Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі свая вэрсія маўклівых пратэстаў


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўвечары 30 чэрвеня апублікавала дадзеныя пра затрыманых за ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту, што прайшлі па ўсёй краіне. МУС назвала іх "несанкцыянаванымі масавымі акцыямі".

Паводле ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС, для ўстанаўленьня асобаў у міліцыю былі дастаўленыя 296 чалавек. У дачыненьні да 130 найболей актыўных складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Пратаколы будуць разгледжаныя ў судах.

Паводле вэрсіі МУС, тое, што адбылося 29 чэрвеня ў Менску і іншых гарадах краіны, выглядае так. З 18.00 да 20.30 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла арганізаваная Менскім гарвыканкамам і грамадзкім аб'яднаньнем "БРСМ" маладзёжная акцыя "Беларусь маладая". Агулам у мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за чатыры тысячы жыхароў і гасьцей сталіцы.

Прыкладна ў гэта ж час (у 19.00) на плошчы і прылеглых да яе вуліцах сталі зьбірацца групы грамадзян па 30-70 чалавек. Пазьней яны прайшлі па праспэкце Незалежнасьці ад вуліцы Энгельса да вуліцы Купалы, а таксама ад Дома афіцэраў у бок вуліцы Купалы з далейшым намерам выйсьці да плошчы Перамогі.

"Падчас руху да гэтых груп далучаліся іншыя грамадзяне, якія ніякай атрыбутыкай сябе не пазначалі, аднак гучна выкрыквалі нецэнзурныя выказваньні на адрас супрацоўнікаў міліцыі. На праведзеную тлумачальную працу не рэагавалі, перашкаджалі праходу пешаходаў па ходніках, шумелі, прыцягвалі ўвагу прахожых воплескамі, пхалі супрацоўнікаў органаў правапарадку, выходзілі на праезную частку", — гаворыцца ў паведамленьні УІГС МУС.

Аналягічныя дзеяньні, як адзначаюць у МУС, учыняліся і іншымі нешматлікімі групамі асоб у цэнтральнай частцы горада. У выніку найболей актыўныя парушальнікі правапарадку былі дастаўленыя ў сталічныя РУУС для ўстанаўленьня асобы, а астатнія грамадзяне разышліся.

Усяго, паводле міліцыі ад 19.00 да 20.05 у Менску ў несанкцыянаваных мерапрыемствах узялі ўдзел каля 350 чалавек.

УІГС МУС таксама паведамляе, што ў гэты ж дзень спробы збору людзей былі зафіксаваныя і ў іншых гарадах рэспублікі. Колькасьць чалавек міліцэйскае ведамства не ўдакладняе.

"РЭВАЛЮЦЫЯ ПРАЗ САЦЫЯЛЬНУЮ СЕТКУ", 29.06, онлайн-рэпартаж

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG