Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьбіваюць хвалю пратэстаў


У рэгіёнах працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня. Шмат хто трапіў пад перасьлед міліцыі й КДБ. Але бальшыню грамадзкіх актывістаў гэта не запалохала — у многіх гарадах Беларусі актыўна абмяркоўваюцца пляны пратэсту ў бліжэйшую сераду, 6 ліпеня.

Падрабязнасьці падзеяў і плянаў паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Маўклівы пратэст на прыпынку «Плошча Леніна»

У Гомелі падчас акцыі маўклівага пратэсту, якая адбылася 3 ліпеня на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна», і пасьля яе спэцназаўцы й міліцыянты затрымалі прыблізна паўтара дзясятка чалавек. Двое актывістаў «Справядлівага сьвету» арыштаваныя ў Жлобіне.

Частцы маладых людзей, затрыманых у абласным цэнтры, прысудзілі штрафы, а васьмёра атрымалі нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы ад 2 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У іх ліку й студэнт-завочнік Руслан Усьціменка, якога міліцыянты за апошнія тры тыдні затрымалі ўжо трэці раз. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Цалкова асудзіла Ўсьціменку на 15 сутак.

Перад адпраўкай у ізалятар Руслан заявіў:

«Я ня ведаю, чаму так жорстка суд паставіўся да мяне. Судзьдзя спачатку падалася адэкватнай. Але, відаць, доўга гутарыла і, мабыць, былі нейкія ўказаньні „зьверху“, а таксама былі яскравыя доказы таго, што я гэтага не рабіў. Праз 15 сутак, натуральна, сыдзе тэрмін абскарджваньня пакараньня, і я ўжо ніяк не змагу даказаць сваю невінаватасьць».

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Гомелі Віктар Адзіночанка, які назіраў за судамі, лічыць пакараньне Ўсьціменку ды іншым удзельнікам акцыі маўклівага супраціву «натуральным беззаконьнем» і «проста расправай»:
Гэтыя справы — проста расправа!

«Тое, што адбылося, — гэта поўнае беззаконьне, зьдзек з правасудзьдзя і суду. Поўная абсурднасьць абвінавачваньня. Сам суд нагадвае абсурд. Гэтыя справы — проста расправа! Зараз улады зьбіваюць хвалю пратэстаў. А суд выкарыстоўваецца як інструмэнт. І вельмі прыкра, што суд ідзе на такое беззаконьне. Гэта вельмі прыкра».

Тым часам многія маладыя гамельчукі не губляюць аптымізму. Гаворыць спадар Дзяніс:

«Я магу пратэставаць адкрыта ня толькі супраць пагаршэньня маіх асабістых правоў, але й парушэньня правоў усіх грамадзянаў. Сёньня парушаюцца правы рабочых, прадпрымальнікаў, парушаюцца правы студэнтаў».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Сёньня ў Берасьці працягваліся суды над затрыманымі на акцыі сеткавай рэвалюцыі «ВКонтакте» 29 чэрвеня. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у той дзень было затрымана 75 чалавек. Паведамляе праваабаронца Раман Кісьлік:

«Дакладнай інфармацыі пра колькасьць асуджаных няма, але гэта ня менш як 25 чалавек.Учора, 4 ліпеня, было 10 чалавек асуджана, ім прызначанае спагнаньне ў выглядзе штрафу. Людзям давалі 10–12 базавых велічыняў, калі яны не прызнавалі, што ўдзельнічалі ў акцыі, і 5 базавых велічыняў тым, хто прызнаваў свой удзел».

Праваабаронца з Маларыты Ўладзімер Малей і праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін, якія таксама прысутнічалі на працэсах, адзначаюць, што сутыкнуліся з грубымі парушэньнямі працэдуры суду. Так, у адным выпадку судзьдзя адмыслова пакінула ў кабінэце ўсіх трох сьведкаў, і яны маглі чуць паказаньні адзін аднаго. Уладзімер Малей выказаў намер з гэтай нагоды зьвярнуцца са скаргай у Міністэрства юстыцыі.

Зьміцер Шурхай лічыць, што супраць яго ажыцьцяўлялася правакацыя

Сёньня ў 12:50 быў вызвалены з-пад арышту Зьміцер Шурхай — адзін з актывістаў «маўклівай рэвалюцыі» «Вконтакте» і абласны кіраўнік БХД па Берасьцейскай вобласьці. 29 чэрвеня яму прысудзілі 7 сутак арышту. Зьміцер распавёў Радыё Свабода, што, на яго думку, супраць яго была ўчыненая правакацыя:

«Бачу, што да маёй машыны падышоў чалавек і наляпіў на кузаў налепку, якая заклікала прыйсьці на маўклівую акцыю ў сераду а 19 гадзіне. Я спусьціўся, сарваў яе і нават не зьвярнуў увагі на гэты факт. Падняўся наверх і бачу — ізноў на маю машыну налепку лепяць. Тут адразу пад’ехала машына ДАІ, у якой сядзелі людзі ў цывільным. Тут я зразумеў, што далей будзе, пакінуў памяшканьне, машыну і сышоў адтуль. Кілямэтры тры адышоў, і мяне затрымалі людзі ў цывільным».

Падобным чынам напярэдадні маўклівай акцыі 3 ліпеня ў Берасьці былі затрыманыя і асуджаныя актывісты Іван Стасюк, Аляксандар Чаркашын і Артур Анісімаў. Усе яны зараз знаходзяцца пад арыштам па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы.

Прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў у рэгіёнах напярэдадні значных акцый сталі нормай дзеяньня праваахоўных органаў. Ізаляцыя найбольш актыўных удзельнікаў маўклівых акцыяй, па меркаваньні саміх актывістаў, прывяла да таго, што акцыя 3 ліпеня ў Берасьці была надзвычай малалюднай і сабрала ўсяго каля 200 чалавек.

Сеткавыя актывісты Берасьця асьцярожныя ў прагнозах што да колькасьці ўдзельнікаў заўтрашняй акцыі, аднак упэўненыя, што акцыя адбудзецца.

Яўгена Скрабца, аднаго з адміністратараў берасьцейскай суполкі маўклівай рэвалюцыі «ВКонтакте», 3 ліпеня заблякавалі ў кватэры супрацоўнікі міліцыі. Сам гэты факт ужо дае падставы, каб зьмяніць стратэгію дзеяньняў:

«На мой погляд, як і на погляд арганізатараў, актыў павінен быць „цякучым“, бо калі чалавек ужо „засьвяціўся“, як кажуць, то потым яго будуць пільнаваць. І калі ўсе справы будуць рабіцца праз аднаго чалавека, то гэта будзе безвынікова. Я мяркую, што ў наступнай акцыі будуць зусім іншыя арганізатары».

Шаснаццацігадовы Сяргей Алексіевіч, удзельнік і лідэр маўклівых акцыяў у Берасьці, мае іншую думку:
Мяне 3 ліпеня таксама каля пад’езду чакалі, але я драпануў.

«Мянтоў баяцца — на акцыі не хадзіць. Мяне 3 ліпеня таксама каля пад’езду чакалі, але я драпануў».

Акцыя маўклівай рэвалюцыі ў Берасьці мае адбыцца ў сераду а 19 гадзіне на галоўнай плошчы гораду — плошчы Леніна.

ВІЦЕБШЧЫНА


Жыхары Наваполацку, Полацку, Глыбокага і Мёраў раяцца, ці выходзіць 6 ліпеня на плошчу. Многія зьбіраюцца ісьці.

На віцебскай старонцы «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» бальшыня наведнікаў піша пра тое, што яны гатовыя прыйсьці на чарговую акцыю маўклівага пратэсту 6 ліпеня.

Цяпер ідзе абмеркаваньне, у якой форме яна мае праходзіць і дзе лепей зьбірацца — на плошчы Перамогі або ў нейкім іншым месцы.
Калі шмат зьбярэцца народу, то будзе весела, то мае сэнс.

3 ліпеня акцыя ў Віцебску была нешматлюднай. Але скончылася незвычайна і нечакана: актывістка аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяна Севярынец з групай моладзі, папляскаўшы ў ладкі на плошчы, скіравалася да крыжа на Ўсьпенскай горцы — там а восьмай вечара штодзень адбываецца малітва за палітвязьняў. І людзі з плошчы пайшлі сьледам, расцаніўшы рух невялікай калёны як заклік да працягу акцыі, кажа спадарыня Тацяна:

«За намі ішло чалавек 100, ня меней. Да крыжа дайшлі чалавек 60, а стаялі ў коле ды маліліся — 31, астатнія стаялі купкамі, наводдаль… Ну, а што заўтра — паглядзім. Колькі будзе народу, калі шмат — дык і весела, дык і добра, дык і мае сэнс. Я сама перажываю, ці аднавілася ўсё. Калі нешта будзе — дык давайце!».

Міліцыянты 3 ліпеня ня мелі прэтэнзій да тых, хто ішоў па горадзе, час ад часу спыняючыся, каб папляскаць у ладкі. Некалькі чалавек затрымалі недалёка ад самой плошчы Перамогі. У тым ліку і Алеся Галаваня, аўтара допісаў на віцебскай старонцы «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку». Ён кажа, што пра акцыі маўклівых пратэстаў распытвалі і супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрыманьня, і зьняволеныя, сярод якіх давялося правесьці ноч:

«Адразу, як я зайшоў у камэру, адзін паглядзеў на мяне ды кажа: „Ты адкуль, з плошчы?“. Пыталіся, ці шмат затрымалі, што на плошчы робіцца, як там у Менску. Зь цікаўнасьцю слухалі мае аповеды. Сытуацыю ж адчуваюць усе, нават тыя, хто ў ніжэйшым сацыяльным статусе…».

Штрафы за здымкі акцыі — 70 тысяч рублёў

Алеся Галаваня абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы 3 ліпеня, і ў чацьвер над ім працягнецца судовы працэс, распачаты ўчора. У дробным хуліганстве вінавацяць яшчэ шасьцярых жыхароў Віцебску: Алега Сургана, Валера Раманенку, Максіма Дымава, Віталя Грыгор’ева, Аляксандра Фадзеева і Васіля Коласава. Апошнім чатыром ужо прысудзілі штрафы — па 70 тысяч рублёў кожнаму. Хлопцы трапілі пад увагу міліцыі толькі таму, што фатаграфавалі падзеі на плошчы Перамогі.

Між тым на афіцыйным сайце аблвыканкаму зьмешчаны камэнтар намесьніка начальніка абласной міліцэйскай управы Ўладзімера Папко, які цьвердзіць, што сьвяточны дзень 3 ліпеня прайшоў без парушэньняў грамадзкага парадку.

Цягам апошніх дзён у інтэрнэце зьявілася яшчэ некалькі рэгіянальных суполак, дзе абмяркоўваюцца пляны на наступную сераду. Жыхары Наваполацку, Полацку, Глыбокага і Мёраў раяцца, ці выходзіць 6 ліпеня на плошчу. Многія зьбіраюцца ісьці.

МЕНШЧЫНА


Суды ў Слуцку прызначаныя на 14 ліпеня

У Слуцку прызначаная дата суду па адміністрацыйных справах удзельнікаў маўклівай акцыі 3-га ліпеня. Як паведаміла «Свабодзе» тутэйшая грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошык, 14 ліпеня будуць судзіць Юлію Балакір і Віталя Амяльковіча. Удакладняе спадарыня Цімошык::
Да гэтага часу ў нас такіх судоў яшчэ не было.

«Віталю нібыта інкрымінуюць брыдкаслоўе. Юлю таксама вінавацяць у дробным хуліганстве. Суды прызначаныя на 14 ліпеня а 14 гадзіне. Да гэтага часу ў нас такіх судоў яшчэ не было. Гэта будуць першыя суды, калі дэмакратычных актывістаў вінавацяць менавіта па надуманай падставе. У Слуцку міліцыянты асабліва, як кажуць, ня зьверствавалі. Я нават хвалілася гэтым…».

Міліцыянты брутальна затрымалі маці 4-месячнага дзіцяці

3 ліпеня ў Слуцку міліцыянты брутальна затрымалі Юлю Балакір. Зрабіць гэта не перашкодзіла нават тое, што на руках у жанчыны была 4-месячная дачка. Вось што распавядае Юлія Балакір пра затрыманьне ў сьвяточны дзень:

«Мы не пасьпелі нават кроку ступіць на плошчы, як да нас пасьпяшаўся маёр міліцыі Шклярэўскі, які заявіў, што мы ня маем права знаходзіцца на гэтай плошчы, а мусім наведаць аддзел міліцыі для прафіляктычнай гутаркі.

У міліцыі нас трымалі каля 3-х гадзінаў, а пасьля заявілі, што на нас складзены пратакол за дробнае хуліганства — за тое, што мы нібыта брыдкасловілі менавіта на плошчы.

Карэспандэнт: «А вы казалі міліцыянтам, што ў немаўляці свой рэжым дня, што яго трэба карміць своечасова?».

Балакір: «Ай, іх гэта не хвалюе…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG