Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забарона канцэртаў цалкам арганічная для сёньняшняй улады»


За апошнія дні былі адменены 5 канцэртаў самых папулярных беларускіх гуртоў, якія трапілі ў гэтак званыя чорныя сьпісы непажаданых выканаўцаў. Наколькі заканамернымі і лягічнымі для сёньняшняй улады зьяўляюцца такія дзеяньні? Ці ўлады лічаць, што могуць ігнараваць моладзевую культуру і нэгатыўную рэакцыю прыхільнікаў гэтых гуртоў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць лідэр гурту «Крамбамбуля» Лявон Вольскі і  рэдактар інтэрнэт-праекту «Тузін гітоў» Сяргей Будкін.


Сяргей Будкін
Лявон Вольскі
Віталь Цыганкоў


«Як толькі здарыліся падзеі 19 сьнежня, я адразу сказаў, што будуць забараняцца канцэрты»


Цыганкоў: Пра што гаворыць адмена канцэртаў, зьяўленьне чорных сьпісаў? Ці можна сказаць, што гэта своеасаблівая «новая культурная палітыка» ўлады, што яна абрала менавіта такое стаўленьне (давіць і не пушчаць) да альтэрнатывай культуры?

Вольскі: У цяперашняй сыстэме каардынатаў гэтай улады нерэальна, каб былі не забароненыя канцэрты і каб па радыё гучалі нашы песьні. Як толькі здарыліся падзеі 19 сьнежня, усё стала зразумела, і я адразу сказаў, што будуць забараняцца канцэрты. Гэта цалкам арганічна для цяперашняй улады. Яны хочуць адматаць стужку назад, на сярэдзіну 2000-х. Але, на мой погляд, гэта не атрымаецца, бо зусім іншае паветра ў краіне, іншыя мазгі ў людзей.

Цыганкоў: Вы сказалі, што такія дзеяньні цалкам арганічныя для гэтай улады. Але тая ж самая ўлада, тыя ж людзі да 19 сьнежня паводзілі сябе трошкі па-іншаму — напрыклад, запрашала музыкаў да сябе, дзе сказала, што ніякіх забаронаў больш ня будзе. Гэта знакаміты паход да Праляскоўскага…

Вольскі: Тады, пасьля той сустрэчы я ўсім казаў, што ніхто ні ад чаго не гарантаваны. Бо тут усё залежыць ад таго, як зьменіцца курс. Гэта як у Савецкім Саюзе — улада адна, але ў яе бываюць розныя кампаніі. Зараз ідзе закручваньне гаек, а раней была «лібэралізацыя». Мы ж жывем фактычна ў савецкай мадэлі — то ў іх адліга, то зноў замаразкі.

Цыганкоў: Сяргей, ці можна казаць пра нейкую прадуманую палітыку, стратэгію ўлады ў дачыненьні да моладзі, да беларускага року? Ці гэта толькі рэфлекторная рэакцыя — маўляў, калі такое было 19-га, то будзем усіх шчаміць без разбору?

«Шукаць лягічнае тлумачэньне нелягічным учынкам — справа няўдзячная».


Будкін: Дзіка і глупа разважаць пра чорныя сьпісы, бо цяпер 2011 год, а не 1984-ы. І шукаць лягічнае тлумачэньне нелягічным учынкам — справа няўдзячная. Найхутчэй, гэта натуральнае чынавенскае глупства. Бо людзі, якія прымаюць такія рашэньні, жывуць ня ў той Беларусі, у якой жывуць музыкі.

Зь іншага боку, можна нават дапусьціць, што нейкая добра сплянаваная акцыя, каб адцягнуць увагу ад важнейшых праблемаў. Бо навіны пра забарону рок-канцэртаў сталі больш папулярнымі за палітычныя падзеі.

«Калі б яны пралічвалі плюсы і мінусы, то не было б падзеяў 19 сьнежня»


Цыганкоў: Лявон, ці пралічвала ўлада наступствы гэтага свайго кроку? Ці можа, улада мяркуе, што прыхільнікі гэтых гуртоў — ня тая група, на якую варта зьвяртаць увагу?

Вольскі: Ведаеце, каб яны пралічвалі плюсы і мінусы, то не было б падзеяў 19 сьнежня. Хутчэй за ўсё, каманду пра забарону давалі тыя самыя людзі, якія раней давалі каманды пра зьняцьцё ранейшай забароны. Як можна ўвогуле патрабаваць лёгікі, цьвярозага разьліку ад людзей, якія зараз выносяць такія прысуды і гэтак далей. Здаецца, усё, што зараз робіцца, накіраванае на дыскрэдытацыю гэтай улады. Так што патрабаваць лёгікі ў дачыненьні да музыкаў не выпадае — мы проста частка агульнага працэсу.

Супрацьстаяньне ўладаў з музыкамі падаграе інтарэс публікі, а таксама міжнародную ўвагу. Так што шмат каму з забароненых музыкаў такая забарона можа дапамагчы ў далейшым існаваньні як творчых асобаў.

Цыганкоў: Але раней у інтэрвію вы даволі нэгатыўна ацэньвалі папярэднюю забарону. Вы казалі, што яна паўплывала на тое, што вы сталі менш даходзіць да публікі

Вольскі: Гэта быў іншы час. Тады мы гэта надта абвострана ўспрымалі. Цяпер гэта ўжо перажытыя эмоцыі, перажытыя дэпрэсіі. Гэта рака, у якую двойчы не ўваходзіць. Зараз мы абсалютна не перажываем, мы крэатыўна мысьлім, і будзем шукаць нейкія шляхі, каб дайсьці да публікі.

«На тое, што забаронена афіцыйна, попыт узрастае ў разы».


Цыганкоў: Ці сапраўды ўладу не хвалюе гэтая частка электарату — наведнікі рок-канцэртаў, ці агульны працэс важней?

Будкін: Размова, дарэчы, ідзе ня толькі пра канцэрты, а таксама пра ратацыі на радыё і тэлеканалах, і ўзгадкі ў дзяржаўных СМІ. Калі б музыкі працавалі ў нейкіх дзяржаўных структурах, як у свой час «Палац» у Белканцэрце — то іх бы адтуль пагналі.

Невядома, ці пралічвалі чыноўнікі неяк вынікі сваіх крокаў, мне здаецца, наўрад ці. Але, сапраўды, магчымасьці адчыняюцца зусім іншыя. Тут можна ўспомніць, як прадаваўся фільм Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыя» — пад шыльдачкай «Забаронена Міністэрствам культуры». Тое, што забаронена афіцыйна, — на гэта попыт узрастае ў разы.

Але, зь іншага боку, забарона можна загнаць у кут саміх музыкаў, бо яны будуць уяўляць цікавасьць толькі пад гэтай маркай, што назіралася падчас папярэдняй забароны.

Зазначу таксама, што не хапае нейкай структуры, якая б стаяла на абароне правоў музыкаў, як той самы БАЖ для журналістаў. Патрэба нейкага незалежнага прафсаюзу музыкаў вельмі неабходная.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG