Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА АБСЭ абмяркуе сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Пастаянны камітэт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на пасяджэньні 6 ліпеня ўхваліў абмеркаваньне праекту рэзалюцыі па Беларусі падчас цяперашняй сэсіі арганізацыі.

20-я сэсія ПА АБСЭ адкрылася ў Бялградзе сёньня і будзе працаваць па 10 ліпеня. На ёй прысутнічае афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктарам Гумінскім.

У межах сэсіі плянуецца абмеркаваць праекты 25 рэзалюцый. З іх чатыры дакумэнты, у тым ліку аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі, будуць абмяркоўвацца на пленарным пасяджэньні сэсіі 9 ліпеня, паведамляе прэс-служба ПА АБСЭ.

У праекце рэзалюцыі па Беларусі ПА патрабуе ад улад правесьці незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне інфармацыі пра катаваньні ў беларускіх турмах.

Дакумэнт заклікае Беларусь дапусьціць на сваю тэрыторыю незалежнага экспэрта, прызначанага АБСЭ пасьля звароту да "Маскоўскага мэханізму", для бесьперашкоднага пачатку і правядзеньня сваёй працы.

Праект рэзалюцыі ўтрымлівае патрабаваньне неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году, якіх ПА АБСЭ лічыць палітычнымі зьняволенымі.

ПА АБСЭ таксама мае намер заклікаць афіцыйны Менск да цеснага супрацоўніцтва з прадстаўніком АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ для вырашэньня праблем, зьвязаных з пагрозай закрыцьця незалежных СМІ, і распрацаваць заканадаўства пра СМІ ў духу прынцыпаў АБСЭ.

У рэзалюцыі выказана надзея на тое, што беларускія ўлады не адновяць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і надалей ня будуць забараняць мірныя дэманстрацыі і сходы.

Аўтары праекту рэзалюцыі заклікаюць улады Беларусі спыніць перасьлед, запалохваньне і рэпрэсіі членаў апазыцыйных палітычных партый у форме звальненьняў з працы і выключэньня з унівэрсытэтаў.

ПА АБСЭ выказвае шкадаваньне з нагоды перасьледу беларускіх НДА і заклікае афіцыйны Менск спрасьціць працэс іх рэгістрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG