Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз мае сёньня дапоўніць «чорны сьпіс» беларускіх чыноўнікаў


Эўрапейскі Зьвяз зьбіраецца дапоўніць «чорны сьпіс» беларускіх афіцыйных асобаў на сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ у Люксэмбургу. Ня выключана, што пад санкцыі трапяць і некаторыя беларускія фірмы, аднак нядаўная просьба Менску аб дапамозе з боку МВФ наўрад ці будзе на парадку дня.

На гэты момант у «чорным сьпісе» чыноўнікаў, каму забаронены ўезд у Эўразьвяз, налічваецца каля 190 асобаў. Ад пачатку года сьпіс ужо некалькі разоў папаўняўся, гэта было рэакцыяй на рэпрэсіі супраць апазыцыі і на судовыя працэсы супраць грамадзянаў, затрыманых падчас пратэстаў 19 сьнежня.

Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка адказнай за замежную палітыку Эўразьвязу Кэтрын Эштан, сказала нашаму радыё, што Брусэль надалей занепакоены судамі і прысудамі апазыцыянэраў пасьля сумнеўнага Лукашэнкавага пераабраньня летась у сьнежні:

«Я чакаю, што яны пацьвердзяць сваё асуджэньне дзеяньняў улады і паўтораць заклік аб неадкладным вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў. Яны таксама разгледзяць пытаньне аб узмацненьні ціску на Беларусь».

Апрача папаўненьня «чорнага сьпісу» людзьмі, зьвязанымі з рэжымам, такімі як судзьдзі, што ўдзельнічалі ў працэсах за Плошчу, міністры замежных справаў краінаў ЭЗ, магчыма, разгледзяць адрасныя захады, напрыклад, замарожаньне актываў некаторых беларускіх кампаніяў.

Як паведаміла ананімная крыніца з рады міністраў замежных справаў, «разглядаюцца санкцыі супраць адной або некалькіх кампаніяў». Назвы кампаніяў ня згадваюцца, але мяркуецца, што адной з такіх кампаніяў мог бы быць «Белтэхэкспарт», які займаецца ўзбраеньнямі.

Нягледзячы на тое, што ў цэлым сярод краінаў Эўразьвязу існуе шырокі кансэнсус наконт таго, што нешта трэба рабіць, аднак некаторыя краіны, перадусім Італія і Латвія, адмаўляюцца займаць жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму ў Менску.

Прадстаўнікі Латвіі выказвалі занепакоенасьць, што санкцыі супраць беларускіх кампаніяў маглі б прынесьці шкоду латыскаму бізнэсу ў Беларусі.

Міністар эўрапейскіх справаў Фінляндыі Аляксандар Стуб перад пачаткам сёньняшняй сустрэчы апісаў сытуацыю так:

«Я думаю, што ключавое пытаньне, калі гаворка ідзе пра санкцыі, палягае ў тым, каб не пацярпелі якраз тыя людзі, якія заклікаюць да пераменаў. Таму шукаецца іншы варыянт, і найлепшы спосаб – гэта звычайна санкцыі супраць кампаніяў. Не магу сказаць, каб гэта заўсёды спрацоўвала на 100 працэнтаў. Часам гэта так, часам – не».

Упершыню ад сёлетняга студзеня міністры таксама прымуць заключэньне па Беларусі. І хоць крытыкі часта лічаць заключэньні Рады ЭЗ «пустымі словамі», гэты крок сьведчыць пра важнасьць, якую ЭЗ надае гэтай тэме.

Канчатковая фармулёўка заключэньня яшчэ не зацьверджаная, аднак, паводле Кацыянчыч, там будзе сказана, што Беларусь мусіць паважаць правы чалавека і нормы міжнароднага права:

«Мы чакаем, што міністры прымуць даволі цьвёрдае заключэньне, напрыклад, у галіне правоў чалавека, вяршэнства закону, там будзе адлюстравану агульны погляд на сытуацыю з боку ЭЗ».

Сёньняшняя сустрэча адбываецца ўсяго праз пару тыдняў пасьля таго, як Беларусь папрасіла ў Міжнароднага валютнага фонду мільярдны крэдыт для дапамогі ў фінансавым крызысе.

І хоць найбольшы клопат Эўразьвязу цяпер выклікае эканамічная сытуацыя ў Грэцыі, швэдзкі міністар замежных справаў Карл Більт лічыць, што беларускі крызіс цяпер таксама заслугоўвае ўвагі:

«Вядома, мы ўсе засяроджаныя на Грэцыі, гэтыя падзеі нас вельмі непакояць. Але ў Беларусі можа быць яшчэ горш, усё можа скончыцца фінансавым калапсам».

Некалькі дэпутатаў Эўрапарлямэнту заклікалі краіны-ўдзельніцы паўплываць на МВФ у тым сэнсе, каб ён выдаў Беларусі дапамогу толькі ў тым выпадку, калі там будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, аднак Эўразьвяз пакуль што не зьбіраецца ціснуць на МВФ.

Зварот Менску да МВФ наўрад ці будзе абмяркоўвацца на сёньняшняй сустрэчы. Неназваны брусэльскі дыплямат, які пра гэта паведаміў, зазначыў, што фонд звычайна не выстаўляе выразных палітычных умоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG