Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь згадвалі ў Вільні найчасьцей


Беларуская дэлегацыя ў Вільні.
Беларуская дэлегацыя ў Вільні.
Падчас мерапрыемстваў арганізацыі «Супольнасьць дэмакратыі», якая аб’ядноўвае больш за 100 краінаў сьвету, адным з асноўных пытаньняў стала сытуацыя ў Беларусі. Пра яе ў Вільні шмат казалі дзяржсакратар ЗША, міністры замежных спраў Літвы, Нідэрляндаў, вядомыя палітыкі і праваабаронцы з шэрагу краінаў.

У Вільні Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што беларускі рэжым павінен вызваліць палітычных вязьняў:

«Мы ўсе разам патрабуем, каб Беларусь вызваліла палітычных вязьняў і пачала дэмакратычныя рэформы. Сумна, што становішча жыхароў Беларусі так адрозьніваецца ад сытуацыі ў іх суседзяў. Гэта нагадвае нам, што стварэньне свабоднай Эўропы яшчэ не завершанае».

Са шматлікай беларускай дэлегацыі, у якой былі, напрыклад, Станіслаў Багданкевіч, Вольга Завадзкая, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя вядомыя асобы, непасрэдна перад Гілары Клінтан прамаўляла супрацоўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Эміра Браніцкая. Гэта адбылося на так званай «Сустрэчы чатырнаццаці», калі спадарыня Клінтан размаўляла з моладзевымі актывістамі 13 краінаў сьвету — па адным ад кожнай краіны.

Эніра Браніцкая так распавядае пра зьмест свайго выступу:

«Я расказвала пра тое, што цяперашняя сытуацыя ў Беларусі экстраардынарная, надзвычай дрэнная. І такой колькасьці палітзьняволеных, як цяпер, не было ніколі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Я казала, што ўжо 43 чалавекі асуджаныя. Але гэтая лічба можа павялічыцца, паколькі некаторыя яшчэ чакаюць прысудаў.
Кожны тыдзень мы маем сотні затрыманых, зьбітых, арыштаваных. І што гэтым людзям патрэбная міжнародная салідарнасьць.

Я таксама казала, што кожны тыдзень тысячы людзей выходзяць на плошчы, каб пратэставаць супраць таго, што адбываецца ў краіне. І кожны тыдзень мы маем сотні затрыманых, зьбітых, арыштаваных. І што гэтым людзям патрэбная міжнародная салідарнасьць.

Я выказала меркаваньне, што мы задаволеныя амэрыканскай палітыкай адносна Беларусі. Яна даволі жорсткая, адназначная, з эканамічнымі санкцыямі. І ў той жа час з падтрымкай грамадзкага сэктару. І я лічу, што гэта тое, што нам трэба».

Менавіта выпрацоўцы адзінага падыходу да Беларусі найперш паспрыяюць мерапрыемствы «Супольнасьці дэмакратыі» — такую думку выказаў сёньня «Свабодзе» Юры Алейнік, каардынатар грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве:

«У кожнай краіны ёсьць свае інтарэсы. І зразумела, што на сёньняшні дзень шмат у якіх краінаў гэта прагматычныя інтарэсы. Аднак хочацца адзначыць, што на гэтых мерапрыемствах, у выступах прагучала — у ЗША, у Эўропы, у Канады ёсьць першасныя галоўныя патрабаваньні да беларускага рэжыму. Гэта — вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне палітычных рэформаў і станаўленьне на шлях дэмакратыі. І вось гэта — галоўнае».

Юры Алейнік кажа, што гаворка пра Беларусь адбывалася практычна на кожным мерапрыемстве «Супольнасьці дэмакратыі».

«І канечне, паказальна тое, што беларускай дэлегацыі была ўручана тут прэмія імя Браніслава Герэмэка. Яна адрасавана ўсім беларускім дэмакратычным сілам за іх змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG