Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопца з пратэзам рукі судзілі… за гарачыя воплескі


Нягледзячы на ўчарашні разгон маўклівых акцыяў пратэсту па ўсёй Беларусі і сёньняшнія суды над затрыманымі, актывісты ў рэгіёнах рыхтуюцца да наступнай акцыі сацыяльных пратэстаў, якая мае адбыцца 13 ліпеня.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Журналіст Алесь Асіпцоў пакараны арыштам

Сёньня судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Ірына Ланчава пакарала незалежнага журналіста Алеся Асіпцова адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

Суды ў Магілёве над затрыманымі падчас апошніх пратэстных акцыяў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце, распачаліся ў чацьвер у другой палове дня. Акрамя Алеся Асіпцова, арыштаваны на 5 сутак Аляксандар Кісялёў. Грашовы штраф у 30 базавых велічыняў атрымаў Віталь Заблоцкі.

Карэспандэнт «Свабоды» патэлефанаваў на кватэру да Алеся Асіпцова. Яго жонка Алеся сказала, што яна й дзьве дачкі вельмі засмучаныя прысудам і лічаць яго несправядлівым.

«Алесь — выдатны муж, бацька і журналіст, — кажа Алена Асіпцова. — Дзякуючы яму ўся Беларусь своечасова даведваецца пра падзеі на Магілёўшчыне. Мы разам з Алесем ужо шмат гадоў. Гадуем дзьвюх цудоўных дачок школьнага ўзросту. А пазнаёміліся зь ім у юнацкія гады праз удзел у БНФ.

Я падтрымліваю свайго мужа і падзяляю яго палітычныя погляды. Лічу, што наша краіна мае патрэбу ў пераменах, і лічу, што нашы дзеці павінны жыць у вольнай краіне. Жыве Беларусь!».

У сераду, 6 ліпеня, на акцыі ў Магілёве затрымалі 8 чалавек. Акрамя таго, ва ўласных кватэрах былі затрыманыя Алесь Асіпцоў, Віталь Заблоцкі і Аляксандар Сімановіч. Сёньня, 7 ліпеня, затрымалі праваабаронцу Барыса Бухеля. Да суду ўсе яны знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Жорсткія затрыманьні і ня менш жорсткія прысуды

Гарадзенскія праваабаронцы сьведчаць, што ўчора ў Горадні падчас акцыі «маўклівых» затрымалі каля 70 чалавек. Некаторым з затрыманых давялося выклікаць хуткую дапамогу. Сёньня адбываюцца суды — выракі ня менш жорсткія.

У сераду, 6 ліпеня, падчас затрыманьняў дасталося журналістцы «Вячэрняга Гродна» Паліне Жураўлёвай, якая проста гуляла зь сяброўкай па крамах. Сёньня журналістка кажа, што ў яе болі ў галаве, таксама баліць сьпіна і рука ў локці.
Я апынулася на зямлі, моцна ўдарылася галавой й сьпінай.

«На нас накінуліся дзьве невядомыя дзяўчыны, а потым да іх далучыліся нейкія маладыя людзі. У выніку мяне перакулілі некалькі разоў, я апынулася на зямлі, моцна ўдарылася галавой і сьпінай. Затым мяне кінулі ў мікрааўтобус, а на мяне яшчэ кінулі сталага спадара, якія мяне прыдушыў».

Прафэсар Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту Алесь Астроўскі здымаў акцыю на тэлефон. Яго таксама забралі ў аўтобус. Прафэсар кажа, што назіраў жудасныя рэчы:

«Там быў віск, піск, крычалі жанчыны… Але самае страшнае было, калі пачалі хапаць чалавека, у якога на сьпіне быў маленькі хлопчык гадоў 3–4. Міліцыянты хапалі бацьку, а дзіця крычала немым голасам. Людзі кінуліся адбіваць, і, здаецца, ім гэта ўдалося».

Спадарыня Алена чакала сына, які вяртаўся зь бібліятэкі. Калі яна пабачыла, як затрымліваюць людзей, то пачала гэта здымаць. Да яе падляцелі двое ў цывільным і забралі фотаапарат. Пасьля атрымала званок ад сына — яго схапілі. Ён змог толькі паведаміць, што пры затрыманьні згубіў абутак і шапку.

Па словах суразмоўніцы, яна цэлы вечар шукала сына па пастарунках:
Я адразу кінулася пісаць заяву ў судова-мэдычную экспэртызу, а там сядзіць жанчына-міліцыянт і сьмяецца нам у твар.

«Калі апошнім выйшаў мой сын, я як убачыла — на ілбе ў яго вялікая гематома, куртка парваная — жах! Я адразу кінулася пісаць заяву ў судова-мэдычную экспэртызу, а там сядзіць жанчына-міліцыянт і сьмяецца нам у твар, кшталту, пішыце-пішыце, пісары, усё роўна з вашай пісаніны нічога ня будзе».

Сёньня ў Горадні працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі акцыі 3 ліпеня. Спадарыня Кацярына, якую затрымалі разам з мужам, кажа, што судзьдзя нават ня слухала яе аргумэнтаў і вынесла максымальны прысуд — 1 мільён 50 тысяч штрафу:

«На здымках мне паказвалі іншую дзяўчыну і казалі, што гэта я. Судзьдзя павышала голас і пачала мяне блытаць. Я казала, што не была пад Ратушным. Я калі прыйшла, ужо на вуліцы было пахмурна і цямнела. А мне пачалі казаць, што я перафарбавала валасы, каб не маглі даказаць, што на здымках я».

Спадара Канстанціна таксама асудзілі на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Адзін сьведка пераконваў суд, што затрыманы пляскаў у ладкі. Бацька спадара Канстанціна ня вытрымаў у залі суду і заявіў: як гэта можна, калі мой сын інвалід, у яго замест рукі пратэз…

Спадар Канстанцін: «Судзьдзя ўсё гэта праслухала, а потым апусьціла галаву і сказала: штраф 1 мільён 50 тысяч рублёў».

Інфармацыю карэспандэнта «Свабоды» дапаўняе апэратыўнае паведамленьне сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту на Гарадзеншчыне Рамана Юргеля. У 15 гадзін ён быў сьведкам масавай адпраўкі ў суды затрыманых напярэдадні ўдзельнікаў акцыі «маўклівых».

Юргель: «Увогуле гэта зьдзек з грамадзян пасьля гвалтоўных затрыманьняў і выкарыстаньня фізычнай сілы ды нават затрыманьняў выпадковых мінакоў на вуліцы, якія маўкліва пратэставалі. Гэта ня ёсьць адміністрацыйнае парушэньне. Па-другое, міліцыянты затрымлівалі выпадковых людзей, нават сем’ямі, разам зь дзецьмі. Увогуле, у гэтай сытуацыі дзейнічае ня сіла закону, а закон сілы…».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


30 сутак арышту за маўчаньне на вуліцы

Руслан Усьціменка
Андрусь Цянюта
У Гомелі ўлады працягваюць жорстка перасьледаваць удзельнікаў «маўклівай» акцыі пратэсту. Дэмакратычнага актывіста Руслана Ўсьціменку, які быў прэвэнтыўна затрыманы спэцназам 2 ліпеня нібыта за лаянку і асуджаны на 15 сутак арышту, сёньня зноў пакаралі 15-суткавым арыштам.

У чацьвер міліцыянты прывезьлі Руслана ў кайданках з ізалятара ў суд Цэнтральнага раёну Гомелю, і судзьдзя Алена Цалкова прысудзіла Ўсьціменку яшчэ раз адміністрацыйны арышт — за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 29 чэрвеня, але, паводле сьведчаньня міліцыянтаў, зноў-такі нібыта за лаянку. Гэта ўжо трэцяе адміністрацыйнае пакараньне 22-гадоваму хлапцу, бо ў чэрвені за выхад на цэнтральную плошчу Руслана аштрафавалі на 770 тысяч рублёў.

У судзе ў гэты час знаходзіўся сябар «Маладога фронту» Андрусь Цянюта: «Руслан Усьціменка быў асуджаны ў панядзелак на 15 сутак, а сёньня атрымаў яшчэ 15 — агулам 30 сутак сядзець. Улады думаюць, што ён адзін з арганізатараў „Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“. У залю суду нікога не пусьцілі, спаслаўшыся на тое, што суд закрыты».

Сам Андрусь Цянюта напярэдадні выйшаў з ізалятара, адседзеўшы за кратамі 5 сутак. Яго 1 ліпеня міліцыянты прэвэнтыўна затрымалі ў двары дома, каб 3 ліпеня не выходзіў на плошчу. З пастарунку Чыгуначнага раёну Андруся адразу адвезьлі ў ізалятар, а праз два дні — у суд. Судзьдзя Сотнікаў і пакараў Цянюту арыштам:

«Абвінавацілі мяне паводле артыкула 23.34 — быццам бы я, будучы ў сваёй кватэры, зьмясьціў на сайт „Беларускі партызан“ артыкул, у якім заклікаў народ прыйсьці 3 ліпеня да ДК глухіх на мітынг. Гэта нейкае дзікунства! Я ж не адміністратар расейскага сайту „Беларускі партызан“! Я, вядома, крыху звык да такіх дзеяньняў міліцыі, але каб так брутальна — парушэньне зрабіў у кватэры, — такой хлусьні на мяне яшчэ ня вешалі…».

Нявесту з Расеі аштрафавалі за акцыю «маўклівых»

І сёньня ж суд Цэнтральнага раёну прысудзіў нібыта за лаянку штраф у памеры 105 тысяч грамадзянцы Расеі Натальлі Белас. У Гомель яна прыехала да жаніха. Іх абаіх схапілі на вуліцы, калі затрымлівалі ўдзельнікаў «маўклівай» акцыі.

ВІЦЕБШЧЫНА


У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску сёньня разглядалі адміністрацыйныя справы супраць 15 чалавек, на якіх міліцыянты 6 ліпеня склалі пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэньне. Гэта сёстры Алена і Тацяна Пашэніны, Валянціна Ляурда, Алена Латушкіна і яе муж Кірыл Латушкін, Аляксандар Бажкоў, Вадзім Мацьвееў, Максім Станкевіч, Максім Казіміранка, Усевалад Жураўлёў, Дзьмітры Пчолкін, Яўген Селязьнёў, Дзяніс Уладзіміранка, Ульляна Хлашчанкова і Кастусь Халмачоў.

Працэс праходзіў такім чынам, што пратаколы затрыманьняў разглядаліся ўсе разам. Так прапанавала зрабіць судзьдзя Іна Грабоўская, і ніхто ня быў супраць, бо 14 затрыманых прывезьлі ў суд з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе яны правялі ноч, а потым яны яшчэ дзьве гадзіны чакалі пачатку працэсу ў аўтазаку.

Аўтазак з затрыманымі

Усе затрыманыя распавядалі ў судзе, што іх затрымлівалі ў розных месцах Віцебску — ужо пасьля таго, як акцыя маўклівага пратэсту на плошчы Перамогі скончылася. Спачатку ва ўсіх патрабавалі прад’явіць дакумэнты, а потым міліцыянты казалі, што яны падобныя да нейкіх злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку.

У судзе праглядалі апэратыўны відэазапіс, на якім было відаць, што людзі спачатку стаяць на плошчы Перамогі, а потым невялікімі купкамі рушаць па вуліцы Леніна. Усе затрыманыя адзначаюць, што натоўп рухаўся па ходніках і ў суправаджэньні супрацоўнікаў міліцыі. І ніводзін зь іх не зрабіў заўвагі і не папярэдзіў пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, як гэта прадугледжана заканадаўствам.

Кастусь Халмачоў
Больш за тое: калі Кастусь Халмачоў запытаўся ў падпалкоўніка Ігара Скарыновіча, які адказвае ў абласной управе МУС за грамадзкую бясьпеку, то атрымаў такі адказ:

«Ён лаяўся і заявіў, што ў яго „клясычны ўдар“, ад якога „ўсе валяцца з ног“. Мы ішлі побач, а потым аказалася, што я браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці, а ён, бачыце, не! Як гэта так, я не разумею!».

Кастусь Халмачоў — старэйшы з затрыманых. У пастарунак прывозілі і непаўналетніх, але іх адпускалі. Дзьмітрыя Пчолкіна вінавацяць ня толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці, але і ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Так супрацоўнікі міліцыі кваліфікавалі супольную малітву за палітвязьняў, якая штодня адбываецца на Ўсьпенскай горцы. Там Дзьмітрыя Пчолкіна і затрымалі. У актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД пры сабе была ксэракопія старонкі з «Нашай Нівы» з партрэтамі палітвязьняў. Яе міліцыянты назвалі «плякатам».

Судзьдзя перапытвала кожнага затрыманага, ці пляскаў ён у ладкі, што выклікала сьмех у залі. Прысутныя на судзе сваякі і сябры затрыманых таксама нязгодныя з абвінавачаньнем у несанкцыянаваным шэсьці пад воплескі:

«Шэсьце — гэта арганізаваны рух калёны па загадзя вызначаным маршруце з мэтамі прыцягнуць увагу да нейкай праблемы. А тут — хіба быў нейкі маршрут? Не было! Так што гэта ня шэсьце зь юрыдычнага пункту гледжаньня. А пра воплескі я ўвогуле не кажу! Толькі ж у судзьдзі ключавое пытаньне — ці пляскаў у далоні, ці не!».

Прагляд апэратыўных відэаздымак
Ніводзін з затрыманых свае віны не прызнаў. Некаторыя хадайнічалі, каб на суд выклікалі міліцыянтаў, якія іх затрымлівалі. Урэшце судзьдзя Іна Грабоўская перанесла працэс на 8 ліпеня. У гэты дзень ён пачнецца ў 9:30.

Для аднаго з затрыманых, Усевалада Жураўлёва, гэта ўжо другая адміністрацыйная справа за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Першую распачалі пасьля акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня. Міліцыянты, якія складалі пратакол, казалі, што хлопца ідэнтыфікавалі паводле відэазапісаў з камэр вулічнага назіраньня і апэратыўных відэаздымак супрацоўнікаў міліцыі і КДБ. Адзін з такіх супрацоўнікаў прысутнічаў і на сёньняшнім судзе — сядзеў у апошнім шэрагу і меў пры сабе відэакамэру.

8 ліпеня а 14 гадзіне ў Першамайскім райсудзе будзе працягнуты разгляд справы актывіста «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня. Яго затрымалі за некалькі гадзін да пачатку акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня ды склалі пратакол за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы». Судовы працэс над ім распачаўся 4 ліпеня і працягваўся 7 ліпеня. Судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна перанесла працэс, каб выклікаць дадатковых сьведак.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Судзяць удзельнікаў акцыі

Каля 300 чалавек удзельнічалі ў акцыі маўклівага пратэсту ў Берасьці. Вядома пра затрыманьне шасьці зь іх.

Падчас маўклівай акцыі ў Берасьці 6 ліпеня затрымалі 6 чалавек. Сёньня ўсіх іх даставілі ў суд. Большасьці абвінавачаных выставілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 23.34 «Парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Прысуды такія: Новік Сяргей, Мацуль Аляксандар, Вітошкін Дзяніс, Хорак Эдуард, Фядзько Станіслаў (сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага) — штраф 20 базавых велічынаў. Аляcюк Алег — 15 сутак.

Праваабаронца Рыгор Варвашэвіч і іншыя грамадзяне склалі скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў і аховы суду, якія спрабавалі ўвесьці ў зман ахвотных прысутнічаць на паседжаньні і адмаўляліся паведаміць ім, калі будзе разглядацца справа.

Сёньня зь ІЧУ вызваленыя затрыманыя 1 ліпеня Аляксандр Чаркашын і Артур Анісімаў. Берасьцейскіх актывістаў затрымалі напярэдадні маўклівай акцыі 3 ліпеня і асудзілі да 7 сутак арышту.

Актывіст Маладога фронту і адміністратар берасьцейскай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» «ВКонтакте» Яўген Скрабец паведамляе з залі суду:

«Усяго затрымана 6 чалавек. У асноўным гэта звычайныя працоўныя людзі: адзін хлопец — прараб, іншы — сьлесар на заводзе „Газаапарат“. Ёсьць і актывісты…».

Замянілі штраф на арышт

Адзін з падсудных удзельнікаў «маўклівай акцыі» Алясюк Алег Аляксеевіч, 1979 году нараджэньня, працуе гандлёвым кансультантам. Ягоная жонка — настаўніца, яны разам гадуюць трохагадовае дзіця. У судзе сп. Алясюк заявіў, што ягоны і жончын заробак разам складае 1.200.000 беларускіх рублеў, а ягоны заробак меншы, чым штраф, які яму прысудзілі.

У выніку суд прыняў рашэньне замест штрафу адправіць Алега Алясюка на суткі. За парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў яму далі 10 сутак арышту і яшчэ 5 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі. Агулам Алег Алясюк мае адседзець 15 сутак. Ягоная сям’я застаецца ў цяжкім фінансавым становішчы.

Анатоль Лябедзька: «У рэгіёнах праваахоўныя органы хутчэй адмовяцца выконваць загады»

Радыё Свабода зьвярнулася да Анатоля Лябедзькі з пытаньнем, якія пэрспэктывы маюць акцыі маўклівага пратэсту ў рэгіёнах і ці адрозьніваюцца яны ад тых, што адбываюцца ў сталіцы?

«Думаю, што наступная серада адкажа на вашае пытаньне. Калі геаграфія акцыяў пратэсту ня зьменшыцца, калі колькасьць удзельнікаў не спадзе, то можна сказаць, што беларусы ўсё ж такі выціскаюць зь сябе страх. Калі тэндэнцыя пойдзе ў адваротны бок, то можна прагназаваць, што жнівень будзе звычайны — як і ў апошнія 17 гадоў.
Чым меншы населены пункт, тым большыя рызыкі і пагрозы для людзей.

Чым меншы населены пункт, тым большыя рызыкі і пагрозы для людзей. Мы ў Менску гаворым пра акцыю пратэсту як пра зьяву досыць звычайную. Але чым далей ад Менску і чым меншы населены пункт, тым больш пэўна можна казаць, што ўдзел у акцыі — гэта геройскі ўчынак.

З другога боку, там яшчэ не такія брутальныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Бо ў рэгіёнах і гэтых супрацоўнікаў таксама ведаюць у твар. Там занадта вузкія вуліцы, каб не сустракацца адзін з адным, больш сьціслая прастора. З аднаго боку, людзям сапраўды больш складана перайсьці за рысу страху, але, з другога боку, лягчэй трапіць у героі. Там яшчэ ўзьнікае і пытаньне чалавечых узаемаадносін. Думаю, што калі праваахоўныя органы будуць адмаўляцца выконваць нейкія загады, то гэта хутчэй адбудзецца ў рэгіёнах, чым у Менску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG