Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «У Лукашэнкі застаўся апошні хаўрусьнік — страх»


Учарашнія акцыі маўклівага пратэсту ладзілі так званыя «сеткавыя рэвалюцыянэры», людзі далёкія ад структураванай палітычнай апазыцыі. Тым ня менш яны былі разагнаныя гэтак жа жорстка як і мітынгі апазыцыйных партый і рухаў. Наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі папрасіў лідэраў палітычных партый ацаніць маўклівыя акцыі і іх брутальны разгон.

Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў маўклівыя пратэсты руху «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» пасьпяховым фарматам акцый, разьлічаным на пэўны сэгмэнт беларускага грамадзтва:

«Пакуль нельга сказаць, што яны вытхнуліся, бо далучаюцца новыя людзі і рэгіёны. Калі гэтая акцыя вытрымае такі фармат да восені, то восеньню я прагназую далучэньне новага сэгмэнту грамадзтва. Што да рэакцыі ўладаў, то ў Лукашэнкі застаўся апошні хаўрусьнік — гэта страх, і ён апэлюе зараз толькі да яго. У яго не засталося моцных саюзьнікаў сярод беларускага грамадзтва, за межамі краіны, і ён можа разьлічваць толькі на страх. Таму такая брутальная, жорсткая, абсурдная рэакцыя».

Віталь Рымашэўскі
Паводле сустаршыні аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага, сеткавыя акцыі ўдалыя. Гэта ініцыятыва беларускага грамадзтва, а не апазыцыі. На акцыі выходзяць новыя людзі, і іх багата па ўсёй Беларусі.

«Я перакананы, што ўвосень пратэстная база ў Беларусі будзе толькі мацнець. Усё яшчэ наперадзе. Тое, што гэтыя акцыі цягнуцца больш за месяц, сьведчыць пра пачатак новага этапу самаарганізацыі Беларусі, новага этапу грамадзкай актыўнасьці беларусаў. І гэта таксама дасьць падставы для колькаснага павелічэньня беларускай апазыцыі».

Рэакцыя ўладаў прымітыўная, мэтады засталіся старымі, лічыць Віталь Рымашэўскі.

«Затрыманьнямі яны ставяць на мэце толькі адно — зьбіць хвалю пратэстаў, запалохаць людзей. Беларускія ўлады не разумеюць, што такім чынам пратэстную хвалю зьбіць немагчыма. Калі будзе паглыбляцца эканамічны, палітычны крызіс, то такімі гвалтоўнымі дзеяньнямі пратэсты не спыніць. Яны будуць стыхійнымі і выбуховымі».

Сяргей Гайдукевіч
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч вельмі абураны дзеяньнямі праваахоўных органаў, якія затрымалі сотні людзей па ўсёй краіне, у тым ліку і журналістаў.

«Усё, дасталі, блін. Затрымліваць людзей з-за таго, што яны пляскаюць у ладкі. Усё, цярпеньне скончылася. Затрымалі ў Віцебску, Гомелі, Воршы. Хопіць! Я больш цярпець ня буду! Але папярэджваю ўладу: калі я пайду на вуліцу, мала не падасца. Усё, дасталі. У мяне ўжо на другім месцы расейскі рубель, нашы спрэчкі — эўра, Расея. Мяне дасталі, дасталі акуратна ўсю маю партыю. Надакучыла ўсё, блін. Ну няўжо так можна? Трэба ўладзе сядаць за дыялёг. Каго хоча — няхай выбірае. Але гэты маразм трэба спыняць».

Віктар Івашкевіч
Сустаршыня аргкамітэту Народнага сходу Віктар Івашкевіч у сваім блогу на сайце belaruspartisan.org адзначае, што з пункту гледжаньня тактыкі і стратэгіі барацьбы акцыя 6 ліпеня сталася найбольш пасьпяховай. Абвясьціўшы збор у 9 розных месцах Менску, «арганізатары прымусілі карнікаў максымальна мабілізаваць свае сілы ў сталіцы і прадэманстраваць вялікай колькасьці звычайных абывацеляў (якія, можа, са свайго спальнага раёну наагул рэдка выяжджаюць) усю дзікасьць, неадэкватнасьць і ідыятызм лукашэнкаўскіх «апрычнікаў». Магчыма, наступным разам, лічыць Івашкевіч, трэба зьбірацца не каля вакзалу, а ў самім вакзале, не каля гандлёвага цэнтру, а ў самім гандлёвым цэнтры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG