Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапытваюць дапытаных, папярэджваюць папярэджаных


Затрыманьні й допыты грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах працягваюцца. Сьледчыя КДБ часам выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя «прафіляктычныя гутаркі», але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні.

МЕНШЧЫНА


Затрымалі ля графіці «Саша, сыходзь»

Усю папярэднюю ноч правёў пад арыштам у міліцэйскім пастарунку ў Жодзіна актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў. Юнака затрымалі на вуліцы Савецкай, ля кінатэатру «Юнацтва», адна са сьцен якога размаляваная рознымі графіці, у тым ліку — «Саша, сыходзь».

Раман Васільеў удакладніў для «Свабоды», што яго затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, заламалі рукі і выклікалі патруль. Потым даставілі ў міліцэйскі пастарунак:

«Да паловы на шостую раніцы мяне дапытвалі, пасьля перамясьцілі ў спэцыяльны пакой, так званы „стакан“, дзе пратрымалі да 9 гадзіны раніцы. Затым міліцыянты павезьлі мяне разам з сабой на вобшук у кватэры. Там яны забралі два вінчэстэры з кампутара і адвезьлі мяне да ўчастковага. Пасьля — адпусьцілі».

У прэсавай службе «Маладога фронту» ў Менску начное затрыманьне актывіста Рамана Васільева не называюць выпадковым. Вядома, што ў пэрыяд падрыхтоўкі да Дня волі 25 сакавіка службы КДБ і МВД у рэгіёнах узмацнілі патруляваньне на вуліцы, дзяжураць у людных месцах і нават ля дамоў, у якіх жывуць актывісты апазыцыі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Наваградзкія актывісты лічаць, што КДБ хоча выкарыстаць іх у якасьці сьведак

У панядзелак у КДБ у Менску дапыталі чацьвёртага па ліку актывіста БХД з Наваградку — Юрыя Казака.

Наваградзкія актывісты Ўладзімер Качагур, Сяргей Ваўчок, Юры Казак і Дар’я Бахар пасьля допытаў у КДБ кажуць, што найбольш пытаньняў ім задавалі наконт маладафронтаўцаў Алеся Кіркевіча, Уладзі Яроменкі і Насты Палажанкі.

Дар’я Бахар кажа, што, зьезьдзіўшы ў Менск на допыт у КДБ, нічога не даведалася, акрамя таго, што і так відавочна:

«Ну што там казаць, яны робяць сваю працу — шыюць справы тым людзям, якія былі затрыманыя на Плошчы і зараз сядзяць у турме. Такая вось у іх праца…»

Сяргей Ваўчок, якога дапытвалі ў суботу, кажа: у яго склалася такое ўражаньне, што, магчыма, іх хочуць выкарыстаць пазьней у судзе супраць маладафронтаўцаў, зь якімі яны былі разам напярэдадні падзей на Плошчы:

У прынцыпе, ім нашы паказаньні ўжо і непатрэбныя, бо яны і так усё ведаюць.
«У прынцыпе, ім нашы паказаньні ўжо і непатрэбныя, бо яны і так усё ведаюць. Хутчэй за ўсё, яны хочуць набраць сьведак на суд супраць маладафронтаўцаў Кіркевіча, Яроменкі і Палажанкі, таму што большасьць пытаньняў тычылася іх».

Уладзімер Качагур раней распавядаў, што супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу канфіскавалі ў аднаго з маладафронтаўцаў асабісты дзёньнік, у якім той нібыта падрабязна запісваў, як разам з сябрамі рыхтаваўся да Плошчы.

Спадар Качагур кажа, што, магчыма, арыентуючыся па гэтых запісах, сьледчыя выходзяць на тых, пра каго там было напісана:

«Ці яны хочуць нас на суд запрасіць, ці яшчэ нешта — ня ведаю. Хаця, наўрад ці яны нас запросяць на суд, паколькі ведаюць пра нашы паводзіны. Напэўна, яны ўсё ж правяралі, ці ня будзем мы хавацца…»

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Выклікалі на гутарку, а правялі допыт

На Берасьцейшчыне сьледчыя КДБ і надалей выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя прафіляктычныя гутаркі, але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні.

Супрацоўнікі Баранавіцкай управы КДБ выклікалі на прафіляктычную гутарку актывістку БХД з Баранавічаў Тацьцяну Малашчанку. Яна кажа, што гутарка сталася на самой справе допытам. Сьледчы КДБ выпісаў Тацьцяне папярэджаньне:

«Найперш супрацоўніка КДБ цікавіла дзейнасьць БХД. Я так зразумела, што яны зараз шукаюць грошы. Цікавіліся, ці паступалі нейкія сродкі з-за мяжы ці, напрыклад, зь Менску. Пасьля сьледчы паказаў мне 123 артыкул Крымінальнага кодэксу і адзначыў, што мяне афіцыйна папярэджваюць аб недапушчэньні правапарушэньня. Наступным разам я ўжо буду несьці крымінальную адказнасьць. Я падпісала гэтыя дакумэнты, аб папярэджаньні».

У Баранавічах актывісты, як і раней, некалькі разоў на тыдзень наведваюць бацьку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча — Віктара Паўлавіча. Паводле слоў Віктара Сырыцы, сябра руху «За свабоду», Віктар Статкевіч атрымаў ад Мікалая Статкевіча чатыры лісты з турмы. Палітык піша толькі пра тое, што заклапочаны станам здароўя бацькі, просіць своечасова прымаць лекі, але пра сябе нічога не паведамляе. Віктар Статкевіч ведае пра суды над удзельнікамі Плошчы і пэсымістычна чакае судовага працэсу над сваім сынам, кажа Віктар Сырыца:
Праўда, гаворыць вельмі пэсымістычна, што ўжо можа і не пабачыць Мікалая.

«Ён вельмі ўважліва сочыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі Плошчы, глядзіць тэлебачаньне, слухае заўсёды Радыё Свабоду, чытае незалежныя выданьні. Увогуле ён зь вялікім хваляваньнем чакае суду над сваім сынам. Праўда, гаворыць вельмі пэсымістычна, што ўжо можа і не пабачыць Мікалая».

Мая Абромчык з Ганцавічаў, якую зьбілі міліцыянты падчас разгону Плошчы, кажа, што пракуратура нарэшце атрымала дакумэнты з судова-мэдычнай экспэртызы і на гэтым тыдні павінна быць прынята рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы аб дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі:

«Паводле слоў пракурора, у судова-мэдычнай экспэртызе напісана, што траўма мае вельмі цяжкі характар, атрымаць яе самастойна немагчыма, толькі пры дапамозе нейкай іншай асобы. Таксама напісана, што пашкоджаньні нанесеныя нейкім тупым прадметам, магчыма, што міліцэйскай дубінкай».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Першыя суды супраць папярэджаньняў КДБ пройдуць у Магілёве

Ленінскі суд Магілёва прыняў да разгляду скаргі двух актывістаў апазыцыі на абласную ўправу КДБ. Сябры стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — Тацяна Шамбалава й партыі БНФ — Зьміцер Салаўёў лічаць, што спэцслужба незаконна паставіла іх на прафіляктычны ўлік і вынесла папярэджаньні.

Былая давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Віталя Рымашэўскага, галадоўніца на Акрэсьціна Тацяна Шамбалава стаіць на прафіляктычным уліку ў КДБ ад 9 лютага. Камітэтчыкі пакаралі дзяўчыну за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі — партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Цяпер актывістка ў Польшчы. Там яна вучыцца. Вырак спэцслужбы камэнтуе гэтак:

«Два артыкулы, згаданыя ў папярэджаньні, супярэчаць і Канстытуцыі, і міжнародным пагадненьням. Таму сябе я вінаватай ні ў чым не лічу й не лічу, што мае паводзіны даюць нейкія падставы меркаваць пра тое, што я магу ў будучым зрабіць правапарушэньне».

Ускладаньне кветак для нармальных людзей ня ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку.
Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў на ўліку ў КДБ ад 5 студзеня. Гэтак ацаніла спэцслужба ягоны ўдзел у акцыях, якія, на іх думку, парушаюць грамадзкі парадак. Сярод іх, як сьцьвярджае актывіст, камітэтчыкі згадалі ўскладаньне кветак да будынка, дзе ў 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў горадзе, а таксама да Крыжа памяці ахвярам Чарнобыльскай трагедыі.

«Я ня бачу падстаў, каб лічыць сябе вінаватым. Гэта проста бязглуздыя абвінавачаньні. Ускладаньне кветак для нармальных людзей ня ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку. Я лічу, што гэта ціск на людзей, якія займаюцца палітыкай», зазначае Зьміцер Салаўёў.

Разгляд скаргаў адбудзецца 21 сакавіка. Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што зроблена гэта наўмысьля, каб расьцярушыць прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія захочуць стаць сьведкамі першых судоў над спэцслужбай:

«КДБ — дужа грозная арганізацыя. Многія яе баяцца. Упершыню на іх у Магілёўскай вобласьці пададзеныя скаргі ў суд. Будзе паказана й даказана, што яны незаконна дзейнічаюць і непісьменна. Публічна ў судзе гэта будзе зроблена. Гэта дасьць магчымасьць людзям перастаць баяцца КДБ».

ВІЦЕБШЧЫНА


Глыбоцкага актывіста папярэдзілі, каб на пікеце «ня білі шыбы»

Грамадзкі актывіст Яраслаў Берніковіч атрымаў з Глыбоцкага райвыканкаму дазвол на правядзеньне акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 19 сакавіка.

На Віцебшчыне гэта быў адзіны за апошнія тры месяцы станоўчы адказ мясцовых уладаў, да якіх з падобнымі прапановамі апазыцыянэры зьвярталіся ўжо ня менш як дзясятак разоў.

Але адразу пасьля таго, як інфармацыя пра дазвол на акцыю салідарнасьці ў Глыбокім разышлася па інтэрнэце, Яраслава Берніковіча праз тэлефон выклікалі на размову з загадчыкам ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Міхаілам Чарапкоўскім:

«Чарапкоўскі сказаў: „Пойдзем, я пазнаёмлю вас з намесьніцай“. Яна падпісвала дазвол. Паразмаўлялі з намесьніцай па сацыяльных пытаньнях спадарыняй Унуковіч. Яна прасіла, каб усё было „талерантна“ — каб не было ніякіх правакацый, біцьця шыбаў і гэтак далей».

Яраслаў Берніковіч падкрэсьлівае, што прыкладна за пяць апошніх гадоў ён упершыню атрымаў дазвол з райвыканкаму на правядзеньне акцыі «апазыцыйнага» зьместу.

Але заяўкі на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі СІЗА КДБ пасьля падзеяў 19-га сьнежня падавалі таксама актывісты зь Віцебску, Полацку і Наваполацку. Ім мясцовыя раённыя адміністрацыі і гарвыканкамы дагэтуль давалі выключна адмоўныя адказы.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дазвол на пікеты — праз суд

У Жлобіне грамадзкія актывісты рыхтуюць скаргі ў раённы суд на забарону пікетаў у падтрымку палітычных вязьняў. Чатыры пікеты былі замоўленыя на 23 лютага, але ніводнага зь іх не дазволілі.

Кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка: «Наш юрыст рыхтуе чатыры скаргі ў Жлобінскі раённы суд на парушэньне нашых правоў. Канстытуцыя й заканадаўства аб масавых мерапрыемствах дазваляюць праводзіць пікеты ў любых месцах, апрача тых, дзе гэта не дазволена з прычынаў бясьпекі. Мы меліся правесьці чатыры пікеты ў абарону палітычных вязьняў».

Забарону мясцовага выканкаму на пікеты жлобінскія заяўнікі абскарджвалі ў аблвыканкам, аднак іхнія звароты пераадрасавалі адтуль ва ўправу юстыцыі:

«Я атрымаў адказ з Гомельскага аблвыканкаму, што наша скарга накіравана ва ўправу юстыцыі. Гэта звычайная бюракратычная валакіта дзеля зацягваньня часу».

Для студэнтаў падрыхтаваны інфармацыйны бюлетэнь «Ня бойся»

У Гомелі актывісты камітэту рэпрэсаваных «Салідарнасьць» ладзяць інфармацыйныя акцыі, падчас якіх раздаюць мінакам, найперш студэнтам, інфармацыйны бюлетэнь «Ня бойся».

Удзельнік акцыі спадар Сяргей: «У гэтым бюлетэні знаходзіцца ўся інфармацыя пра палітвязьняў і памятка студэнтам, што рабіць у той сытуацыі, калі з палітычных матываў іх адлічваюць з вучобы».

Апошняя такая інфармацыйная акцыя ладзілася ў абласным цэнтры ля ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG