Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Квяткевіча: "У Сашы ў камэры 21 чалавек, сьпяць па чарзе"


Ужо праз дзень знаходжаньня на "Валадарцы" палітвязень Аляксандр Квяткевіч сабраўся пісаць заяву, каб яго хутчэй перавялі ў калёнію. Маці Дзьмітрыя Новіка заяўляе: "Сын пасьпеў сказаць па тэлефоне, што яму спрабуюць зрабіць правакацыі". Мікалай Статкевіч ўпершыню за паўгода сустрэўся з бацькам. Дзьмітры Дрозд ня лічыць дарэмным тое, што ён зрабіў на плошчы.

2 чэрвеня сястра сустрэлася на "Валадарцы" з Аляксандрам Квяткевічам, якога асудзілі на 3,5 гады за падзеі 19 сьнежня. Маці вязьня Алена Міхайлаўна паведаміла Свабодзе падрабязнасьці пра сына.

З 8 раніцы да 8 вечара можа паспаць. Гэтак сьпяць па чарзе.
...

"Сказала, што 21 чалавек у камэры. Заўтра да яго пойдзе адвакат, ён пагаварыць з ім, бо думае пісаць заяву, каб перавялі хутчэй ў калёнію. Бо немагчыма так у камэры знаходзіцца, няма месцаў. Вось хлопчыка павезьлі ў суд, дык ён заняў там ягоны ложак. З 8 раніцы да 8 вечара можа паспаць. Той прыяжджае і займае з 8 вечара да 8 раніцы. Гэтак сьпяць па чарзе. Гэта ж поўны зьдзек!"

Алена Квяткевіч распавяла, як сын ў дзень выбараў прагаласаваў і пайшоў на Плошчу. "Трэба ня толькі галасаваць, але і адстойваць свой выбар", -- запомніла маці словы Аляксандра Квяткевіча.

Адзін з першых асуджаных за Плошчу, Дзьмітры Новік, які таксама атрымаў 3,5 гады зьняволеньня, патэлефанаваў дамоў і ў размове з маці паведаміў, што яго ў калёніі спрабуюць справакаваць на парушэньні рэжыму. "Магчыма, каб ускладніць яму шлях да умоўна-датэрміновага вызваленьня", – мяркуе маці вязьня Натальля. Падрабязнасьці Натальля Новіка спадзяецца даведацца пры асабістым спатканьні. Пра сына яна кажа толькі самае добрае.

Я не магу без яго, мне б толькі дачакацца сваё дзіця! ...

"Для мяне ён быў сын – лепшага няма ў сьвеце. Ён і па гаспадарцы дапаможа, і ў краму сходзіць за харчамі. Я хворая была, дык ён прыедзе з Менска і бяжыць па лекі, мамачка, толькі б ты была здаровая. Я не магу без яго, мне б толькі дачакацца сваё дзіця!"

Дзьмітры Новік адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. Вядома, што з турмы ён піша лісты сваякам іншых палітвязьняў, каб падтрымаць іх маральна.

З Мікалаем Статкевічам на "Валадарцы" сустрэўся ягоны бацька, Віктар. Віктару Статкевічу – 84 гады. 1 чэрвеня ён прыехаў з Баранавічаў, каб сустрэцца з сынам у СІЗА КДБ, але тая сустрэча не адбылася – вязьня перавялі на "Валадарку", а сваякоў не папярэдзілі. Віктар Статкевіч зараз ведае, што ў сына ў камэры 13 чалавек і што ён выглядае схуднелым, але бадзёрым.

"Трымаецца, казаў, што здароўе нармальнае. Выглядае схуднелым, але ня скардзіцца. Стараецца выконваць распарадак, ходзіць на шпацыры", -- паведаміў пра сына Віктар Статкевіч.

Гісторык Дзьмітры Дрозд даслаў з "Валадаркі" ліст на волю. "Рыхтавалі мяне да пераезду ў Жодзіна — але нешта пакуль тармазнулі, знаходжуся ў поўнай невядомасьці, дзе буду заўтра — ня ведаю. Можа, вырашылі ўсіх нас сабраць? Тут і Андрэй Саньнікаў цяпер па суседзтве — яго людзі бачылі — перадаў мне прывітаньне. Карацей, усё добра. Вельмі прыемна, што ён успомніў мяне ў апошнім слове на судзе. Думаю, што гэта падзяка ня толькі мне, але і ўсім «невядомым героям», якія працуюць на тое, каб мы хутчэй былі на волі. У адрозненьні ад астатніх сукамернікаў мой тэрмін — нявызначаны часавы прамежак. Веру, што можам выйсьці ў любы момант! Ведаю, што ўвесь сьвет за нас, таму адчуваю, што за намі не толькі праўда, але і сіла."

Дзьмітры Дрозд асуджаны на 3 гады зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG