Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна збайкатаваць кнігу?



САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


Валянцін Акудовіч: "Заклік да байкоту кніжнай выставы – пустая задумка"

У Менску завершыла працу XVIII Міжнародная выстава-кірмаш, у якой удзельнічалі ня толькі замежныя і дзяржаўныя выдавецтвы, але і айчынныя незалежныя. Чаму сярод беларускіх выдаўцоў і пісьменьнікаў не знайшла падтрымкі ідэя байкоту гэтага дзяржаўнага мерапрыемства, – адна з тэмаў нашай гутаркі зь літаратарам, удзельнікам выставы Валянцінам Акудовічам.

Міхась Скобла: “Спадар Валянцін, якія ў вас агульныя ўражаньні ад выставы-кірмашу?”

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч:
“Агульныя ўражаньні – ня надта радасныя, ня надта аптымістычныя. Вось у нас кінэматографу свайго, нацыцянальнага, больш-менш сур’ёзнага, няма, але маем кінафэстываль “Лістапад”. Тэатар у нас далёка не бліскучы, але маем шэраг тэатральных фэстываляў. Беларускае кнігавыданьне, па вялікім рахунку, у занядбаньні, але кожны год мы ладзім шырокую, міжнародную выставу-кірмаш. Гляньце, наш беларускі кніжны рынак на
наш беларускі кніжны рынак на дзьве траціны завалены прадукцыяй маскоўскіх выдавецтваў ...
дзьве траціны завалены прадукцыяй маскоўскіх выдавецтваў. Хутка маскоўскія выдавецтвы цалкам праглынуць наш рынак. Мы ў пяць разоў не дасягаем патрабаваньняў ЮНЕСКА што да папаўненьня кніжных фондаў. У пяць разоў болей павінны насычацца нашы бібліятэкі. Гэта значыць, што міжнародных нормаў мы дасягнем невядома праз колькі гадоў. Таму што дзяржава слаба падтрымлівае выдавецтвы, але яшчэ слабей падтрымлівае бібліятэкі, каб яны маглі набываць кнігі. Я ўжо не кажу пра праблему нацыянальнай беларускамоўнай літаратуры – асобная балючая тэма. Так што ганарыцца ў сытуацыі, калі беларуская кніга на беларускай мове выходзіць мізэрнымі накладамі ў мізэрнай колькасьці, нам аніяк не выпадае”.

Скобла: “Ганаровым госьцем сёлетняй выставы была Нямеччына. У сувязі з гэтым як вы ацэньваеце міжнародныя дачыненьні нашых выдаўцоў? Ці быў на выставе відзён плён гэтых дачыненьняў?”

Акудовіч: “Я ўсьцешаны, што сёлета ганаровым госьцем была Нямеччына. Бо Нямеччына сёньня – цэнтар ня толькі эўрапейскай, але і сусьветнай літаратуры. Нямеччына дапамагла і дала прытулак нашым выдатным аўтарам – найперш Алесь Разанаву і Альгерду Бахарэвічу, там нядаўна выйшлі кніжкі Артура Клінава і Зьмітра Вішнёва. І таму ў гэтым пляне Нямеччына мае поўнае права быць ганаровым госьцем. А на выставе маю ўвагу прыцягнула кніга нямецкага гісторыка і публіцыста Увэ Рада “Галасы Панямоньня” – гісторыя і культура аднаго эўрапейскага абшару. Што ні кажыце, а заўсёды цікава, калі на тваю зямлю (а я да Панямоньня маю адносіны) глядзяць замежным вокам, на тое, што ты прызвычаіўся бачыць сваім вокам. Гэта заўсёды цікавая пэрспэктыва”.

Скобла: “Напярэдадні выставы на беларускіх інтэрнэт-форумах абмяркоўвалася ідэя байкоту выставы – на знак салідарнасьці зь пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі Ўладзімерам Някляевым, Аляксандрам Фядутам і Паўлам Севярынцам, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. Ваша стаўленьне да гэтай ідэі, якая, трэба прызнаць, не знайшла падтрымкі ў пісьменьнікаў і выдаўцоў?”

Акудовіч: “Маё стаўленьне адпачатку было адмоўнае. Я ня бачу ў гэтым аніякага сэнсу, бо любы байкот мае сэнс, калі ён мае патэнцыял падтрымкі. Што такое выстава-кірмаш? Гэта бізнэс-праект. Гэта магчымасьць для выдавецтваў зарабіць грошы, раскруціцца, пашырыць сваю вядомасьць. Дарэчы, амбасада Нямеччыны на гэты конт заявіла, што ня варта зьмешваць культуру і палітыку. Што гэта была пустая задума, сьведчыць і той факт, што падтрымаць незалежныя выдавецтвы на выставу прыйшлі Ўладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Адам Глёбус, Анатоль Вярцінскі, Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Наталка Бабіна. Гэта сьведчыць, што чыясьці прыдумка не на тую глебу трапіла. Больш за тое, мне не спадабалася, што некаторыя мае любімыя пісьменьнікі і сябры паспрабавалі заняцца на выставе палітычнымі праклямацыямі”.

Скобла: “Вы маеце на ўвазе тое, што, напрыклад, Уладзімер Арлоў падчас свайго выступу назваў прозьвішчы зьняволеных літаратараў?”
хвілінай-другой палітычнай рыторыкі гэтыя выдавецтвы, магчыма, былі падстаўленыя пад удар ...

Акудовіч: “Так, я лічу, што ён памыліўся. Тут трэба было адсланіцца ад палітыкі. Зразумейце, шэсьць незалежных выдавецтваў знайшлі грошы, каб выкупіць два мэтры пляцоўкі для сябе, каб неяк паказаць сябе ў гэтай прасторы і, магчыма, трошкі зарабіць. І вось хвілінай-другой палітычнай рыторыкі гэтыя выдавецтвы, магчыма, былі падстаўленыя пад удар”.

Скобла: “У выставе бралі ўдзел, як вы ўжо сказалі, шэсьць незалежных выдавецтваў, сярод якіх “Галіяфы”, “Лімарыюс”, выдавецтвы Зьмітра Коласа і Ігара Логвінава. Ці быў плён тут? Наколькі масавымі былі сустрэчы аўтараў з чытачамі? Ці шмат было пакупнікоў?”

Акудовіч: “Плён, бясспрэчна, быў. Кнігі куплялі, людзі падыходзілі. На кагосьці больш прыходзілі, на кагосьці – менш. Нам, беларускім літаратарам, сёньня надзвычай істотна, каб нашы незалежныя выдавецтвы пачалі на нас зарабляць грошы. Калі яны стануць багатымі, тады і нам што-небудзь перападзе”.


КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


Натальля Гардзіенка: "Уладзімер Дудзіцкі ня меў шанцаў публікавацца ў БССР"

У студзені 2011-га Беларусь магла адзначыць ягонае 100-годзьдзе. У сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе да гэтай даты магла зьявіцца вуліца ягонага імя – адначасова са школай імя Сімона Балівара ў Менску. Урэшце, гісторыкі літаратуры маглі раскрыць таямніцу ягонага зьнікненьня ў 1976-м… На жаль, нічога гэтага не адбылося. Але нешта ўсё ж адбылося – у менскім выдавецтве "Лімарыюс" выйшаў у сьвет збор твораў Уладзімера Дудзіцкага. Рэдактарка кнігі, гісторык эміграцыйнага руху Натальля Гардзіенка – наша госьця.

Міхась Скобла: “Спадарыня Натальля, у гэта нават цяжка паверыць – першая кніга паэта на радзіме выйшла толькі да ягонага 100-годзьдзя! І гэта пры тым, што першыя вершы датуюцца яшчэ 1929 годам. Як жа так сталася, што творчасьць Уладзімера Дудзіцкага так запозьнена прыйшла да чытача ў выглядзе кнігі?”

Натальля Гардзіенка
Натальля Гардзіенка
: “Сапраўды, Уладзімер Дудзіцкі пачаў друкавацца яшчэ ў тыя часы, калі працаваў стыль-рэдактарам у газэце “Савецкая Беларусь” і перакладчыкам у Навукова-тэхнічным выдавецтве ды вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага пэдагагічнага інстытута. Да пачатку 1933 году ён нават падрыхтаваў першы свой зборнік “Песьні і думы”. Аднак у тым жа 1933 годзе Дудзіцкі быў арыштаваны і пасаджаны ў “амэрыканку”. Падрыхтаваны зборнік – зьнік. Праз тры месяцы, паводле прысуду калегіі НКВД СССР, паэт быў прысуджаны да трох гадоў зьняволеньня. Адбываў пакараньне ў Навасібірску і Марыінску. Па вызваленьні жыў у Ташкенце, працаваў у газэце “Фізкультурнік Узбэкістану”. Пасьля 1937 году Дудзіцкі вярнуўся ў Беларусь, але ня ў Менск, а ў Віцебск, дзе нейкі час працаваў настаўнікам беларускай мовы. Але ў 1939-м быў адхілены ад настаўніцкай дзейнасьці, бо “не патрапіў забясьпечыць партыйнасьць у выкладаньні”... Зразумела, што такі творца наўрад ці меў шанцы быць апублікаваным у
вялікі дзякуй Аляксандру Фядуту, які ініцыяваў стварэньне кніжнай сэрыі “Галасы Айчыны”, у якой і выйшлі ў сьвет "Творы" Дудзіцкага ...
Савецкай Беларусі. Падчас Другой сусьветнай вайны паэт працаваў у “Беларускай газэце”, у Беларускім культурным згуртаваньні, займаў пасаду школьнага інспэктара ў Барысаве... Пасьля вайны, апынуўся на эміграцыі – у Венесуэле. Ёсьць зьвесткі, што ён там рыхтаваў да выданьня свае зборнікі, аднак ніводны зь іх так і не пабачыў сьвету. Толькі ў 1994 годзе намаганьнямі архівіста і літаратуразнаўцы Лявона Юрэвіча ў сэрыі БІНІМу выйшла першая кніга Дудзіцкага “Напярэймы жаданьняў”. Менавіта на гэтым выданьні і грунтуецца першы збор твораў паэта на Радзіме. Ці мог ён выйсьці раней? Пры тым стаўленьні да эміграцыйных творцаў, якое існавала, якое і цяпер яшчэ існуе ў Беларусі, зборнік Дудзіцкага мог зьявіцца толькі ў незалежным выдавецтве. І вялікі дзякуй Аляксандру Фядуту, які ініцыяваў стварэньне кніжнай сэрыі “Галасы Айчыны”, у якой і выйшлі ў сьвет "Творы" Дудзіцкага, аднаго з найлепшых паэтаў беларускай эміграцыі”.

Скобла: “Чым канкрэтна займаўся Ўладзімер Дудзіцкі ў Беларускім культурным згуртаваньні?”

Гардзіенка: “Уладзімер Дудзіцкі быў адказны за прапаганду, займаўся беларусізацыяй гарадзкога жыцьця: тэатра, школаў. Меў дачыненьне да заснаваньня часопіса “Беларуская школа”, які мусіў на нейкі час замяніць савецкія падручнікі. Увогуле, Беларускае культурнае згуртаваньне, якое ўзначальваў Аўген Калубовіч, гуртавала нацыянальную творчую эліту. У ягоны склад уваходзілі Натальля Арсеньнева, Вячаслаў Селях, Мікола Куліковіч, Антон Шукелойць, Юрка Віцьбіч. Апошні быў рэдактарам адноўленага часопіса “Узвышша”, адзіны нумар якога быў падрыхтаваны ў 1944 годзе”.

Скобла: “Калі я чытаю беларускія падакупацыйныя вершы 40-х гадоў, мне хочацца зьвярнуцца да літаратуразнаўцаў: напішыце дасьледаваньне на тэму: "Антыфашысцкія настроі ў беларускай паэзіі пад нямецкай акупацыяй”. А яны відавочныя – у творах тых жа Арсеньневай і Дудзіцкага, Алеся Салаўя… Як ва ўмовах ваеннага часу ім удаваліся іх “паэтычныя дывэрсіі”?”

Гардзіенка: “Уладзімер Дудзіцкі даволі хутка пазбавіўся ілюзіяў адносна палітыкі нямецкіх уладаў. Магчыма, гэтым і было выклікана зьяўленьне верша “Маем сілу і край свой...”, дзе былі радкі “Мы ня хочам быць белымі нэграмі”. Рэдактар “Беларускай газэты” Ўладыслаў Казлоўскі не наважыўся надрукаваць гэты верш, каб ня выклікаць абурэньня нямецкіх уладаў і закрыцьця газэты. Аднак недзе праз год, у лістападзе 1943-га, гэты верш быў выдрукаваны ў рыскім часопісе “Новы шлях”, праўда, з пазнакаю, нібыта ён быў напісаны ў 1934 годзе і скіраваны супраць бальшавіцкіх уладаў. Між іншага, пра антынямецкія настроі Дудзіцкага гаворыць і ягоны ўдзел у адным зь першых паседжаньняў пры стварэньні Беларускай незалежніцкай партыі”.

Скобла: “Сёньня ў нас шмат гаворыцца пра беларуска-венесуэльскія дачыненьні. Але шлях у Вэнэсуэлу праклаў яшчэ ў 1949 годзе Ўладзімер Дудзіцкі. У ЗША, Канадзе ці Вялікай Брытаніі існавалі па вайне беларускія асяродкі, выходзілі пэрыёдыкі. У Вэнэсуэле нічога гэтага не было. Чым жа займаўся Дудзіцкі ў гэтай паўднёва-амэрыканскай краіне?”


Гардзіенка: “Дудзіцкі выехаў у Вэнэсуэлу з Эўропы як “перамешчаная асоба”. Там ён заснаваў адзіную беларускую арганізацыю – Згуртаваньне беларусаў у Вэнэсуэле, аднак пра яе вельмі мала зьвестак, як і пра тое, хто, акрамя самога паэта, у тую арганізацыю ўваходзіў. Дудзіцкі (у Вэнэсуэле ён жыў пад прозьвішчам Гіцкі) спачатку ўладкаваўся на працу садоўнікам і спадзяваўся, што ў Вэнэсуэлу перабяруцца іншыя беларускія інтэлектуалы. Але ніхто не прыехаў. Паводле прызнаньня паэта, ён падрыхтаваў зборнік “Журботныя струны”, які таксама ня быў выдадзены, відаць, праз праблемы асабістага жыцьця”.

Скобла: “Што, і тут – шукайце жанчыну?”

Гардзіенка: “Дудзіцкі заўсёды быў ахвотны да жанчынаў, праз што і меў праблемы. Яшчэ ў акупаваным Менску ён, паводле ўспамінаў Яніны Каханоўскай, меў адразу дзьве жонкі, якія жылі на розных канцах гораду. Вось і ў Вэнэсуэле ён уцёк ад жонкі з каханкаю, з гэтай прычыны страціў даволі прыстойную працу і на некалькі гадоў парваў сувязі з суайчыньнікамі. Менавіта на той час – 1950-я гады – і прыпадае першае, гады на два, зьнікненьне паэта. Аднак Дудзіцкі меў здольнасьці прабівацца паўсюль, і праз пэўны час уладкаваўся на працу ў кіраўніцтве Экспэрымэнтальнага цэнтру сельскагаспадарчых культураў у Каракасе. Зноў наладзіў сувязі з суродзічамі, а праз іх зьявілася прапанова вярнуцца ў Эўропу і ўзначаліць беларускую службу Радыё Свабода (тады – “Вызваленьне”)”.

Скобла: “Беларускую службу радыё Дудзіцкі ўзначальваў з 1956 па 1962 год. Што можна сказаць пра гэты пэрыяд ягонага жыцьця?”

Гардзіенка: “Прапанову аб працы на радыё зрабіў Уладзімеру Дудзіцкаму Вітаўт Тумаш па ўзгадненьні з Прэзыдэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам у 1955 годзе. Нягледзячы на тыя выгоды, што ён меў у Вэнэсуэле, Дудзіцкі вырашыў перабрацца ў Мюнхен. Аднак доўга пратрымацца на гэтай пасадзе паэт ня змог. З аднаго боку, былі традыцыйныя для шмат каго з беларускіх творцаў на эміграцыі прыблемы з алькаголем, зь іншага – пачаліся праявы хваробы на манію перасьледу. У выніку, у 1962 годзе Дудзіцкі зь сям’ёй пераехаў у Нью-Ёрк, а адтуль празь нейкі час — у Індыяну, для працы выкладчыкам адной з навучальных установаў”.

Скобла: “Сваю прадмову да “Твораў” Дудзіцкага Лявон Юрэвіч заканчвае інтрыгоўным пытаньнем: “Хто ведае, можа быць, паэт яшчэ жывы?” Дык што здарылася з Дудзіцкім, куды ён прапаў?”

Гардзіенка: “Дудзіцкі бясьсьледна зьнік у 1976 годзе, і ягоная сям’я і беларуская грамада так і не даведаліся, што зь ім сталася. Хадзілі розныя чуткі. Адны лічылі, што ён добраахвотна выехаў у СССР. Аднак, улічваючы ягонае мінулае, забойства савецкімі партызанамі ягонай маці, гэты варыянт не выглядае праўдападобна. Яніна Каханоўская лічыла, што Дудзіцкі выехаў у Аргентыну, адкуль яго маглі прымусова вывезьці у СССР. Цалкам верагодна, што Дудзіцкі зьнік наўмысна, як некалі ў 1950-х, проста вырашаючы такім чынам свае сямейныя праблемы, можа, дзеля чарговай прыгожай жанчыны...”
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG