Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест валюты – "зайцы", замест курорта – лецішча


Паводле адмыслоўцаў у галіне турызму, з прычыны працяглага фінансавага крызісу колькасьць тых беларусаў, якім удасца адпачыць за мяжой, сёлета можа скараціцца ўдвая. Асноўныя прычыны — немагчымасьць набыць валюту для разьлікаў у іншай дзяржаве і неадэкватныя курсы, выстаўленыя турапэратарамі: бальшыня фірмаў пералічваюць даляр па 8500—9000 рублёў, эўра — больш як па 12000 рублёў. У той жа час прыбыткі насельніцтва ў выніку дэвальвацыі і далейшай інфляцыі рэзка зьнізіліся.

Сёлета бальшыні жыхароў Беларусі давядзецца адпачываць даўжэй, чым у папярэднія гады. Згортваньне бізнэсу і цэлых вытворчасьцяў з прычыны фінансавых праблемаў у прадпрымальнікаў і кампаній прымусіла выправіць на бестэрміновыя вакацыі дзясяткі тысяч найманых працаўнікоў. Прадбачачы безграшовыя пэрспэктывы, людзі адмаўляюцца ад ідэі пабачыць іншыя шыроты. Гаворыць уладальнік турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка:

Андрэй Барашка
"На мой погляд, ідзе прытрымліваньне нават тых запасаў, якія, хутчэй за ўсё, у скарбонках усё ж ёсьць. Прынамсі з пункту гледжаньня турыстычнага бізнэсу я на гэта спадзяюся, таму што ў нестабільнай сытуацыі любы чалавек, не абавязкова беларус (а беларуса, магчыма, яшчэ трэба памножыць на тры), — ён заціскаецца, не прымае пасьпешлівых рашэньняў. І я лічу, што на сэзоне адаб'ецца менавіта гэтае чаканьне, а не магчымасьці самога чалавека ці нават курс турапэратара — усе ж разумеюць, што даляравы эквівалент у рублях зьмяніўся, і я ня думаю, што гэта галоўны фактар адпужваньня. Проста людзі крыху скочваюцца па гэтай вось пірамідзе да больш зямных рэчаў: да лядоўняў, грэчкі і г.д.".

Найбольш рэальная пэрспэктыва адпачынку для большасьці беларусаў — лецішча, бацькоўскі дом ці адпачынак дзікуном у бліжэйшым лесе. Паводле кіраўніка Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянціна Цэхмэйстара, трапіць у беларускія санаторыі амаль нерэальна. Па-першае, кошты там мала адрозьніваюцца ад агульнаэўрапейскіх, па-другое, турыстычны комплекс кіруецца дырэктывай працаваць на экспарт, здабываючы валюту краіне. У выніку яшчэ раньняй вясной мясцовыя здраўніцы амаль цалкам браніруюцца расейцамі:

Валянцін Цэхмэйстар
"У цяперашняй сытуацыі беларускім турфірмам нічога не застаецца, як перакінуцца на расейскія рэгіёны і прыцягваць замежнікаў у выглядзе турыстаў з Расеі. У сваю чаргу, яны яшчэ ў красавіку месяцы практычна на 80% выкупляюць нашы санаторна-курортныя ўстановы, куды беларускі спажывец у добрыя месцы — з прычыны як цэнавай палітыкі, так і астаткавага прынцыпу — летам патрапіць ужо ўсё роўна ня зможа. Таму расейцаў пакуль што гэтая сытуацыя прываблівае і яны ўдзельнічаюць у аздараўленьні агульнай статыстыкі на прыём замежных грамадзянаў. Ну, а беларускім кампаніям што застаецца? Чакаць ды рабіць адпаведныя высновы. У выставах удзельнічаць у іх няма рэзону, бо няма сэнсу праплочваць пустыя паездкі, стэнды, якія ва ўмовах сёньняшняга эканамічнага стану робяцца ўсё больш стратнымі".

Спэцыялісты прагназуюць, што ва ўмовах нявызначанасьці турыстычны рынак чакае значная рэструктурызацыя. Шмат якія кампаніі папросту ня вытрымаюць правілаў гульні, якія ім навязала дзяржава, і будуць вымушаныя згарнуць дзейнасьць. Не спрыяе капіталізацыі бізнэсу і адсутнасьць кліентаў: плаціць за пуцёўку ўдвая больш, чым паводле банкаўскага курсу, ахвотных няшмат.

Зрэшты, няма асаблівых спадзяваньняў і на абвешчаны Нацыянальным банкам адыход ад палітыкі дэдалярызацыі, што павінна вярнуць валюту ў шырокі абарот, у тым ліку і ў турыстычнай галіне. Як кажа экспэрт у сфэры турызму Андрэй Барашка, працэдура атрыманьня валютнай ліцэнзіі надзвычай складаная. У выніку адпаведны дазвол маюць ня больш чым дзясятак суб'ектаў гаспадараньня з агульнага ліку паўтары тысячы:

"У тым і справа, што мае месца нейкая птушачка ў вырашэньні пытаньня. Валютная ліцэнзія даецца Нацбанкам пасьля праходжаньня вялікай колькасьці складаных тэстаў — дырэктара, бухгальтара, іх атэстацыі і г.д. А рынак у нас пераважна турагенцкі, на ім працуюць невялікія кампаніі і часта нават бухгальтары не пастаянныя, а прыходзячыя. Таму буйныя кампаніі з мэтай захаваньня бізнэсу паспрабуюць атрымаць гэтыя валютныя ліцэнзіі, у каго іх няма.

Але калі мы нават змадэлюе сытуацыю, што, прыкладам, улады наплявалі на валютныя ліцэнзіі, дазволіўшы браць даляры, мы зноў жа вяртаемся да таго, на якой прыступцы гэтай лесьвіцы знаходзяцца зараз беларусы. То бок ці першачарговая для іх цяпер паездка на адпачынак — ня важна, гэта Крым, Румынія, Баўгарыя, Турэччына, далей баюся нават марыць. Напэўна, у сьвятле незразумеласьці сытуацыі, яе непразрыстасьці, — наўрад ці".

Ва ўмовах імклівага росту цэнаў на харчаваньне шмат хто задумваецца не над тым, як укласьці наяўныя грошы ў адпачынак, а як пашырыць пасадачныя плошчы на сваім прысядзібным пляцы ці на лецішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG