Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба на першае месца ставіць якасныя паказчыкі, а ня рост ВУП»


Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Старшыня праўленьня Нацыянальнага Банку Пётар Пракаповіч 22 лютага заявіў, што курс беларускага рубля сёлета ня выйдзе за межы вызначанага калідору ў 8 працэнтаў. Тым часам МВФ раіць беларускім уладам узмацніць жорсткасьць грашова-крэдытнай палітыкі і праводзіць больш гнуткую курсавую палітыку. Ці патрэбна беларускай эканоміцы стабільнасьць беларускага рубля? Ці гатовыя эканамічныя ўлады пайсьці на жорсткія фінансавыя захады? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Зьміцер Крук.

Цыганкоў: Наколькі трывожная тая тэндэнцыя, што за студзень беларускі рубель упаў амаль на 2 працэнты?

Крук: Само па сабе зьніжэньне курсу беларускага рубля не выклікала б вялікую заклапочанасьць, але ў тых умовах, якія мы маем, гэта досыць трывожная тэндэнцыя. Чаму? Цяпер курс рубля зьяўляецца вельмі важным парамэтрам для ўсёй эканомікі, і Нацбанк заяўляе, што менавіта курс ёсьць цэнтральным элемэнтам усёй манэтарнай палітыкі.

Але ж замежныя фактары, і міжнародная каньюнктура не зусім суадносяцца з намерамі Нацбанку трымаць рубель у межах заяўленага калідору. Мы бачым гэта ў скарачэньні золатавалютных рэзэрваў, росьце адмоўнага сальда гандлёвага балянсу. Таму гэтая тэндэнцыя — трывожны сыгнал таго, што бягучая макраэканамічная палітыка сустракаецца са значнымі выклікамі, і не зусім адпавядае зьнешняй макраэканамічнай сытуацыі.

Цыганкоў: МВФ раіць беларускім уладам узмацніць жорсткасьць грашова-крэдытнай палітыкі і праводзіць больш гнуткую курсавую палітыку. «Замежнае фінансаваньне небязьмежнае і залежыць ад сытуацыі на міжнародных фінансавых рынках, якія цяпер хутка зьмяняюцца», — заявіла сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна. Якія жорсткія крокі мусяць зараз зрабіць беларускія ўлады?
Cама ідэалёгія таго, што штогод трэба гнацца за пэрманэнтным ростам ВВП, сябе зжыла.


Крук: Найбольш неабходна — падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня і неабходнасьць скараціць «дырэктыўныя крэдыты», якія выдаюцца прадпрыемствам паводле загадаў ураду ці прэзыдэнта. Гэта асноўны чыньнік, які падбухторвае ўнутраны попыт і стымулюе штучнае падвышэньне ВУП. Гэта тое, за кошт чаго можна павялічваць жорсткасьць манэтарнай палітыкі, тое, што і мела на ўвазе спадарыня Калядзіна.

Палітыка штучнага разагрэву эканомікі нясе за сабой усе тыя праблемы, пра якія мы казалі раней.

Цыганкоў: Але гэта можа прывесьці да зьмяншэньня росту ВУП, ці зьніжэньня эканамічнага росту. Аднак гэта галоўны прыярытэт эканамічнай палітыкі ўладаў.

Крук: Пасьля разгону росту ВУП летась, на мой погляд, прыйшоў час забыцца на колькасныя паказчыкі, і на першае месца ставіць якасныя паказчыкі, а ня валавыя. На мой погляд, сама ідэалёгія таго, што штогод трэба гнацца за пэрманэнтным ростам ВВП, сябе зжыла. Трэба пераходзіць да больш якасных паказьнікаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG