Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме літаратара» Анатоль Вярцінскі і Леанід Дайнека



САМ-НАСАМ З ЧАСАМ

АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ: «БЕЛАРУСКІ ВЕРШ ЗЬВЕДАЎ І «АМЭРЫКАНКУ», І «ВАЛАДАРКУ»


Анатоль Вярцінскі
Падчас прамінулых прэзыдэнцкіх выбараў упершыню ў палітычнай гісторыі Беларусі да выбаршчыкаў прамаўлялі ня толькі кандыдаты ў прэзыдэнты. На агітацыйных сходах і мітынгах, на дзяржаўных радыё і тэлебачаньні, з рэклямных улётак і плякатаў да людзей прамаўляла беларуская паэзія. Пра гэты фэномэн мы сёньня гутарым з паэтам Анатолем Вярцінскім.

Міхась Скобла: «Спадар Анатоль, памятаю, яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў і зьвязаных зь імі падзеяў вы сказалі пры сустрэчы, што задумалі верш ці эсэ на тэму „Выбары і беларускі верш“. Дык ці напісалі?»

Анатоль Вярцінскі: «Не, не напісаў. Толькі занатаваў у блякноце накід задуманага. Зь вершам не атрымалася зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, прыйшлі на памяць ужо напісаныя і надрукаваныя колісь радкі — з нагоды, зноў жа, выбараў, толькі ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Радкі ў форме звароту да выбаршчыкаў: «Голасу права — вялікая справа. Волю сваю праявіце яскрава! Вы сёньня — вяршыцелі, вы сёньня — судзьдзі. Ідзіце на выбары і — галасуйце!». Па-другое, маю задуму падказала мне іншая інфармацыйная нагода. Памятаю, раніцай 30 лістапада — гэта добра запомнілася — я слухаў выступ кандыдата ў прэзыдэнты, свайго калегі па паэтычным цэху Ўладзімера Някляева. Апроч іншага, прамаўляліся словы пра тое, чаму ён ужо даўно займаецца ня песьнямі, а палітыкай. «Таму што, — гучала ў ранішнім радыёэфіры, — паэзія жыцьцё наша можа ўпрыгожыць, але ня можа зьмяніць. А я хачу яго зьмяніць, палепшыць». Перадвыбарчая заява завяршалася, як вядома, вершам «Я прыйшоў, каб вы перамаглі»: «Мы ляжым снапамі на таках, нас малоціць кожны, хто ў руках, мае цэп! І так ва ўсе вякі».

Скобла: «Мне гэты вершы сугучны са «Словам пра паход Ігаравы». Той жа вобразна-стылёвы лад: «На Нямізе галовы сьцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі».

Вярцінскі: «Так-так. Нават даслоўнае супадзеньне: снапы, ток, цапы. І гэта, заўважу, не сьвядомае перайманьне і нават не міжвольная рэмінісцэнцыя. Гэта — незалежная ад волі аўтара пераклічка часоў, своеасаблівая эстафэта. Толькі цяпер, на новым часавым вітку, верш выступіў у новай ролі — як частка палітычнай прамовы прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. І гэта ўражвала, наводзіла на роздум — пра лёс нашага паэтычнага слова, нашага беларускага верша».

Скобла: «А калі ўпершыню ў беларускай гісторыі верш загучаў як палітычная праклямацыя? Можа, з вуснаў Кастуся Каліноўскага?»

Беларускі верш пры царскай уладзе садзілі ў астрог, а пры бальшавіцкай — ставілі да сьценкі тварам з узьнятымі рукамі разам зь Якубам Коласам.
Вярцінскі: «Так, Каліноўскі заклікаў (менавіта ў вершы) „за праўду станавіцца сьмела“. Беларускі верш разам з Каліноўскім улады вялі на эшафот. Беларускі верш здавалі ў рэкруты разам з Паўлюком Багрымам. Беларускі верш разам з Алесем Гаруном судзілі і высылалі ў Сыбір. Беларускі верш пры царскай уладзе садзілі ў астрог, а пры бальшавіцкай — ставілі да сьценкі тварам з узьнятымі рукамі разам зь Якубам Коласам. Беларускі верш выклікалі на допыт, даводзілі да спробы самагубства разам зь Янкам Купалам. Беларускі верш, надрукаваны і яшчэ толькі задуманы, яшчэ не зусім вынашаны ў сэрцах і розумах яго носьбітаў, везьлі на расстрэл у Курапаты, яго ў рукапісным выглядзе палілі на вялікім вогнішчы ў турме-„амэрыканцы“. Так, беларускі верш зьведаў і „амэрыканку“, і „валадарку“, і аршанскую перасылку, і этапы, і канвой, і зону, і калючы дрот незьлічоных гулагаў. Беларускі верш рэпрэсуюць і ў нашыя дні, пры сёньняшняй уладзе — канфіскавалі Дом літаратара, дзе ён гучаў прылюдна, пазбавілі рэдакцый, дзе яго віталі і прымалі да друку».

Скобла: «Прычым, гэтыя сумнавядомыя падзеі часам набываюць анэкдатычны характар. Вы, напэўна, чулі, як пры затрыманьні магілёўскага актывіста Зьмітра Салаўёва пасьля 19 сьнежня супрацоўнік КДБ знайшоў у яго кампутары верш Купалы «На сход». Кадэбіст палічыў яго за крамольны дакумэнт, за доказ падрыхтоўкі да «масавых беспарадкаў».

Вярцінскі: «Тое ж самае інкрымінуюць і аўтару верша „Я прыйшоў, каб вы перамаглі“. Зьяўленьне гэтага твора для мяне азначае адно: шматпакутны беларускі верш узбунтаваўся, рашыўся, так бы мовіць, узяць рэванш за ўсе свае пакуты, крыўды і паразы».

Скобла: «Але ў выніку — разам з аўтарам трапіў за краты. І сёньня Ўладзімер Някляеў можа пісаць, але вершы свае выносіць на людзі ня мае права. Яны разам з аўтарам — пад хатнім арыштам».

Вярцінскі: «Някляеву нават у кашмарным сьне ня бачылася, што ў ягонай кватэры — замест пявучых музаў ды анёла-натхняльніка — будуць кругласутачна дзяжурыць пільныя кадэбісты. Што ягоны хатні кут улады зробяць філіяй „амэрыканкі“. Гэткая сабе мадэрнізацыя па-лукашэнкаўску».


КНІГАРНЯ СВАБОДЫ

ЛЕАНІД ДАЙНЕКА: «НЕЛЬГА ПАСТАВІЦЬ НА КАЛЕНІ НАРОД, ЯКІ МАЕ СВАЮ ХАТУ, СВАЮ МОВУ І СВАЮ ВЕРУ»


Леанід Дайнека
«Назаві сына Канстанцінам» — гэтак называецца новы гістарычны раман Леаніда Дайнекі, які нядаўна выйшаў у выдавецтве «Літаратура і мастацтва». Адзін з трох Канстанцінаў, герояў раману, — Канстанцін Астроскі, герой Бітвы пад Воршай 1514 году. Гэта ці ня першы зварот пісьменьніка-бэлетрыста да вобразу славутага гетмана ВКЛ. Сёньня Леанід Дайнека — наш госьць.

Міхась Скобла: «Спадар Леанід, ваш раман „Назаві сына Канстанцінам“ выразна падзяляецца на дзьве часткі: адна — пра Канстанціна Палеалога, які загінуў пры абароне Канстанцінопаля ад турак, і другая — пра Канстанціна Астроскага — героя Бітвы пад Воршай. Чаму ўсё ж вы вырашылі зрабіць іх героямі адной кнігі?»

Леанід Дайнека: «Калі быць дакладным, то ў рамане ёсьць яшчэ адзін Канстанцін, які ўвайшоў ў гісторыю як Канстанцін Вялікі — рымскі імпэратар, які зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імпэрыі. Ён, вобразна кажучы, вывеў хрысьціянаў з катакомбаў на белы сьвет. Спачатку я хацеў назваць свой раман «Тры Канстанціны», але спыніўся на назьве «Назаві сына Канстанцінам». Гэтая назва скіраваная ў будучыню, таму што народзяцца новыя Канстанціны. Я ў канцы рамана так і пішу: народзіцца яшчэ і Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас, і Канстанцін Каліноўскі. Дадамо сюды яшчэ і Канстанціна Езавітава — змагара за беларускую дзяржаўнасьць. Мне вельмі падабаюцца такія яркія, гераічныя асобы, якія змагаюцца за сваю ідэю. Той жа Канстанцін Палеалог, імпэратар, гіне на сьценах Канстанцінопаля, абараняючы арамейскую сталіцу ад турак-асманаў. Той жа Канстанцін Іванавіч Астроскі, вялікі гетман ВКЛ, вядзе свае раці да Воршы, да ракі Крапіўны, каб спыніць навалу маскальскіх рацяў, якія пастаянна ішлі з усходу, каб захапіць нашу дзяржаву, землі якой яны лічылі землі сваёй «вотчынай».

Скобла: «Мяне ў вашым рамане асабліва захапілі дзьве батальныя сцэны — абарона Канстанцінопаля і Бітва пад Воршай. Магу параўнаць іх апісаньне хіба з апісаньнем Барадзінскай бітвы ў „Вайне і міры“. „8 верасьня 1514 году сонца ўзышло над Крапівенскім полем у 7 гадзінаў 4 хвіліны…“. Па якім календары вы гэта вылічылі?»

Дайнека: «Дзякуй вам за параўнаньне майго твора з творам вялікага Льва Талстога. Я ня меў на ўвазе такія параўнаньні. Мяне клікала мая ідэя, мая мэта. Што тычыцца вашага пытаньня пра каляндар, дык ёсьць так званы „вечны каляндар“, па якім усё можна вылічыць. Мне як аўтару заўсёды хочацца быць звышдакладным, каб чытач паверыў у апісваныя падзеі, каб убачыў т о е сонца, якое ўзышло і зайшло, як я пішу, шмат для каго назаўсёды. Але тыя людзі, што загінулі на Крапівенскім полі, абараняючы нашу радзіму ВКЛ, загінулі не дарэмна. Калі б яны не загінулі тады, у верасьні 1514 году, цяпер тут невядома што было б. Была б якая-небудзь Смаленская губэрня сёньняшняй Расеі. У сваім рамане я хацеў паказаць канкрэтных людзей, не выдуманых, не мітычных герояў. Прыйшлі рэальныя людзі, узялі ў рукі зброю і спынілі ўсходняга агрэсара, які заўсёды хацеў, каб мы танцавалі толькі пад крамлёўскую дудку».
Прыйшлі рэальныя людзі, узялі ў рукі зброю і спынілі ўсходняга агрэсара, які заўсёды хацеў, каб мы танцавалі толькі пад крамлёўскую дудку.


Скобла: «Вам дзіўным чынам удалося перадаць атмасфэру тых далёкіх часоў. Калі чытаеш пра штурм Канстанцінопаля, уражаньне — нібы чуеш крыкі янычараў… Нібы на Крапівенскім полі пабываў. Як вам гэта ўдаецца?»

Дайнека: «Па-першае, я пранікся духам бітвы. Я наогул люблю бітвы, гром, сечу, як раней пісалася, крыкі вояў, шыпеньне стралы, звон мячоў, груканьне ядраў аб цьвёрдыя крапасныя сьцены. Для мяне гэта, прабачце, гучыць, як музыка. Мажліва, гэта музыка пакуты, але гэта музыка змаганьня, яраснай веры ў сваю перамогу. Тыя ж маладыя янычары па-свойму таксама мелі рацыю. Іх вёў правадыр, султан Мехмед, на заваяваньне Эўропы. Яны памяталі, што некалькі стагоддзяў таму Аляксандар Македонскі з Эўропы ішоў на Азію, зьнішчыў Пэрсыдзкае царства і ўзяў у палон цара Дарыя. Наогул, я стараюся пісаць у такой кінэматаграфічнай, галівудзкай манеры. Мне цікава, як Галівуд здымае гістарычныя кінафільмы. Я захапляюся „Спартаком“, „Клеапатрай“, я памятаю, як ішлі на бітву глядыятары. Мне даспадобы такая пабудова сюжэту — ляканічная, вострая. Я стараўся і рады, што вам, як вельмі дапытліваму чытачу, гэта спадабалася. Значыць, павінна спадабацца і другім чытачам».

Скобла: «Назаві сына Канстанцінам» — выразна антымаскоўскі раман. Вось толькі дзьве цытаты: «Масква і Арда — адна бяда», «Калупні любога маскоўца і знойдзеш татарына». А чаго вартае ваша цьверджаньне, што шапка Манамаха перашытая зь цюбецейкі бухарскай работы… Як вам удалося выдаць свой твор у дзяржаўным выдавецтве?"

Я думаю, сёньня, пасьля візыту Пуціна раман ужо не надрукавалі б.
Дайнека: «Я сам зьдзіўляюся. Неяк пазваніла Раіса Баравікова, рэдактарка часопіса „Маладосьць“, якая пры ўсёй сваёй заангажаванасьці — тонкая беларуская паэтка і патрыётка Беларусі, і прапанавала прынесьці ім раман. І ён быў надрукаваны ў „Маладосьці“, і я тады яшчэ зьдзівіўся. Відаць, тады было нейкае пагаршэньне стасункаў паміж Менскам і Масквой. Я думаю, сёньня, пасьля візыту Пуціна раман ужо не надрукавалі б, а тады ён праскочыў. У ім яўна ж не расейскі народ — наш вораг. А тыя вялікадзяржаўнікі-шавіністы, якія хацелі прыбраць да рук усё, што лічылі сваёй спадчынай яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Але пра якую спадчыну гаворка? Мы ведаем, што маскоўскія правіцелі былі чорнымі рабамі-даньнікамі Мангольскай Арды, а наш народ у той час жыў у Эўропе, меў праз Польшчу, праз Балтыйскае мора сувязь з Нямеччынай, з Ангельшчынай, з Францыяй».

Скобла: «Часам які-небудзь герой прысутнічае на дзвюх-трох старонках раману, а — запамінаецца. Такі, напрыклад, шляхціч з-пад Шклова Парфён Сініца — віж і навушнік, які запрадаўся Маскве… Янычар Гасан Нечапай — вобраз таксама запамінальны. Успомніць радзіму яго прымушаюць усяго два словы. А беларуса да Беларусі што можа вярнуць?»

Дайнека: «Беларуса да Беларусі можа найперш вярнуць тая літаратура, якую мы ствараем. Я — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, і ганаруся гэтым. У нашым саюзе працавала і працуе вельмі шмат таленавітых пісьменьнікаў, якія пішуць на гістарычную тэму: Уладзімер Арлоў, Канстанцін Тарасаў, Вольга Іпатава. А ў свой час усе мы пачаліся з Караткевіча. Як расейская літаратура выйшла з гогалеўскага „Шынэлю“, так мы выйшлі з караткевічаўскага бэрэту. Але і да Караткевіча ня бедная была наша гістарычная літаратура. Успомнім імёны Язэпа Дылы, Барыса Мікуліча, Зьмітрака Бядулі, нават малавядомага сёньня Ільлі Клаза. Таму я ўпэўнены, што Беларусь ёсьць, была і будзе, як пісаў Уладзімер Караткевіч».


Скобла: «Вы прызналіся, што захапляецеся галівудзкімі фільмамі. Можна заўважыць, як у сучасным кіно ролю цудадзейнай палачкі выконвае кампутар. У самай безнадзейнай сытуацыі герой сядае за кампутар і — выйсьце знаходзіцца. У вашым рамане падобную ролю выконвае арол, які прылятае ня толькі ў розныя краіны, але і ў розныя стагодзьдзі. Няўжо нельга было абысьціся бяз містыкі?»

Дайнека: «А я сам па духу містык. Заўважце, мой арол не дзьвюхгаловы, гэта арол белы, вольны арол. Я хацеў спалучыць стагодзьдзі і наўмысна пайшоў на такі крок. Мае героі пераносяцца ў іншыя стагодзьдзі — гэта таксама пад уплывам Галівуду. І каб зьвязаць падзеі і стагодзьдзі нейкай залатой ніткай, я і прыдумаў вобраз арла. Мой герой Ранцэвіч гаворыць пра яго так: «Недзе высока-высока ў вечнасьці жыве залаты арол волі, які прылятае толькі да тых, хто змагаецца за сваю зямлю, за сваю Айчыну, каб дапамагчы гэтым людзям у іх сьвятой барацьбе».

Скобла: «У тканку рамана вельмі натуральна ўплеценыя вершы. Чые яны?»

Дайнека: «Мае. Я імгненна пераключаюся з прозы на вершы. Проза і паэзія для мяне — адна плынь, адна рака, якая цячэ. Паэзія — усё ж вышэйшы ўсплёск літаратуры, мэтэарыт літаратурнага неба. І вершы ў рамане для таго, каб ярчэй азарыць гэтае неба, каб чытач пранікся верай у твор. Я не адмаўляюся, што я бэлетрыст. Я бяру сапраўдную гістарычную сьцяну, але размалёўваю яе фарбамі свайго ўяўленьня».

Скобла: «Неаднойчы падзеі ў рамане мне нагадвалі падзеі сучасныя. Скажам, нападнікі ў чорных масках раняць вашага героя на вуліцы гораду, зьнікаюць, і ніхто ня ведае, хто яны. Зусім як у выпадку з Уладзімерам Някляевым. А вам часта бачацца такія паралелі — паміж мінуўшчынай і сучаснасьцю?»

Дайнека: «Пастаянна бачацца. Жыцьцё няспыннае, і яно зь мінуўшчыны цячэ ў наш сёньняшні дзень. Тады былі нападнікі ў чорных масках, і сёньня яны ёсьць. Нічога не мяняецца. Жыцьцё цячэ. А што тычыцца Ўладзімера Някляева, дык я яму ў свой час даваў рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў. І я гэтым ганаруся. І сёньня я перажываю за яго, за яго сьветлы лёс і жадаю, каб ён найхутчэй выйшаў на волю. На мой погляд, Някляеў — першая велічыня ў сучаснай беларускай паэзіі. „Можна зламаць шпагу — нельга зьнішчыць ідэю,“ — сказаў вялікі француз Віктор Гюго. Гэтыя яго словы адпавядаюць і нашай беларускай сытуацыі. Нельга зьнішчыць ідэю беларускай дзяржаўнасьці, якая ідзе праз стагодзьдзі, пачынаючы зь Бітвы пад Воршай, якая дайшла і да нашых дзён. Нельга паставіць на калені народ, які хоча волі, які хоча жыць у сваёй хаце, пад сваім небам, са сваім словам, са сваёй верай».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG