Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Грыцанаў


Аляксандар Грыцанаў
Аляксандар Грыцанаў
У ноч на 21 сакавіка пасьля цяжкай сардэчнай хваробы памёр філёзаф і публіцыст Аляксандар Грыцанаў. Яму было 52 гады.

Аляксандар Грыцанаў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 24 гады абараніў кандыдацкую дысэртацыю і стаў самым маладым у СССР кандыдатам філязофскіх навук. У розныя гады выкладаў у БДУ, Міжнародным экалягічным унівэрсытэце імя Сахарава, Усходнеэўрапейскім недзяржаўным інстытуце бізнесу і права. Быў калюмністам "Белгазеты", а таксама аўтарам тыднёвіка "Белорусы и рынок", сайту "Наше мнение".

Палітоляг Валер Карбалевіч узгадвае, што Аляксандар Грыцынаў — з тых беларускіх інтэлектуалаў, якія сталі вядомымі, зьявіліся як публічныя асобы падчас гарбачоўскай перабудовы:

Валер Карбалевіч
"Яго "філязофскія чацьвяргі" ў Палацы прафсаюзаў былі першай публічнай дыскусійнай пляцоўкай, на якую зьбіралася, так сказаць, уся перабудовачная эліта і спрачалася. І менавіта Грыцанаў быў вядоўцам гэтых "чацьвяргоў". Ён увесь час, так бы мовіць, высоўваўся, быў вельмі актыўны, друкаваўся адразу ў некалькіх выданьнях — "Белгазете" "Белорусы и рынок", на сайце "Наше мнение". Мне падавалася, калі я чытаў яго матэрыялы, што гэта ўсё ж такі не зусім газэтныя артыкулы, што яму не хапае нейкага спэцыялізаванага выданьня, дзе можна было б больш глыбока, з філязофскімі развагамі пісаць, бо газэта для яго была занадта вузкай пляцоўкай. Я думаю, сапраўды замяніць Грыцанава ў гэтым сэнсе будзе даволі цяжка".

Аляксандар Грыцанаў быў кіраўніком і галоўным навуковым рэдактарам найбуйнейшай у СНД сацыяльна-гуманітарнай энцыкляпэдычнай сэрыі (апублікавана 13 энцыкляпэдыяў і слоўнікаў) і сэрыі навуковых біяграфіяў "Мысьляры ХХ стагоддзя" (апублікавана 12 кніг). На сайце "Наше мнение" спадар Грыцанаў публікаваў рэцэнзіі на кніжныя навінкі. Узгадвае галоўны рэдактар сайту "Наше мнение" Анатоль Панькоўскі:
Аляксандар Грыцанаў быў у пэўным сэнсе героем нашага часу ...

"Аляксандар Грыцанаў быў у пэўным сэнсе героем нашага часу: ён спрабаваў спалучаць іпастасі, якія зьнешне неспалучальныя альбо спалучаюцца даволі складана. Ён перш за ўсё быў філёзаф, які цягам усяго свайго жыцьця мадэліраваў гэтую філязофскую прастору. Ён быў аўтарам фундамэнтальных кніг па філязофіі, псыхааналізе, у тым ліку аб'ёмных, грунтоўных слоўнікаў. Гэта быў адзін з маіх самых любімых аўтараў".

Былі ў пасьпяховага філёзафа і публіцыста і складаныя пэрыяды ў жыцьці: у 1990-я ён правёў пэўны час за кратамі, яго абвінавачвалі ў махлярстве.

Аглядальнік тыднёвіка "Белорусы и рынок" Канстанцін Скуратовіч быў лепшым сябрам Аляксандра Грыцанава:

Канстанцін Скуратовіч
"Цяжка, калі паміраюць людзі, цяжка, калі паміраюць блізкія людзі, вельмі цяжка, калі паміраюць сябры. Аляксандар Грыцанаў быў маім самым лепшым сябрам. 52 гады — гэта ж ня ўзрост для мужчыны, ня ўзрост для інтэлектуала. Зь яго сьмерцю, можна сказаць без перабольшваньня, скончылася эпоха ў інтэлектуальным разьвіцьці беларускай нацыі. Ён шмат што зрабіў для Беларусі. Маю на ўвазе тое асяродзьдзе інтэлектуальнае, дзе ён трымаў першынство, дзе ён быў лідэрам, у яго было шмат праектаў, у якія ён запрасіў амаль што ўсіх адметных беларускіх інтэлектуалаў. Яму трэба было жыць і жыць... І ён, на жаль, не рэалізаваў сам сябе. Вельмі шкада..."

У Аляксандра Грыцанава засталіся жонка і маленькая дачка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG