Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«800-мільённага крэдыту хопіць на месяц»


Андрэй Харкавец
Андрэй Харкавец
800 мільёнаў даляраў, якія Беларусь днямі атрымала ў якасьці крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, пойдуць выключна на павелічэньне золатавалютных рэзэрваў краіны. Пра гэта сёньня сказаў журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Як гэта можа адбіцца на курсе беларускага рубля?

Міністар фінансаў заявіў, што крэдыт ЭўрАзЭС ня будзе выкарыстаны на фінансаваньне дэфіцыту бюджэту:

«У бюджэце дастаткова назапашана рублёвай ліквіднасьці. І таму гэтыя рэсурсы стануць больш надзейным забесьпячэньнем золатавалютных рэзэрваў».

Карэспандэнт: «То бок урад будзе прадаваць іх Нацбанку?»

«А іх і прадаваць ня трэба. Яны хоць і лічацца на рахунку ўраду, але тым ня менш зьяўляюцца рэсурсам, які ўлічваецца ў складзе золатавалютных рэзэрваў».

У дадзенай сытуацыі ўлады ня маюць іншага выйсьця, лічыць доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба
«Валюта будзе прададзеная на біржы з мэтай падтрымкі імпартэраў, якія набываюць крытычны імпарт, забесьпячэньня прадпрыемстваў, якія набываюць камплектуючыя, і г.д. Гэта і ёсьць выдаткі на падтрымку беларускага рубля. Каб Нацбанк меў чым рабіць так званыя валютныя інтэрвэнцыі. Так будзе і гэтым разам».

Прафэсар Жаліба кажа, што 800 мільёнаў атрыманага крэдыту хопіць ня больш як на месяц. А Андрэй Харкавец лічыць, што ў стабілізацыі фінансавага рынку мог бы дапамагчы новы крэдыт МВФ. Яго пэрспэктывы міністар зьвязвае з глыбінёю і хуткасьцю макраэканамічных рэформаў у Беларусі, а таксама зь іх ацэнкаю экспэртамі Фонду.

Журналісты адразу ж нагадалі міністру, што асноўнае патрабаваньне МВФ да беларускіх уладаў — неадкладна ўводзіць так званы «плаваючы курс». То бок, калі курс рубля да кошыка валют ва ўсіх сэгмэнтах мяняецца ў залежнасьці ад штодзённай сытуацыі на валютным рынку. Але беларускія ўлады гэтую рэкамэндацыю пакуль ігнаруюць.

Андрэй Харкавец кажа, што на гэтую праблему існуюць розныя погляды:

«Галоўнае для нас сёньня — ня толькі выхад на адзіны курс рубля. Але і выхад з сытуацыі зь мінімальнымі стратамі для золатавалютных рэзэрваў. Таму адпаведныя высновы будуць зробленыя. Але адно цьвёрда і зразумела — мы безумоўна прыйдзем да гэтага курсу. Пытаньне больш зьвязанае з часавым лагам — як хутка гэта адбудзецца? На мой розум, пажадана, каб як мага хутчэй».
А ёсьць іншае меркаваньне — баяцца ня трэба. А ўзяць і заўтра ж адпусьціць курс.

На раўнаважны курс можна выйсьці хоць заўтра, мяркуе прафэсар Жаліба. Для гэтага, кажа ён, трэба адпусьціць рубель у вольнае плаваньне:

«Але ўлады баяцца гэта зрабіць. Калі так зрабіць, то адзін даляр на Міжбанкаўскай біржы можа каштаваць аж 10 тысяч рублёў. І ўлады баяцца, што гэта ўнясе ў эканоміку вэрхал, дэзарганізуе яе.

А ёсьць іншае меркаваньне — баяцца ня трэба. А ўзяць і заўтра ж адпусьціць курс. Так і МВФ лічыць. Тады інтэрвэнцыяў ня трэба. Курс раўнаважны, але больш высокі. Пацярпяць нашы імпартэры — ці ў стане яны будуць купляць валюту па такім курсе? Пацярпяць і імпартаёмістыя экспартэры. Вось гэтага ўрад і баіцца. Бо гэта — рызыка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG