Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэнаў на харчы – клопат спажыўцоў і ўладароў


На першы погляд няшмат што лучыць рэвалюцыю ў Эгіпце, барацьбу з засухаю ў Кітаі або палітычную кампанію ў Пакістане. Выяўляецца, аднак, што ўсё названае мае нешта агульнае, а менавіта рэзкі скачок сусьветных цэнаў на харчаваньне – піша аглядальнік нашага радыё Крыстыян Кэрыл.

Цэны на прадукты ўзьляцелі на ровень, апошні раз фіксаваны ў 2008 годзе. Калі цяперашняя тэндэнцыя росту захаваецца, нямала хто з сучасных спажыўцоў пачне ўспамінаць ранейшы час з настальгіяй. Наступствам росту цэнаў робіцца палітычная нестабільнасьць. Экспэрты пагаджаюцца, што падвышэньне цэнаў на прадукты ў краінах накшталт Эгіпту, дзе сярэднестатыстычны жыхар траціць на ежу блізка 40 працэнтаў свайго заробку, сталася асноўным фактарам палітычных забурэньняў.

“Цэны на прадукты знаходзяцца на небясьпечным роўні”


Сусьветны банк нядаўна абнародаваў зьвесткі, зь якіх вынікае, што зь леташняга чэрвеня высокія цэны на харчы прычыніліся ў розных краінах да згаленьня 44 мільёнаў людзей. “Цэны на прадукты знаходзяцца на небясьпечным роўні”, – перасьцерагае прэзыдэнт Сусьветнага банку Робэрт Зэлік.

У сёньняшнім сьвеце ўзаемазьвязаных рынкаў праблема ў адным месцы шпарка адгукаецца ў другім. Ворныя землі ў Расеі, што зьяўляецца адной з асноўных вытворцаў пшаніцы ў сьвеце, былі значна пашкоджаныя леташнімі рэкорднымі пажарамі. Ураджай пшаніцы ва Ўкраіне, таксама пацярпелай летась ад сьпякоты, упаў на 15 працэнтаў. Абедзьве краіны адрэагавалі на сытуацыю ўвядзеньнем забароны на экспарт пшаніцы, а гэта толькі абвастрыла нястачу гэтага прадукту на рынках. У выніку сусьветныя цэны на пшаніцу за пэрыяд з чэрвеня 2010 году да студзеня 2011-га вырасьлі ўдвая. Згодна зь зьвесткамі Сусьветнага банку, за апошнія шэсьць месяцаў пшаніца падаражэла ў Кіргізстане на 54%, у Банглядэш на 45% і Манголіі на 33%.

Рост попыту на прадукты зьвязаны з разрастаньнем сярэдняй клясы


Як звычайна, найбяднейшыя зь бедных – тыя, што трацяць большую частку сваіх даходаў на харчаваньне, – цярпяць ад росту цэнаў найболей. Урады ўва ўсім сьвеце спрабуюць падтрымаць зьбяднелых датацыямі. Але такой дапамогі, як правіла, не стае. У Пакістане, да прыкладу, дафінансоўваныя ўладамі прадукты, што пастаўляюцца ў адмысловыя “танныя крамы”, разыходзяцца імгненна, ледзьве пасьпеўшы зьявіцца ў продажы.

Імклівы рост попыту ў сьвеце на прадукты харчаваньня зьвязаны сярод іншага і з разрастаньнем сярэдняй клясы ў такіх краінах, як Кітай і Індыя. Пры гэтым колькасьць земляў, адводжаных пад збожжавыя культуры, застаецца нязьменнай, не даюць належнага плёну й высілкі для павышэньня сельскагаспадарчай прадукцыйнасьці.

Зацяжныя наступствы фінансавага крызісу ўскладняюць дапамогу


Харчовы крызіс у сьвеце нясе нямала пабочных эфэктаў. Прэзыдэнт Інданэзіі ня так даўно скарыстоўваў выступы, каб заахвоціць суайчыньнікаў гадаваць чылійскі перац на сваіх падворках. Ірацкі ўрад перагледзеў пляны куплі новых самалётаў-зьнішчальнікаў, пастанавіўшы пусьціць грошы на павелічэньне запасаў збожжа. На тэрыторыях, спустошаных леташняй катастрафічнай паводкаю, пакістанскія палітыкі раздавалі разам з агітацыйнымі матэрыяламі пакункі з насеньнем.

Зацяжныя наступствы фінансавага крызісу ўскладняюць дапамогу тым, хто ў ёй найперш мае патрэбу. У 2009-м лідэры “вялікай дваццаткі” заснавалі Сусьветную праграму харчовай бясьпекі – амбітны праект для дапамогі найбяднейшым краінам. Аднак дасюль на рэалізацыю гэтай праграмы была выдзеленая толькі малая доля з дакляраваных сродкаў.

Кітай, Індыя і Бразылія істотна пашырылі ўкладаньні ў сельскую гаспадарку


Спэцыялісты падкрэсьліваюць: для глябальнага вырашэньня харчовага крызісу краіны сьвету павінны ўкладаць грошы ў павышэньне сельскагаспадарчай прадукцыйнасьці. Для вырашэньня крызісу таксама неабходна палепшыць прагназаваньне надвор’я і абмен інфармацыяй аб харчовых рэсурсах.

Тым часам ужо ёсьць абнадзейлівыя знакі. Цэны на кукурузу і рыс – найважнейшыя прадукты ў Афрыцы і Азіі – дасюль застаюцца адносна стабільныя – часткова таму, што ўвесь апошні час асноўныя экспартэры, такія як Віетнам і Тайлянд, устрымліваюцца ад увядзеньня забароны на іх экспарт. Шэраг краінаў, у прыватнасьці Кітай, Індыя і Бразылія, істотна пашырылі ўкладаньні ў сельскую гаспадарку. Гэта, згаджаюцца спэцыялісты, ня можа не прынесьці пазытыўных зьменаў ужо ў найбліжэйшыя гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG