Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб набыць даляры, трэба не паспаць пару начэй»


Падзеньне афіцыйнага курсу беларускага рубля ня зьменшыла ажыятажны попыт на валюту: у абменных пунктах па-ранейшаму чэргі па даляры, эўра і расейскія рублі. Адмыслоўцы заяўляюць: пакуль курс даляра на так званым «чорным» рынку перавышае афіцыйны на 20%, валюта ў абменьніках ня зьявіцца.

Найбольшая колькасьць пунктаў абмену валюты сканцэнтраваная ў будынку Чыгуначнага вакзалу і Прывакзальнай плошчы Менску. Каля кожнага зь іх — па некалькі чалавек, якія адпачываюць на раскладных сядзеньнях. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Ці зьявіліся ў абменьніках даляры? Вы доўга ў чарзе?».

Спадар: «Два месяцы».

Карэспандэнтка: «І колькі вы хочаце набыць?».

Спадар: «Кожны раз па-рознаму».

Спадарыня: «Кожнаму норма — 500 даляраў на чалавека. Вядома, трэба не паспаць пару начэй.Пасьля можна яшчэ і ў іншых набыць».

Карэспандэнтка: «А якая тут чарга?».

Спадарыня: «Мне казалі, што я сто саракавая».

Карэспандэнтка: «А вось гэтая жанчына, яна што — прыходзіла адзначацца ў чарзе?».

Спадар: «Так. Прыходзіла адзначацца ў сьпісе».

Карэспандэнтка: «Вы маеце такі сьпіс? І які ён вялікі?».

Спадар: «У маім сьпісе 226 чалавек. Зараз мая чарга набываць — я заадно і адзначаю, а пасьля нехта іншы будзе».

Карэспандэнтка: «Калі запісацца ў вашу чаргу, то калі можна набыць даляры?»

Спадар: «За пару тыдняў набудзеце».

Людзі, якія стаяць у чарзе па валюту, ня згодныя з выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі, што даляры людзям патрэбныя выключна на адпачынак, і абураныя прапановай набываць іх на так званым чорным рынку:

Карэспандэнтка: «Прэзыдэнт казаў, што даляры людзям зусім не патрэбныя…»

Спадар: «Мне, да прыкладу, патрэбныя расейскія рублі, каб паехаць у Расею».

Спадар: «А я, да прыкладу, індывідуальны прадпрымальнік. Мне патрэбная валюта, каб набываць за мяжою тавар».

Іншы спадар: «За беларускія рублі ня купіш у Нямеччыне машыну — вось я тут і стаю».

Спадарыня: «А калі дзіця вучыцца? Усе ж разьлікі вядуцца адносна курсу даляра. А ў нас жа сытуацыя непрадказальная — вось і даводзіцца яго трымаць».

Карэспандэнтка: «А як наконт прапановы набываць валюту на чорным рынку?».
Няхай пакажа — я пайду на чорны. Ці няхай адменіць артыкул, паводле якога людзей штрафуюць на сто базавых адзінак.

Спадар: «А дзе той чорны рынак? Няхай пакажа — я пайду на чорны. Ці няхай адменіць артыкул, паводле якога людзей штрафуюць на сто базавых адзінак. Тады мы пойдзем на чорны рынак і будзем шукаць адзін аднаго. А так нам даводзіцца ісьці ў банк».

Іншы спадар: «Прэзыдэнт прапаноўвае ісьці на чорны рынак і адначасна артыкул адказнасьці захоўвае. Памяняў сто расейскіх рублёў і атрымаў сто базавых велічыняў штрафу. І каму патлумачыш, што ты прыйшоў туды на прапанову прэзыдэнта?».

Спадар: «Чорны рынак — гэта штраф і канфіскацыя аб’екту зьдзелкі. А мы законаў не парушаем».

Чакальнікі ў чарзе па валюту заяўляюць, што попыт на яе ў Беларусі будзе трываць яшчэ доўга, і вось чаму:

«Што значыць набыць 300 даляраў у абменьніку? Гэта значыць зарабіць 100 даляраў. Таму дастаяцца па даляры нельга ніколі, і ніколі ў абменьніку вы іх ня купіце. Толькі ў выпадку, калі вы прыйшлі і чалавек, які прадае, скажа, што вы сябры — і хочаце, каб ён купіў менавіта — толькі тады магчыма. Іншых шляхоў няма. Галоўнае, што ўсё адбываецца праз абменьнік: вы здалі, хтосьці набыў — усё законна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG