Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Байковай атрымаў штраф памерам 8.750.000 рублёў


Міхаіл Воўчак
Міхаіл Воўчак
11 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску абвешчаны прысуд былому адвакату Міхаілу Воўчаку. Судзьдзя Алена Рудніцкая прызнала яго вінаватым у разгалошваньні дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня і прысудзіла выплаціць штраф у 250 базавых велічынь (8.750.000 рублёў).

Да уступленьня прысуду ў законную сілу з Воўчака ўзятая падпіска аб нявыезьдзе.

70-гадовы пэнсіянэр абвінавачваўся паводле часткі 1 артыкулу 407 Крымінальнага кодэксу (разгалашэньне дадзеных дазнаньня, папярэдняга сьледзтва або закрытага судовага паседжаньня). Яму інкрымінавалася перадача карэспандэнту БелаПАН фотакопій пратаколаў праслухоўваньня Камітэтам Дзяржаўнай Бясьпекі тэлефонных перамоваў паміж абвінавачваным у стварэньні злачыннай арганізацыі грамадзянінам ФРГ і сьледчым МУС, які зьяўляўся членам сьледчай групы старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай. Байкова была апошняй падабароннай Міхаіла Воўчака ў яго адвакацкай практыцы.

Камэнтуючы прысуд Воўчак сказаў:

"Гэты прысуд павінен быць прызнаны незаконным і неабгрунтаваным. Будзе пададзеная касацыйная скарга ў Менскі гарадзкі суд. Ці падтрымае яго гэтая першая інстанцыя ці не падтрымае, ня ведаю. Асуджэньне па гэтым артыкуле мяне, як былога адваката, аб чым кажа? Перш за ўсё гэта зьвязана з маёй працай па абароне Байковай. З бескампраміснай пазыцыяй і абвяшчэньнем усіх дадзеных, якія мне вядомыя, аб злачыннай дзейнасьці любых службовых асобаў, у тым ліку і КДБ. Я пра гэта кажу публічна і буду казаць".

Паводле перакананьня Міхаіла Воўчака, усялякі ціск на адваката выбівае яго з каляіны, пазбаўляе магчымасьці ў поўную сілу абараняць свайго падабароннага.

Каб выплаціць прысуджаны яму штраф, Воўчаку трэба аддаць усю яго пэнсію за 12,5 месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG