Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры — бяз працы, спажыўцы — без тавару


Сёньня шмат хто з гандляроў на рынках Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны, Віцебшчыны ды іншых рэгіёнаў працуе апошні дзень. Ад заўтра яны часова спыняюць працу на няпэўны тэрмін. Да гэтага змушае адсутнасьць валюты, без якой тавар за межамі Беларусі не набудзеш.

Падрабязнасьці праблемнай сытуацыі, спароджанай фінансавым крызісам у Беларусі, даведваліся журналісты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У будні гандлю практычна няма…»

З 1-га чэрвеня шмат хто з гарадзенскіх прадпрымальнікаў зьбіраецца ў адпачынак. У райцэнтрах у чэрвені мясцовыя рынкі будуць працаваць толькі ў выходныя дні.

Найбольш прадпрымальнікаў зьбіраецца ў адпачынак на гарадзенскім рынку «Карона». Тут цяпер самыя высокія ў рэгіёне кошты арэнды гандлёвых павільёнаў, хоць гандаль у чэрвені практычна замірае.

Бачу, што адзін прадпрымальнік зьбіраецца вывозіць тавар са свайго шапіка, пытаюся: чаму ён спыняе гандаль?
Пакуль даляр не стабілізуецца — нічога добрага чакаць нельга.

«Чаму на лета ў адпачынак? Бо няма сэнсу рабіць, таму што няма грошай ехаць па тавар і немагчыма купіць валюту. Дый па якіх коштах што прадаваць — таксама ніхто ня ведае. Пакуль даляр не стабілізуецца — нічога добрага ня будзе».

На рынку «Цэнтральны» ў Горадні большасьць прадпрымальнікаў яшчэ працуе, але пакупнікоў няшмат. Многія гандляры разводзяць рукамі і ня ведаюць, ці будуць працаваць заўтра, бо гандлю няма, а сям’ю карміць трэба.

Адзін з гандляроў кажа, што ў першыя дні чэрвеня пераважная большасьць прадпрымальнікаў часова згорне працу, бо адміністрацыя рынку плянуе падняць арэндную плату яшчэ амаль на 60%.

«Андропаўшчына» дабралася й да прыватных гандляроў

І яшчэ адна праблема зьявілася ў прадпрымальнікаў рынку «Цэнтральны» — чыноўнікі пачалі правяраць, ці ўвесь час яны знаходзяцца на працоўным месцы.

Спадар: «Даходзіць да абсурднага: прымусілі кантралёраў хадзіць і адзначаць, каго з прадпрымальнікаў няма на працоўным месцы. Фактычна, як нам патлумачылі, мы павінны пісаць дырэктару рынку тлумачальную запіску, калі і чаму адсутнічаў. Вось згодна з гэтым апошнім загадам Лукашэнкі яны кожны дзень ходзяць і адзначаюць тых, каго няма на працоўным месцы».

Рынак у Слоніме будзе працаваць толькі ў выходныя

У Слоніме з заўтрашняга дня прадпрымальнікі на рынку мяняюць графік працы. Адзін зь іх кажа, што гэта мера вымушаная, але калі даляр будзе яшчэ расьці, то працаваць яны наагул ня змогуць:

«Зараз прадпрымальнікі толькі па выходных будуць працаваць. У будзённыя дні зусім няма гандлю, адны страты. На выходныя яшчэ больш-менш людзі ходзяць і нешта купляюць».

ВІЦЕБШЧЫНА


У крызіс Віцебск страчвае «Беларусь»

Пад пагрозай закрыцьця апынуўся найноўшы і адзін з найбуйнейшых віцебскіх гандлёвых аб’ектаў — гандлёвы цэнтар «Беларусь».

Сяргей Парсюкевіч, былы палітвязень і лідэр прадпрымальніцкага руху, тлумачыць сытуацыю так:

«Будаваў гэта чалавек, які хацеў за кошт арэнды грошай зарабіць. А цяпер прадпрымальнікі лічаць, што гандаль у „Беларусі“ зусім нерэнтабэльны: арэндная плата высокая, бо вялікія плошчы, і падаткі таксама немалыя. А пакупнікоў няшмат».

Прадпрымальнікі сыходзяць у часовыя адпачынкі, баючыся страціць гандлёвае месца, у якое ўжо ўкладзены значныя сродкі. У той жа час яны патрабуюць, каб уладальнікі перагледзелі памер арэнднай платы, працягвае спадар Парсюкевіч:

«Спрабавалі там і сыходзіць у адпачынак, і адмаўляцца ад арэнды… Але „прасуюць“ прадпрымальнікаў за гэта. Так, ты можаш афіцыйна пайсьці ў адпачынак на месяц, але больш — будзе праблематычна. Бо ёсьць дамовы на арэнду, і ты, калі не працуеш, ужо парушаеш рэжым работы гандлёвага аб’екта. А гэта — падстава, каб забраць у цябе ліцэнзію».

У «Эвікоме» зачыняюцца 15% гандлёвых месцаў

У віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком», паводле прагнозаў прадпрымальніцы Ірыны Яскевіч, з 1 чэрвеня зачыніцца больш за 15% гандлёвых месцаў. Прадпрымальнікі спыняюць працу на месяц. На што яны спадзяюцца?

«Хаця б усталюецца нейкая стабільнасьць і людзі неяк звыкнуцца, што вось такія кошты… Ніхто ня ведае, што, дзе і як лепш, але ў нас — 15%. Многія яшчэ спрабуюць выжываць: пераацанілі тавар і нешта паціху прадаюць. На адкрытых кірмашах зачыняцца будуць болей, а мы ж усё адно за камунальныя паслугі будзем плаціць»…
У чэрвені — пачатак беспрацоўя сярод прадпрымальнікаў, у ліпені будзе яшчэ горш.

На «Эвікоме» частка прадпрымальнікаў зьбіраецца сысьці ў адпачынкі ў ліпені: кажуць, што гэта самы нерэнтабэльны месяц.

І на кірмашы ў Воршы прадпрымальнікі масава згортваюць свае справы з чэрвеня. А некаторыя зачыніліся ўжо ў апошні дзень траўня, распавядае пакупніца:

«Сёньня ранкам я была на кірмашы. Ён паўпусты — шмат якія ралеты так і не адчыніліся. А заўтра — ужо чэрвень. І ўсё лягічна: валюты ж няма і ня будзе! Я нават увагу зьвярнула, бо такога раней не было. Для жыхароў Воршы гэта жах — усё падаражэла, усё! Дык каля прылаўкаў увогуле нікога няма, пакупнікоў — няма!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Першыя банкруты — прадпрымальнікі, якія працуюць зь імпартам

Прадпрымальнікі выходзяць на рынак, каб хоць нешта зарабіць на прадукты харчаваньня. Пры гэтым практычна ўсе адзначаюць, што працуюць сабе на страту.

Гандляры на рынках Берасьцейшчыны кажуць, што працуюць сабе на страту. Але пакуль значная частка прадпрымальнікаў усё ж выходзіць на працу. Дробныя гандляры плацяць за чэрвень на рынках толькі за 10% арэнды. А вось буйныя фірмы банкрутуюць, кажа лідэр абласной грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі:

«Цяпер можна казаць, што найперш банкрутамі робяцца фірмы, якія займаюцца вырабам вокнаў. Тычыцца гэта й грузаперавозчыкаў. Таксама робяцца банкрутамі прадпрымальнікі, якія працуюць зь імпартам, бо кожны раз, закупляючы новы тавар, мусяць разьлічваць па новых коштах».

Гандаль — зусім ніякі, таму будзем працаваць толькі ў суботу й нядзелю.
Гандляры на Івацэвіцкім рынку кажуць, што на працягу чэрвеня будуць працаваць літаральна некалькі дзён, абы нешта зарабіць на ежу і выручыць за новы тавар, кажа прадпрымальніца Валянціна:

«Проста маем тавар, які няма куды падзець. Пакуль будзем працаваць. А што нам яшчэ рабіць? Гандлю зусім няма ніякага, будуць выходзіць толькі ў суботу і нядзелю».

Наведнікі на рынку кажуць, што цэны сапраўды недаступныя. Няма практычна ніводнага тавару, які б не падаражэў, кажа жыхарка Івацэвічаў Натальля:

«Падаражэла ўсё без выключэньня. І прадукты харчаваньня, і садавіна, і гародніна. А цэны ня могуць ня ўражваць і не хваляваць. Зразумела, што цэны залежаць ад даляра. Нават для прыкладу: бананы цяпер каштуюць па 11000 рублёў. Макарона — 8000 рублёў».

Прадпрымальнікі кажуць, што людзі вінавацяць у росьце цэнаў і саміх гандляроў. Але, нягледзячы на складанасьці, нямала прадпрымальнікаў прыстасоўваюцца да цяперашніх варункаў:

«Івацэвічы — даволі маленькі гарадок. Неяк атрымліваецца дастаць валюту. Але дакладна, што ў наступным месяцы мы проста не дамо рады наагул працаваць. Пакуль стаім каля абменьнікаў па чарзе. Але так далей проста ня можа працягвацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG