Прыкметы архаічнасьці і сучаснасьці, вобразы мілыя роднага краю, разбурэньні і аднаўленьні лепшых аб’ектаў нашай спадчыны, а таксама клопат людзей пра хлеб надзённы у аб’ектыве фотаблогу з Палесься.
Сёньня – пра сакральныя аб’екты Берасьцейшычы, пра аднаўленьне храмаў і традыцый.
Заходняе Палесьсе зьяўляецца бадай самым рэлігійным рэгіёнам Беларусі, тут шырока распаўсюджаныя праваслаўе, каталіцызм, пратэстанцтва. Барацьба савецкай улады з рэлігіяй скончылася правалам: цэрквы, касьцёлы, малітоўныя дамы адбудаваныя, і сьцежкі да іх не зарастаюць.
Палесьсе – край прыдарожных крыжоў. Здаўна іх ставяць на канцах вёсак, на скрыжаваньнях, пры дарогах на могілкі. Крыжы ўвешаныя ахвярнымі рушнікамі стужкамі, кветкамі. Гэтаму крыжу на ўскрайку вёскі Камароўка Берасьцейскага раёна каля ста гадоў. Калі яго паставілі, мясцовыя жыхары прыгадаць ня могуць, галоўнае, што Саветы не сьпілавалі.
Апошнім часам крыжы вярнуліся на ранейшыя месцы па ўсіх палескіх вёсках. Іх ставяць цяпер нават у лясах. Новы крыж на раздарожжы ў лесе за 40 кілямэтраў ад Берасьця.
Палесьсе – край блакітных цэркваў, амаль усе старыя драўляныя цэрквы тут пафарбаваныя ў гэты колер. Стогадовая царква ў Дамачава Берасьцейскага раёна, якая зьяўляецца помнікам архітэктуры, яскравы прыклад гэтага.
Але не ўсе цэрквы захаваліся. У суседняй з Дамачавам вёсцы Збунін царкву разбурылі. Ікону з гэтай царквы зьберагла адна жанчына, два гады таму, пасьля яе сьмерці, старажытную ікону перадалі ў Дамачаўскую царкву.
Пры савецкай уладзе ў Дамачаўскім касьцёле было сховішча, зараз касьцёл аднавілі. Побач захаваўся знак у памяць паўстанцаў 1863 году з надпісам па-польску: “Гонар палеглым за Айчыну”.
У вёсцы Моладава Іванаўскага раёну царква зьбераглася, у храм з музэя вярнулі і ўнікальны старажытны звон. Але жыхары вырашылі пабудаваць побач яшчэ адну царкву.
У некаранаванай сталіцы Палесься Пінску на месцы помніка Леніну калісьці стаяў самы вялікі ў Беларусі барочны касьцёл Сьвятога Станіслава, ён быў разы ў два вышэйшы за калегіюм езуітаў, што захаваўся і ў якім цяпер Музэй Палесься. У 1950-я годзе велічны касьцёл разбурылі, таксама як Рынкавую плошчу і Вялікую сынагогу. Страта для Беларусі непапраўная – пінскі касьцёл Сьвятога Станіслава па маштабах быў параўнальны з Храмам Хрыста Збаўцы ў Маскве. Толькі той храм у расейскай сталіцы аднавілі, а наш у Пінску – не.
Ролю каталіцкага цэнтра Палесься цяпер выконвае пінскі касьцёл і кляштар францысканцаў.
У двары Берасьцейскага касьцёла вернікі паставілі помнік папу Яну Паўлу Другому.
Сьвята-Мікалаеўская царква, якая разам з крэпасьцю паўстала 150 гадоў таму на тэрыторыі разбуранага на загад расейскага цара гістарычнага Берасьця, таксама шмат перажыла ў часе войнаў і рэвалюцый, але была адноўленая. У розныя часы у ёй былі каталіцкі касьцёл, клюб чырвонаармейцаў, сховішча. Росьпісы ў царкве дагэтуль не адноўленыя.
Сьлед адной з войнаў – могілкі салдат арміяў Нямеччыны, Аўстрыі, Расеі ў Дамачаве. Агульныя могілкі пабудаваныя ў 30-я гады ўладамі новай Польшчы, краіны якую калісьці дзялілі тры агрэсіўныя імпэрыі.
Цяпер на гэтых могілках гаспадараць буслы.