Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію Лукашэнкі Washington post — чаго не заўважыла БелТА


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Сёньня дзяржаўнае агенцтва БелТА надрукавала вытрымкі з інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі амэрыканскай газэце «Вашынгтон пост» (арыгінал — тут). Аналіз двух гэтых тэкстаў дазваляе адзначыць, што дзяржаўнае агенцтва перадрукавала далёка ня ўсё выказваньні кіраўніка дзяржавы.

Напрыклад, гаворачы пра выказваньні кандыдатаў у прэзыдэнты падчас выбарчай кампаніі, Лукашэнка заяўляе: «Пытаньне ў тым, што кандыдаты казалі. Яны казалі, што Лукашэнку трэба павесіць».

Падчас дыялёгу аўтара інтэрвію Лэлі Ўэймэт зь беларускім кіраўніком журналістка пытаецца пра пару зьняволеных, у якіх ёсьць трохгадовы сын. Лукашэнка кажа, што ня ведае такіх выпадкаў, і перапытваецца ў журналісткі, пра каго ідзе размова. Уэймэт адказвае, што пра Халіп і Саньнікава. Лукашэнка на гэта кажа, што праверыць гэтую інфармацыю.

Калі размова заходзіць пра рэгістрацыю грамадзскіх аб’яднаньняў, Лукашэнка заяўляе, што ніякіх праблемаў тут няма.

«Гэта няпраўда. Як наконт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі?» — пытаецца Уэймэт.

«У Беларусі Хрысьціянская дэмакратыя, можа, ніколі ня будзе зарэгістраваная. Яны ўдзельнічалі ў бунце. Яны не хрысьціянскія дэмакраты, яны бандыты», — адказае Лукашэнка.

Ёсьць яшчэ некалькі момантаў, якія ня трапілі ў варыянт БелТА. На пытаньне «чаму вы выгналі амэрыканскага амбасадара ў 2008 годзе?» Лукашэнка адказвае: «Навошта нам патрэбны амбасадар, які арганізуе дзеяньні пятай калёны?»

І нарэшце, выказваньні Лукашэнкі пра прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, аднаго зь нямногіх кіраўнікоў дзяржаў, хто павіншаваў Лукашэнку зь «перамогай» пасьля 19 сьнежня. Разьвіваючы тэму пра двайныя стандарты ЗША, Лукашэнка кажа: «Нядаўна ў Грузіі прэзыдэнт Саакашвілі падавіў самым брутальным чынам маніфэстацыю апазыцыі. Але вы працягвае мець справу зь ім? Чаму? Бо Саакашвілі ваш сукін сын».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG