Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бандарэнка: Тое, што ўчынілі з нашымі роднымі — гэта злачынства


Брытанская юрыдычная фірма H2О Law абвясьціла, што рыхтуецца ініцыяваць прыватнае судовае расьсьледаваньне адносна прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Юрысты спадзяюцца, што прыватнае абвінавачаньне прывядзе да выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі. Падставай для пачатку справы сталі арышты кандыдатаў у прэзыдэнты і соцень дэманстрантаў, а таксама сьведчаньні вязьняў пра катаваньні. Асабліва заява экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча. Як ставяцца да ініцыятывы брытанскіх юрыстаў у Беларусі?

Паводле міжнародных дамоваў, за ўжываньне катаваньняў існуюць працэдуры прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. Гэта так званая ўнівэрсальная крымінальная юрысдыкцыя. Яна дазваляе краінам незалежна ад таго, дзе ўчыняліся міжнародныя злачынствы, зьвязаныя зь бесчалавечным стаўленьнем да людзей, разглядаць іх у нацыянальных судах. У Вялікай Брытаніі адмысловыя грамадзкія аб’яднаньні і адвакаты ўжо выкарыстоўвалі для гэтага юрысдыкцыю сваёй краіны.

Праваабаронца Гары Паганяйла згадвае, што менавіта ў Лёндане адбываліся першыя судовыя слуханьні па справе Піначэта, якога арыштавалі на падставе рашэньня суду ў Гішпаніі:

«Пры наяўнасьці доказаў учыненых Лукашэнкам злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы ад выкраданьня і магчымых пазасудовых пакараньняў сваіх палітычных апанэнтаў у 1999-2000 гадах, а таксама шэрагу іншых доказных абвінавачваньняў, у прыватнасьці катаваньняў удзельнікаў падзей 19 сьнежня, — такія працэдуры могуць вылучацца і забясьпечвацца. Калі ангельскія юрысты, адвакаты прыйдуць да такой высновы і адпаведную скаргу накіруюць у суд, то ён будзе разглядаць».

Брытанскія юрысты маюць намер перасьледаваць Лукашэнку ад імя ягоных ахвяраў. Былы кандыдат на прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, які выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, ухваляе ініцыятыву брытанскіх юрыстаў:
Выкарыстоўваць любыя мірныя, негвалтоўныя спробы, каб спыніць катаваньні і вызваліць палітвязьняў, гэта вельмі добра і пазытыўна.

«Вельмі прыемна, што юрысты з розных краін займаюцца гэтым пытаньнем. Спадзяюся, што скаргі пададзеныя будуць на больш высокім юрыдычным узроўні. Прыемна, што задзейнічаны мэханізм ААН, ня толькі ўпаўнаважанага па катаваньнях, але і ёсьць зварот у Раду бясьпекі ААН. Ну, а далей будзем глядзець. Я пакуль не да канца разумею прававы мэханізм, які будзе выкарыстоўвацца. Але выкарыстоўваць любыя мірныя, негвалтоўныя спробы, каб спыніць катаваньні і вызваліць палітвязьняў, гэта вельмі добра і пазытыўна».

Жонка зьняволенага Дзьмітрыя Бандарэнкі Вольга вітае любыя крокі, якія могуць вызваліць палітвязьняў:

«Тое, што ўчынілі з нашымі роднымі — гэта злачынства. Не яны зрабілі злачынства, а тое, што робяць зь імі. Таму я вельмі станоўча да гэтага стаўлюся. Калі юрысты гэтую справу пачалі, то ў іх ёсьць нейкая надзея. Будзем чакаць добрых, станоўчых вынікаў. Зьвярнуліся да іх сваякі: сястра Саньнікава, дачка Някляева, дачка Статкевіча, сястра Міхалевіча, наколькі я ведаю».

Праваабаронца Алег Воўчак адзначае, што да ініцыятывы ў Вялікабрытаніі падключыліся вядомыя адвакаты, якія маюць міжнародны вопыт працы:

«Натуральна, усе гэтыя катаваньні, зьдзекі яны зьбіралі, вялі маніторынг. Некалькі сустрэчаў было са сваякамі Андрэя Саньнікава і іншых палітвязьняў. Я думаю, заява юрыстаў не галаслоўная і яны маюць вопыт па такой катэгорыі спраў. У заканадаўстве ёсьць мэханізмы пачаць такі працэс. Гэта адна з формаў абароны правоў: калі нацыянальнае заканадаўства не дазваляе ахвярам абараніць сябе, то дзейнічае міжнароднае заканадаўства. Я ня ведаю, як яны будуць будаваць сам зьмест, але падставы, я думаю, у іх ёсьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG