Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Марцалеў: Турма непазьбежная для тых, хто цікавіцца палітыкай


Сяргей Марцалеў пасьля суду
Сяргей Марцалеў пасьля суду
Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня летась, адказаў на пытаньні Свабоды.






Вячаслаў Ракіцкі
: Першая ноч у ноч у ложку, дома, пасьля пяці месяцаў на турэмных нарах. Змаглі заснуць? Як спалася? Турма ня сьнілася?

Сяргей Марцалеў: Шчыра кажучы, дагэтуль не магу прызвычаіцца. Прачнуўся сёньня паводле раскладу ў 5:45 і чакаў, пакуль канвойны стукне ў дзьверы, адкрые кармушку і скажа: "Пад'ём!" Але гэтага не адбылося, і псыхалягічна гэта было дзіўна, але, тым ня менш, вельмі пазытыўна, зразумела.

Ракіцкі: Вы правялі 5 месяцаў у нядобрай славы турме КДБ. Якія вашы ўражаньні? Наколькі гэтая страшная ўстанова? Як цяжка вам там было?

Марцалеў: Турма - гэта ня страшна, турма - гэта непазьбежна для таго, хто цікавіцца палітыкай. Нават калі ты клерк і сядзіш за кампутарам, чытаеш навіны - трэба быць гатовым да таго, што могуць прыйсьці і за табой. Да прыкладу, калі ўзяць падзеі 11 красавіка - я маю на ўвазе выбух у мэтро і так званых "распаўсюднікаў чутак", якія нібыта сеялі паніку - шэраговых грамадзян, якія выказвалі сваё меркаваньне недзе на форумах - у выніку яны сталі закладнікамі гэтай сыстэмы і патрапілі ў турму, хаця палітыкай нават не цікавіліся. На жаль, гэта дыягназ: калі мы, знаходзячыся ў сваёй краіне, вымушаны па-ранейшаму гаварыць на кухні і шэптам тое, што трэба казаць гучна і ўголас.

Ракіцкі: Што са зьняволеньня застанецца ў памяці надоўга, а мо і на ўсё жыцьцё?

Марцалеў: Тое, што ўжо ня можа быць так, як было да гэтага. Жыцьцё радыкальна зьмянілася. Я не ўспрымаў, што мяне судзяць за тое, што я прыйшоў на дэманстрацыю. Мне сказалі дастаткова адкрыта: "Вам трэба было вызначацца, з кім вы працуеце, з кім вы супрацоўнічаеце на прэзыдэнцкіх выбарах!” То бок, мне далі зразумець, што судзяць за тое, што я працаваў з кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам.

Ракіцкі: Вас асудзілі да двух гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады. Што гэта азначае? Якое абмежаваньне вашай свабоды хаваецца за гэтай юрыдычнай фармулёўкай?

Марцалеў: Судзьдзя цытавала артыкул 78: што мае далейшыя дзеяньні будуць кантралявацца праваахоўнымі органамі. То бок, яны мяне будуць час ад часу наведваць - наколькі часта, я ня ведаю, правяраць мой "лад жыцьця" і кантраляваць, наколькі я выконваю пакараньне: ці ўладкаваўся на працу і г.д. 78 артыкул прадугледжвае больш мяккі від пакараньня, чым 77, які прыменены да Ірыны Халіп: я магу, напрыклад, у адрозьненьне ад яе, вяртацца дадому пазьней за 22:00, але ў любым выпадку гэта пастка. Бо ў любы момант і для мяне, і для Ірыны Халіп адно-другое адміністрацыйнае парушэньне - гэта ўжо турма.

Ракіцкі: Ці згодныя вы з гэтым выракам і ці будзеце яго абскарджваць?

Марцалеў: Я прызнаў на судзе, што сапраўды заклікаў сваіх суграмадзян прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і сам быў на гэтай плошчы. І я ня бачу ў гэтым нічога для сябе недастойнага, ня бачу злачынства. Але паводле дзеючага заканадаўства гэта - супрацьпраўныя дзеяньні, за якія мяне асудзілі, і гэта праблема заканадаўства, якое трэба рэфармаваць. Наконт таго, ці будзем мы абскарджваць пастанову суду - мне трэба параіцца, па-першае, з адвакатам, па-другое, мы павінны прыняць калектыўнае рашэньне з Ірынай Халіп і Паўлам Севярынцам: паколькі нас разам судзілі, дык мы разам павінны і зрабіць гэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG