразьведцы ў нашай краіне, і ня толькі ў напрамку пошуку калійных соляў, але і па іншых напрамках, а таксама зацікаўлена ў распрацоўцы гэтых радовішчаў", – сказаў Лукашэнка. У той жа час ён падкрэсьліў, што Беларусь будзе мець справу зь любой кампаніяй, калі яна здольная "на сёньняшні дзень прыйсьці і працаваць, а ня проста абяцаць".

"Вы можаце абяцаць, але я вам адразу скажу, што калі зьявяцца новыя кампаніі, якія заўтра гатовыя працаваць, мы будзем працаваць зь імі", – заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Мы хочам, каб нашы дамоўленасьці былі канкрэтнымі і спрэсаваныя ў часе, па-дзелавому, як гэта прынята ў вас, у людзей буйнога бізнэсу", - дадаў ён.

Лукашэнка таксама выказаў жаданьне пачуць ад прысутных, у тым ліку ад ураду, на якім узроўні знаходзяцца дамоўленасьці з інвэстарам.

Жан-Раймон Буль у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь валодае вялікімі запасамі карысных выкапняў. Ён распавёў аб багатым вопыце яго кампаніі ў частцы геолягаразьведкі і здабычы карысных выкапняў ў многіх краінах. Што ж тычыцца Беларусі, то інвэстар адзначыў: "Беларусь дасягнула вялікіх посьпехаў. Спадзяюся, людзі ў Амэрыцы, Эўропе будуць больш справядлівыя да вашай краіне і змогуць лепш зразумець тое дабро, якое вы зрабілі для вашай краіны", – цытуе суразмоўцу Лукашэнкі прэс-служба прэзыдэнта.

Boulle Mining Group зьяўляецца групай прыватных кампаній, галоўны офіс знаходзіцца ў Люксэмбургу. Асноўны напрамак дзейнасьці – стратэгічнае інвэставаньне ў прыватныя і дзяржаўныя кампаніі, занятыя ў сфэры маркетынгу, будаўніцтва, геалягічнай разьведкі і здабываючай прамысловасьці па ўсім сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG