Аналітыкі прадказваюць паглыбленьне канфліктаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Спыненьне ад сёньняшняга дня паставак электраэнэргіі — толькі пачатак. На думку экспэртаў, наступнай на парадку дня можа апынуцца сытуацыя вакол "Белтрансгазу".
Карпарацыя "Газпром" заявіла пра жаданьне набыць астатнія 50% акцый газатранспартнага прадпрыемства і стаць паўнавартасным гаспадаром стратэгічнага аб'екту. Аднак беларускі ўрад настойвае на тым, каб перамовы адносна прыватызацыі "Белтрансгазу" былі ўвязаныя з фармаваньнем цаны на прыродны газ для Беларусі — іншымі словамі, Менск хоча купляць паліва па ўнутрырасейскіх цэнах. Кіраўніцтва "Газпрому" адказала, што ўвязваць у адно абсалютна розныя паводле сэнсу дамоўленасьці не зьбіраецца і ў выпадку несаступлівасьці пытаньне інвэстыцыяў у "Белтрансгаз" можа быць перагледжанае.
Ад 1 ліпеня можа абвастрыцца нафтавае пытаньне. Падпісваючы дакумэнты аб фармаваньні Мытнага саюзу, афіцыйны Менск найперш ускладаў спадзяваньні на атрыманьне расейскай нафты па цэнах, якія плацяць расейскія спажыўцы. Аднак вось ужо паўтара года пытаньне ня рухаецца, а Масква дадаткова абкладае сыравіну ўсё новымі падаткамі. У выніку замест спадзяваных прыбыткаў у памеры 3,5—4 мільярдаў даляраў Беларусь у лепшым выпадку можа разьлічваць на 1,5 мільярда. Між тым дзеля гіпатэтычных прыбыткаў кіраўніцтва Беларусі пайшло на непапулярны крок, пагадзіўшыся на ўніфікацыю аўтамабільнага мыта з Расеяй. Экспэрты ўжо падлічылі, што так званая "растаможка" прыносіць у бюджэт тыя ж 1,5 мільярда даляраў, таму эканамічныя чаканьні ніяк не апраўдаліся.
Чакаюцца жарсьці і вакол прыватызацыі аб'ектаў беларускай эканомікі. Беларускі бок заяўляе, што нібыта і ня супраць продажу шэрагу прадпрыемстваў, аднак з абавязковым удакладненьнем, што "бандыцкага распродажу" ня будзе. Пры гэтым ніякіх гарантый інвэстарам (а перадусім гэта расейцы) урад Беларусі не дае. Перамовы адносна стварэньня сумесных прадпрыемстваў з удзелам расейскага капіталу на базе МАЗу і "Беларуськалію", мяркуючы па паведамленьнях, зайшлі ў тупік. Кіраўніцтва КамАЗу заявіла, што прыходу на МАЗ замінае палітычны складнік, а ўласьнік "Уралкалію" наўпрост абвінаваціў беларускі ўрад у "непрадказальнасьці".
Не выключаюць аналітыкі і аднаўленьня гандлёвых войнаў з Расеяй. Абмежаваньні ў пастаўках малочнай і мясной прадукцыі, сельгастэхнікі і прадукцыі машынабудаваньня суправаджаюць практычна кожнае пахаладаньне ў міждзяржаўных адносінах. Цяпер малочны і мясны экспарт у Расею застаецца найбольш значным спосабам папаўненьня дзяржаўнай скарбонкі, аднак леташнія падзеі сьведчаць, што расейскія санітарныя службы здольныя ў імгненьне спыніць стратэгічныя пастаўкі.