Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прапаноўвае Беларусі дэвальвацыю


Такая рэкамэндацыя ўтрымліваецца ў дакладзе Фонду, падрыхтаванага па выніках працы місіі МВФ 25 студзеня – 2 лютага ў Менску. Аднак беларускія ўлады адмовіліся ад прапановы, матывуючы гэта палітычнымі рызыкамі.

У дакладзе адзначаецца, што “ў кароткатэрміновай пэрспэктыве дэвальвацыя дазволіла б хутка палепшыць дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў без скарачэньня аб'ёму вытворчасьці. У больш доўгатэрміновай пэрспэктыве Беларусь выйграла б ад пераходу да больш гнуткага курсавога рэжыму... Гэта зрабіла б эканоміку больш устойлівай да вонкавых шокаў і спрыяла б падтрыманьню канкурэнтаздольнасьці”.
Дэвальвацыю беларускага рубля Фонд прапаноўваў правесьці ўжо ў 2011 годзе...


Дэвальвацыю беларускага рубля Фонд прапаноўваў правесьці ўжо ў 2011 годзе, каб “хутка скараціць дэфіцыт па рахунку бягучых апэрацыяў... асабліва ўлічваючы надзённую неабходнасьць нарошчваньня валютных рэзэрваў”. “Уладам неабходна хутка прыняць шэраг цяжкіх рашэньняў для аднаўленьня зьнешняй стабільнасьці. Афіцыйныя органы прадэманстравалі ў 2009 годзе, што яны валодаюць магчымасьцямі для адаптацыі, калі гэта ім неабходна. Аналягічная рашучасьць спатрэбіцца ў 2011 і наступных гадох”, – гаворыцца ў дакладзе.

Згодна з дакумэнтам, улады Беларусі пагадзіліся з тым, што карэктаваньне рахунку бягучых апэрацыяў востра неабходнае, бо “ўсьведамляюць рызыкі, зь якімі маюць дачыненьне”, але лічаць, што змогуць вырашыць праблему адмоўнага сальда плацежнага балянсу ў 2011 годзе з дапамогаю вонкавых пазык і продажу актываў. Апрача таго, некаторыя службовыя асобы прызналі, што “паніжаны валютны курс дапамог бы аднавіць зьнешнюю раўнавагу, але асьцерагаюцца, што дэвальвацыя падарве ўпэўненасьць у эканоміцы і аслабіць давер да іх. Яны асабліва адзначылі палітычныя цяжкасьці нават частковага згортваньня праведзенага нядаўна падвышэньня заробкаў”, – гаворыцца ў дакумэнце.

МВФ таксама рэкамэндаваў Нацбанку Беларусі ўстрымлівацца ад выкарыстаньня адміністрацыйных захадаў для абмежаваньня попыту на замежную валюту, адзначыўшы, што “такія захады могуць выкліка́ць скажэньні на валютных рынках і прыводзіць да валютных абмежаваньняў або практыкі множных абменных курсаў”. Улады заявілі, што “будуць імкнуцца не прымаць мераў, якія перашкаджаюць здольнасьці імпартэраў купляць валюту”. Аднак у выніку быў зроблены шэраг дырэктыўных захадаў з мэтаю зьніжэньня попыту на замежную валюту – забарона на набыцьцё валюты для авансавых плацяжоў па імпарце за кошт крэдытаў ад айчынных банкаў і ўвядзеньне збору на валютныя гандлёвыя апэрацыі на біржы ў памеры 2%. Пазьней Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў яшчэ больш узмацніць валютнае рэгуляваньне. Гэта ў выніку вылілася ў забарону на куплю валюты для аплаты імпартнага абсталяваньня коштам, большым за 50 тысяч эўра.
МВФ таксама рэкамэндаваў Нацбанку Беларусі ўстрымлівацца ад выкарыстаньня адміністрацыйных захадаў для абмежаваньня попыту на замежную валюту...


Разам з тым у дакладзе адзначаецца, што МВФ гатовы аказаць фінансавую падтрымку Беларусі, калі паступіць такая просьба. Аднак урад краіны павінен будзе цьвёрда выконваць узятыя абавязаньні.

У 2009 годзе МВФ даў Беларусі крэдыт па праграме stand by на 3,5 млрд даляраў. Летась беларускі ўрад разглядаў магчымасьць адкрыць новую праграму, асабліва пасьля “нафтавага шоку” з боку Расеі. Аднак у выніку было прынятае рашэньне працягнуць супрацоўніцтва з МВФ толькі ў галіне кансультацыяў і тэхнічнай падтрымкі.

У Фондзе бачаць неабходнасьць у фінансавым падтрыманьні новай праграмы, “якая ўключала б дастаткова моцнае макраэканамічнае карэктаваньне і рынкавыя структурныя рэформы”. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што “любая будучая фінансавая дамоўленасьць павінна суправаджацца цьвёрдай прыхільнасьцю правядзеньню дзейснай эканамічнай палітыкі, накіраванай на падтрыманьне стабільнасьці, і сьмелай праграмы структурных рэформаў”.

Адносна праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на пэрыяд з 2011 да 2015 году (“пяцігадовага пляну”), зацьверджанай Усебеларускім сходам, у дакладзе адзначаецца, што яна зьмяшчае некалькі мэтаў, якія супярэчаць адна адной, і “афіцыйным органам неабходна вызначыцца, які будзе іх парадак прыярытэтнасьці”.
Беларусь павінна таксама зрабіць выбар, ці будзе яна прытрымлівацца мадэлі на аснове цэнтралізаванага плянаваньня або мадэлі свабодных рынкаў...


“Беларусь павінна таксама зрабіць выбар, ці будзе яна прытрымлівацца мадэлі на аснове цэнтралізаванага плянаваньня або мадэлі свабодных рынкаў; пяцігадовы плян зьмяшчае элемэнты абодвух падыходаў. У самай бліжэйшай пэрспэктыве афіцыйным органам неабходна ліквідаваць вострыя макраэканамічныя дысбалянсы, якія ўзьніклі ў выніку правядзеньня слабой эканамічнай палітыкі ў перадвыбарчы пэрыяд і чыняць цяпер моцны ціск на рэзэрвы”, – гаворыцца ў дакладзе МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG